Сябры зрабілі сэрыю малюнкаў пра Андрэя Кіма. Каля пятнаццаці маляваных гісторыяў расказваюць, хто такі Андрэй Кім. Гумар ды іронія, якія прысутнічаюць у коміксах пра зьняволенага чалавека, могуць здзівіць і гарантавана прыцягнуць увагу.

«Мы вырашылі не абмяжоўвацца звычайным фарматам акцыяў, каб вызваліць Андрэя, ‑‑ кажа яго сябра Андрэй Мінскевіч. ‑‑ Была дзейнасьць наконт прызнаньня Кіма вязьнем сумленьня, юрыдычная дапамога, пікеты, графіці… Не хапала чагосьці яскравага».

Мастак, неабыякавы да палітвязьняў Беларусі, знайшоўся ў Маскве. Ідэі для малюнкаў агульныя.

«У коміксах мы абыгрываем некаторыя асабістыя рысы Андрэя, тое, чым ён займаўся на свабодзе, дзе ён зараз. Навошта мы гэта робім? Каб прыцягнуць увагу да Андрэя Кіма, распавесьці людзям, хто цяпер сядзіць на Валадарцы. Бо Андрэй не хуліган, а пазытыўны чалавек»,‑ кажа Валянціна Чубарава, сяброўка А. Кіма.

Нагадаем, што крымінальная справа на Андрэя Кіма была заведзеная паводле арт. 364 КК РБ («гвалт, альбо пагроза гвалту ў адносінах да работніка міліцыі»). Нібыта Андрэй Кім падчас мітынгу прадпрымальнікаў 21 студзеня ўдарыў супрацоўніка ДАІ кулаком у твар і расьсек таму брыво да крыві. Андрэю Кіму пагражае да шасьці гадоў пазбаўленьня волі.

Андрэй азнаёміўся з матэрыяламі справы, і неўзабаве яна будзе перададзена ў суд.

Яраслаў Сьцешык

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0