Лёсы паэткі Натальлі Арсеньневай ды яе мужа, творца беларускіх вайсковых частак Франца Кушаля, апісаны падрабязна. Аднак аб жыцьцёвым шляху самага блізкага ім чалавека — адзінага, што застаўся ў жывых, сына Ўладзімера — невядома амаль нічога. Кушаль-малодшы цесных стасункаў зь беларускай эміграцыяй у ЗША ня меў. 47 гадоў ён жыве ў тым самым доме ў Рочэстэры (штат Нью-Ёрк), дзе апошнія дні правяла матка.

Заходнебеларуская ідылія і казахская высылка

«Нарадзіўся я ў 1926 г. у Хэлмне (Польшча), дзе ў той час служыў бацька. Але яркія дзіцячыя ўспаміны зьвязаны з валожынскай вёскай Доры, дзе ўлетку мы гасьцявалі ў майго дзеда, Вінцэнта Кушаля. У параўнаньні з сучаснымі мітусьлівымі гарадамі гэта быў рай. Гулялі сабе вольна, нічога не баяліся, ні аб чым не клапаціліся — цудоўныя былі часы. Дзед, чалавек строгі, меў у сям’і вялікую пашану: мы, дзеці, пры сустрэчы цалавалі яму руку.

Калі нас арыштавалі, мы з маці жылі ў Вялейцы (бацька быў інтэрнаваны). 13 красавіка 1940 г. з братам Яраславам пайшлі на заняткі. Раптам выклікаюць у кабінэт дырэктара, дзе нас чакае чырвонаармеец зь вінтоўкай. Павялі дахаты. Маці горка плакала, прыгаворваючы, што нас кудысьці вывозяць.

Цягніком цераз Расею даехалі ажно да Казахстану. Давезьлі да нейкага калгасу, выкінулі сярод стэпу і сказалі: «Жывіце тут як хочаце, але ў калгас мы вас не прымаем». Неяк пражылі год. Дзякуй сялянам, якія давалі магчымасьць падзарабіць на баку, каб не парушыць законаў. Мама бедавала, а мы нават у такіх антычалавечых умовах знаходзілі сабе забавы: выходзілі ў стэп і лавілі там сусьлікаў.

Аб вяртаньні нашае сям’і на Радзіму прасілі Купала з Коласам. Праяжджалі празь Сібір — галеча страшэнная, станцыі пустыя. Прыехалі ў Доры, але там усё зьмянілася: стваралі калгасы, захварэў дзед, а тут новая бяда — акупацыя. Хоць наш дзіцячы розум спачатку не заўважаў у вайне нечага жудаснага. Думалі, што ўсё гэта хутка скончыцца.

Брата забілі падпольшчыкі

Неяк да бацькі прыехалі двое знаёмых ды расказалі, што ў Менску пачынаецца беларуская справа. Роздуму не было: хуценька сабраліся, селі ў самаход — і ў сталіцу. Бацька хацеў, каб мы далей вучыліся. Паколькі сярэднія школы былі пад забаронай, ён наняў хатняга настаўніка. Але чалавека гэтага кудысьці забралі, і мы мусілі шукаць сабе іншы занятак. Я пайшоў працаваць у «Беларускую газэту», Яраслаў паступіў у фэльчарскую школу.

Амаль увесь цэнтар сталіцы ляжаў у руінах, горад быў шэрым, няветлівым. Было небясьпечна. Загінуў Яраслаў. Здарылася гэта 22 чэрвэня 1943 г. у гарадзкім тэатры, дзе падпольшчыкі падклалі бомбу.

На пачатку вайны простыя людзі яшчэ не былі апанаваныя вялікім страхам. Наадварот, шмат хто зь менчукоў, нацярпеўшыся ад Саветаў, быў задаволены зьменай улады. Аднак потым у Менску арганізавалі гета, пачаліся жорсткія рэпрэсіі супраць тых, хто падазраваўся ў сувязях з партызанамі. Стала небясьпечна выяжджаць за межы гораду — на вёсцы панавалі тыя ж партызаны.

Немцы ў рэдакцыю не заходзілі

Немцам было напляваць на беларускі нацыянальны рух і чым займаюцца іх будучыя рабы. Беларусы ўсё рабілі самі. Я таксама варыўся ў гэтым катле, аднак мой пэрсанальны ўнёсак у беларускую справу невялікі. У «Беларускай газэце» быў тэхнічным супрацоўнікам. Задача — даставіць макет газэты ў Дом друку, які месьціўся на самым ускрайку Менску, у варшаўскім напрамку ля могілак. Штотыдзень праходзіў пехатою праз увесь горад, і толькі ў апошні год свайго панаваньня немцы пусьцілі трамваі.

Фармальна функцыі галоўнага рэдактара выконваў Уладзіслаў Казлоўскі, які і насіў артыкулы ў нямецкую камэндатуру, быццам спрачаўся зь яе чыноўнікамі. Але сапраўдны рэдактар — Антон Адамовіч — лічыў, што Казлоўскі зьвязваецца зь немцамі, і часта зь ім з гэтай прычыны сварыўся. Той адказваў, што перад цэнзурай бясьсільны.

