Невялічкая вёска пад Горадняй дала свету трох удзельнікаў Кастрычніцкага перавароту і галоўнакамандуючага збройных сілаў БНР падчас Слуцкага паўстання Андрэя Якубецкага.

Андрэй Якубецкі і Кузьма Цярэшчанка,восень 1920

Андрэй Якубецкі і Кузьма Цярэшчанка,
восень 1920

Калі ўзіраешся ў чорна-белыя абліччы з ілюстраванага дадатка да зборніка «Слуцкі Збройны Чын», цяжка абмінуць суворы погляд чалавека ў вайсковым шынялі без знакаў адрознення ды ў светлай папасе. Твар скуласты, напяты, зубы сціснутыя. Гэта восень 1920-га. Праз пару старонак яшчэ адно фота таго ж чалавека — у пінжаку з мятлікам, лёгкай усмешкай на твары, побач — жонка Ніна. Гэта ўжо 1931 год, Дзвінск.

Андрэй Якубецкі з жонкай Нінай, 1931 г.

Андрэй Якубецкі з жонкай Нінай, 1931 г.

На гэтым, бадай, усё. Іншыя выявы Андрэя Якубецкага, прынамсі ў публічным доступе, невядомыя. Пры тым, што Якубецкі — старшыня Беларускай Вайсковай Камісіі, галоўнакамандуючы збройных сілаў Беларускай Народнай Рэспублікі падчас Слуцкага паўстання, камандзір Першай Слуцкай брыгады… Асоба ўзроўню Кастуся Езавітава.

Паходзіў Якубецкі з Сухмянёў, што пад Горадняй. Сказана — зроблена, едзем…

На ўездзе ў вёску стары мураваны крыж з агароджай 1910 года. Крыжы ў такой стылістыцы — каталіцкая традыцыя, але рэгіён памежны, таму анічога дзіўнага тут няма. Праз пару хатаў спыняемся каля плота, за якім бабулька абрабляе бульбу. Пытаемся, ці засталіся ў вёсцы Якубецкія.

— Не жывуць ужо, была хата, але згарэла. Толькі грушкі, што пры ёй раслі, засталіся.

Мікалай Антонавіч і Надзея Іосіфаўна

Мікалай Антонавіч і Надзея Іосіфаўна

Няўцешны адказ тым не менш не спыняе — трэба шукаць. Едзем далей. Наступны суразмоўца выявіўся гараджанінам, які набыў сабе хату ў якасці дачы. Пытаемся ў яго пра старажылаў. Вусаты дзядзька скіроўвае нас да 82-гадовай Надзеі Іосіфаўны. Яна — найстарэйшая жыхарка Сухмянёў. Бабулька пасля пытанняў пра Якубецкіх відавочна губляецца, на дапамогу ёй прыходзіць крыху маладзейшы Мікалай Сколыш.

— Якубецкая — дзявочае прозвішча маёй маці, — распавядае Мікалай Антонавіч. — Цяпер Якубецкіх у вёсцы не засталося, а раней былі, так.

Спадар Мікалай цікавіцца, хто такі Андрэй Якубецкі (па вымове старога — «А-кубецкі»), пасля чаго распавядае, што вёска вядомая зусім іншымі «героямі»: тры ўраджэнцы Сухмянёў бралі ўдзел у Кастрычніцкіх падзеях 1917-га…

— У Саюзе пасля рэвалюцыі яны займалі высокія пасады. Ваўрэнік быў дырэктарам мэблевай фабрыкі. А вось Ашурка ўжо пасля сюды прыехаў і …пасадзіў старшыню калгаса. Тры гады далі. І Макарэвіч, які служыў на «Аўроры», у канцы жыцця вярнуўся і тут дажываў.

— Дык у вас вёска рэвалюцыйная…

— Гэта пераварот! Якая там рэвалюцыя… — уздыхае стары. — Бальшавікі забралі ўладу, і ўсё…

У Сухмянях жыло некалькі сем’яў з прозвішчам Якубецкія, усе сваякі. Але цяпер прамых нашчадкаў з іх прозвішчам не засталося. Пры канцы Мікалай Антонавіч раіць паглядзець хату, дзе жыў нехта з Якубецкіх, а таксама заехаць на старыя парафіяльныя могілкі ў Капцёўку, дзе могуць быць пахаваныя прадстаўнікі роду.

Хата, у якой некалі жылі Якубецкія, а цяпер — зусім іншыя людзі

Хата, у якой некалі жылі Якубецкія, а цяпер — зусім іншыя людзі

Капцёўка зусім побач. Калі выязджаеш з Сухмянёў, з-за шапкі лесу бачны купал капцёўскага касцёла, які стаіць на ўзгорку. У мястэчку здаўна жылі разам прыхаджане дзвюх канфесій, цяпер ксёндз сабраў побач з касцёлам цікавую калекцыю старадаўніх каменных надмагілляў са знакамі, але гэтым разам нам трэба праваслаўныя могілкі побач з царквой-мураўёўкай.

