У сераду жыхары вуліцы Маркса, якіх зьбіраюцца адсяляць з кватэраў, сустракаліся з прадстаўнікамі улады.

Сустрэча была вельмі эмацыйная. Чаму пад выглядам стварэньня пешаходнай вуліцы ўлады вырашылі адсяліць людзей? Навошта праз два гады пасьля капрэмонту знасіць адзін з дамоў і на яго месцы будаваць аўтастаянку? Чаму ўлады ня зладзілі шырокае абмеркаваньне праекту з насельніцтвам?

Усе адказы чыноўнікаў -- а былі намесьнік кіраўніка адміністрацыі Ленінскага раёну Аляксандар Красуцкі, архітэктар «Менскпраекту» Мікалай Рыбнікаў, дырэктар УКБ Ленінскага раёну Леанід Казакоўскі і кіраўнік упраўленьня камітэту архітэктуры сп. Андрончык -- зводзіліся да аднаго: канцэпцыя перабудовы яшчэ не зацьверджана, усё знаходзіцца на стадыі абмеркаваньня. Тое самае яны казалі падчас суботняга мітынгу. Аднак жыхары былі ўзброеныя дакумэнтамі, якія сьведчаць, што падпісаныя ўжо графікі адсяленьня і перабудовы вуліцы з жылой у грамадзкую.

На гэта сп.Рыбнікаў заявіў, што жыць у гэтых дамах нельга па санітарных і пажарных нормах. Заля абсьвістала яго, людзі закрычалі: «Няпраўда! Ганьба! Жыць нельга, а будаваць гатэлі можна?! Рамантуйце, а не высяляйце!»

У Аляксандра Красуцкага запыталі: а што ж рабіць тым, хто стаіць у чарзе на кватэры? Выходзіць, што замест іх у панэльныя будынкі пераселяць людзей з цэнтру? У адказ чыноўнік пакляўся, што бароніць правы менчукоў, і калі людзі супраць высяленьня, то яно не адбудзецца. А Леанід Казакоўскі, камэнтуючы сытуацыю, сказаў карэспандэнту «НН» супрацьлеглае: «Калі трэба будзе перабудаваць раён, то можна выселіць людзей і праз суд».

Вынікам абмеркаваньня стала стварэньне ініцыятыўнай групы жыхароў, якая будзе займацца перамовамі з уладай. Сход прагаласаваў супраць адсяленьня, але выказаўся за стварэньне пешаходнай вуліцы. Штопраўда, удзельнкі самі разумелі, што сутнасьць тае «пешаходнае зоны» ў стварэньні аб'ектаў, якія прыносяць прыбытак. А ствараць іх няма болей дзе, апроч як у іх кватэрах або на месцы іх дамоў.

«Я жыву тут усё жыцьцё, -- кажа пэнсіянэрка Галіна. -- Кватэру для ўнукаў берагла, адзінае, што засталося. Чаму яны робяць тут усе гэтыя гатэлі і казіно? Хіба не хапае пустых месцаў па Менску? Хочуць тут зрабіць Лас-Вегас для Масквы, нас выкінуць, а сабе грошай хапануць».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?