Рэдакцыя наша месьцілася на вуліцы Інтэрнацыянальнай, каля касьцёлу. Насупраць быў будынак радыё. Рэдакцыя «Беларускай газэты» была цэнтрам беларускасьці ў Менску, да нас часта заходзілі людзі, якія прыяжджалі з правінцыі. Немцы ж у пакоі рэдакцыі не заходзілі ніколі, зь імі газэта сутыкалася толькі на апошнім этапе — пры цэнзуры.

Наіўныя спадзевы

Ад Кубэ ў Беларусі мала што залежала. Усім запраўлялі войска ды СС, а ён вельмі злаваў, калі нешта рабілася безь яго ўказаў. Акружыўся мясцовымі дзяўчатамі, адна зь якіх яго ўрэшце і забіла.

Вайна стала цяжкім выпрабаваньнем для бацькоў. Яны шчыра спадзяваліся зрабіць нешта на карысьць Беларусі. Я бачыў бацькоўскае напружаньне, але сваімі думкамі з сынамі яны не дзяліліся. Мы не былі зь імі ў блізкіх адносінах: яны рабілі сваю справу, мы — сваю. Мае бацькі, як і іншыя беларускія патрыёты, у нацыянальным пытаньні аказаліся людзьмі наіўнымі. З самага пачатку вайны было зразумела, што нічога добрага для Беларусі немцы не рыхтуюць.

Пасьля выезду на Захад наша сям’я спачатку спынілася ў Бэрліне. Я ўладкаваўся ў газэту «Раніца», дзе рабіў прыкладна тое ж, што і ў Менску. Жыцьцё было нуднае, адзінае, што цешыла, — памеры гораду. Пры жаданьні заўсёды было куды пайсьці. У лютым 1945 г. адбыўся вялікі амэрыканскі налёт: зьнішчана было амаль усё, але мы цудам засталіся жывыя. Выехалі з мамай у Баварыю. У баварскім Амбэргу спрабавалі ўладкавацца на працу праз «арбайтсамт», але ніякай працы не знайшлося. Пасялілі нас у нейкай школе, дзе мы спалі на падлозе, выдалі харчовыя карткі. Жылі ціха, спакойна, нават вайскоўцаў ня бачылі. У красавіку 1945 году прыйшлі амэрыканцы. У Рэгенсбургу я скончыў гімназію імя Янкі Купалы, паехаў у Мюнхэн, дзе быў арганізаваны ўнівэрсытэт для чужынцаў, аднак ён хутка зачыніўся. Свой дыплём інжынэра атрымаў толькі ў ЗША, калі падзарабіў грошай.

Бацькі былі выдатнай парай

На першым часе ў Нью-Ёрку жылі на кватэры ў Янкі Станкевіча, у страшным раёне, дзе пераважалі мурыны і пуэртарыканцы. Як толькі зьявілася магчымасьць, пераехалі ў ціхі Бруклін. Напачатку я працаваў пад Бостанам, у «Джэнэрал Электрык». Затым пераехаў у Рочэстэр, у вялікі канцэрн «Джэнэрал Дайнэмікс», які займаўся вайсковай вытворчасьцю. Нягледзячы на тое, што мая маці была знакамітай паэткай, паэзіяй я ніколі не цікавіўся. Заўсёды любіў фізыку, матэматыку. Я марыў набыць менавіта тэхнічную адукацыю. У Рочэстэры не жыцьцё было, а рай, пакуль заўчасна не памерла мая жонка Натальля — дачка знакамітага кампазытара Міколы Шчаглова-Куліковіча.

Пасьля яе сьмерці, у 1967 годзе, да мяне пераехала мама. Працоўны лёс маіх бацькоў за мяжой склаўся тыпова для нашай эміграцыі. Бацька слаба ведаў ангельскую мову, таму працаваў там, дзе не патрабаваліся спэцыяльныя веды. Спачатку складаў дэталі, потым — ліфцёрам. Мама працавала ўсюды, дзе толькі можна было. Нават агуркі ў слоікі складала. Значна пазьней яна ўладкавалася на радыё «Свабода».

Да рэалій у ЗША бацькі цалкам не прызвычаіліся, затое цешыліся ўсім беларускім. Бацька па паходжаньні быў простым мужыком, маці — дваранкай, але адно на аднаго былі вельмі падобныя. Абое мяккія, добразычлівыя, жылі мірна.

Улічваючы высокую пасаду падчас вайны, бацька мог тады весьці шыкоўнае жыцьцё, аднак чалавекам быў вельмі сумленным. Толькі і чуў ад яго: так няможна, гэта не адпавядае закону.

Афіцыйныя ўлады ў Менску па сёньняшні дзень нават не прызнаюць маю маці як паэтку, грамадзкую дзяячку, якая ўнесла ўклад у гісторыю краіны. Крыўдна, але на Радзіме мы застаёмся «фашысцкімі калябарантамі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0