Знайсці Якубецкіх тут не так і проста. Іх пахаванні ў дальнім канцы могілак, зарослыя маладымі клёнамі. За агароджай пазначаныя тры магілы: бетонны паваенны помнік з двума партрэтамі-медальёнамі (тут пахаваны малодшы брат Андрэя — Міхаіл), павалены чорны металічны крыж і гранітны камень з распяццем зверху. На камені — надпіс па-беларуску. Пад ім пахаваны Павал Якубецкі — бацька Андрэя.

Пра Паўла Якубецкага вядома няшмат. У пачатку 1919 года ён быў сябрам Арганізацыйнага камітэта па скліканні беларускага краёвага з’езда Гарадзеншчыны. Летам 1920-га — інструктар Гарадзенскага Беларускага Нацыянальнага Камітэта, вясной 1922-га — сябра Гарадзенскага беларускага паўстанцкага акруговага штаба… Вядома, што Павал знаходзіўся пад пільным наглядам польскай дэфензівы, шмат у чым праз сына, які паспеў адседзець за беларускую справу і ў польскай, і ў латышскай турме.

Бацька галоўнакамандуючага БНР, згодна з надпісам на помніку, пражыў 72 гады і адышоў у 1934-м. Пра лёс брата Міхаіла, пахаванага тут жа, невядома анічога. Ад Андрэя ж не засталося і магілы. І абставіны яго смерці дагэтуль таямніца. След губляецца недзе ў 1944-м у Дзвінску, дзе Якубецкі займаўся разам з Езавітавым беларускімі справамі.

У Якубецкага з Езавітавым наогул шмат падобнага. Абодва прайшлі школу Першай сусветнай вайны, абодва заангажаваліся па поўнай у справу арганізацыі войска БНР, абодва з’ехалі ў Латвію, дзе мелі канфлікты з уладамі праз беларускую нацыянальную дзейнасць, абодвух палякі лічылі «савецкімі агентамі», абодва актыўна не ўлазілі ў справы стварэння беларускіх частак пры немцах падчас Другой сусветнай… Нават знешне яны былі падобныя: шырокі вуглаваты твар, моцнае падбароддзе, глыбока пасаджаныя вочы…

Лічыцца, што Кастуся Езавітава ў палаючым Берліне арыштавалі байцы СМЕРШу праз здраду ад’ютанта. Куды знік Якубецкі — невядома. Але наіўна меркаваць, што ён не ўяўляў цікавасці для савецкіх спецслужбаў — нават у святле «старых грахоў» часоў грамадзянскай вайны.

Цікава, што на капцёўскіх могілках трапляюцца і іншыя старыя пахаванні з беларускамоўнымі подпісамі. Напрыклад, гранітны камень з неахайна падведзеным надпісам на магіле Язэпа Шышлюка, памерлага ў 1931 годзе. Шышлюк быў мясцовым настаўнікам, таксама ўраджэнцам Сухмянёў, сябрам ТБШ у бурлівыя для Заходняй Беларусі 1920-я. У архівах польскай паліцыі ён характарызуецца як «…радыкальны дзеяч на культурна-асветніцкім грунце».

Калі прагуляцца крыху ў бок касцёла па тых жа праваслаўных могілках, можна натрапіць і яшчэ на адну цікавую магілу. Пахаванне паваеннае, 1961 года, але подпіс і нават эпітафія — беларускамоўныя. Нашчадкі, імаверна дзеці, змясцілі наіўны і адначасна кранальны верш:

«Салавейка на магілку
Нашай мамкі прылятай
Сваёй песенькай вясёлай
Нашу мамку пабуджай…»

Ці мела пахаваная тут жанчына, Ганна Куліпа, нейкія адносіны да беларускага руху? Сказаць складана. Мажліва, беларускамоўныя надпісы на магілах вяскоўцаў — плён руплівай працы ў міжваенны перыяд таго ж настаўніка Язэпа Шышлюка.

Ад’язджаем з Капцёўкі праз незвычайную алею з тоўстых соснаў. На выездзе ў бок Горадні — два крыжы, праваслаўны і каталіцкі. Адзін з іх на пачатку лета знявечылі вандалы, а сярод мясцовых пачалі гуляць чуткі, што гэта справа рук міфічных «бандэраўцаў»… ТВ працуе, што тут дадаць.

Ведалі б такія Якубецкія ды Шашлюкі, каго іх землякі звінавацяць ва ўсіх смяротных грахах менш як за стагоддзе. Можа, таму і з «герояў» мясцовыя памятаюць адно бальшавікоў з «Аўроры». Таму і магіла Паўла стаіць зарослая маладымі клёнамі, якія з часам, набраўшы сілы, вывернуць гранітны камень ды знявечаць агароджу… Тым не менш у такія месцы варта вяртацца. Наступным разам — з сякерай, пэндзлем ды залатой фарбай.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?