«Марш студэнтаў» адбыўся 2 снежня. Яго арганізавалі актывісты руху «Студэнты супраць», нязгодныя з увядзеннем у БДУ платы за ліквідацыю акадэмічнай запазычанасці.

Некалькі дзясяткаў чалавек прыйшлі да галоўнага корпуса ўніверсітэта, патрабуючы, каб рэктар ВНУ Абламейка выйшаў на перамовы. Студэнты скандавалі «Рэктар, выходзь!», трымалі плакаты аб тым, што ў БДУ няма рэальнага самакіравання, «Рэктара — на дыван!». Праўда, ніхто да іх не выйшаў.

Як мінімум на трох чалавек міліцыя склала пратаколы за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі. Яшчэ як мінімум у пяці праваахоўнікі перапісалі пашпартныя звесткі.

Адным з тых, на каго склалі пратакол, быў Глеб Вайкуль, студэнт 2-га курса філфака. Літаральна на наступны дзень хлопца выклікалі на камісію ў дэканат, дзе яму зрабілі вусную заўвагу за пропуск заняткаў.

30 снежня суддзя Маскоўскага раёна Мінска Максім Сушко аштрафаваў Глеба на 18 базавых велічынь (3,24 млн рублёў) за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.

А ў пачатку студзеня ў хлопца пачаліся праблемы з заліковай сесіяй. Па словах самога хлопца, залік па псіхалогіі літаратурнай творчасці, які большасці студэнтаў ставіўся «аўтаматам», для яго стаў невыканальнай задачай.

Глеб Вайкуль два разы здаваў гэты залік, і кожны раз выкладчык Таццяна Шамякіна — дарэчы, дачка беларускага пісьменніка Івана Шамякіна — яго не ставіла, лічыла адказ нездавальняючым.

Таццяна Шамякіна, ілюстрацыйнае фота.

На трэці раз Глеб здаваў прадмет ужо камісіі.

«5 студзеня я здаваў залік камісіі з трох чалавек, у тым ліку там прысутнічала і Таццяна Шамякіна. Я адказаў на ўсе пытанні па білеце, і два сябры камісіі былі згодныя з тым, што я валодаю інфармацыяй па прадмеце і мне можна паставіць залік. Але Таццяна Іванаўна даводзіла, што я адказваў няправільна, задавала дадатковыя пытанні. У выніку выкладчыца сказала, што хоча сустрэцца яшчэ раз на пераздачы», — расказаў студэнт.

Інфармацыя пра пераздачу заліку камісіі не спраўдзілася, і Глеб Вайкуль пабачыў сваё прозвішча ў спісе студэнтаў на адлічэнне.

«Хлопец проста абсалютна нічога не адказаў, — сказала «Нашай Ніве» Таццяна Шамякіна. — Ані на асноўныя пытанні, ані на дадатковыя. Калі ён кажа, што ўсё ён ведаў, а я яго «зрэзала», то гэта проста хлусня, а ён непрыстойны чалавек», — кажа Шамякіна.

«Я пастаянна ішла насустрач Глебу, парушаючы ўсе нормы і правілы, хаця сама толькі адзін раз бачыла яго на сваіх занятках.

Але ж ну нічога ён не ведаў, ён жа сам прызнаўся, што не адкрываў канспект, бо не змог яго знайсці. І як бы я выглядала ў вачах сваіх калег, калі б паставіла яму залік, як і іншым студэнтам? — пытаецца Шамякіна. —

Наконт той магчымай сустрэчы пасля камісіі — я думала, што, можа быць, атрымаецца яшчэ раз прыняць у Вайкуля залік, нават нягледзячы на тое, што звычайна экзамен з камісіяй апошні»,— кажа яна.

Шамякіна сцвярджае, што да адлічэння яна не мае ніякага дачынення: «За 40 гадоў маёй працы з-за мяне менавіта не адлічылі ніводнага студэнта! А ў Вайкуля былі праблемы і з іншымі дысцыплінамі, яго не дапусцілі яшчэ да аднаго экзамена. Аніякіх рэкамендацый па ціску на Вайкуля ніхто ў БДУ не атрымліваў»,— кажа Шамякіна.

«Гэты студэнт проста стаў пагалоскай. Ён увогуле не вучыўся. Прычым яго ж ужо выключалі, і ён паступаў па новай. Першы раз ён не здаў фальклорную практыку, і зноў яму ішлі насустрач, паўгода гэта цягнулася, але ён так і не здаў. Выключылі. Пасля, калі ён другі раз паступіў, былі пастаянныя хвасты і пропускі», — кажа Шамякіна.

«Я ўвогуле супраць камерцыялізацыі адукацыі, пішу і кажу пра гэта адкрыта, і нашае начальства гэта ведае. Але ж калі мы ўжо ўступаем у Балонскі працэс, то куды ж нам падзецца? Няма куды. Бо Балонскі працэс прадугледжвае камерцыялізацыю адукацыі. Я маю сваю пазіцыю, але калі сістэма такая, а я чалавек сістэмы, то павінна выконваць яе патрабаванні. Ды і самі студэнты кажуць: трэба сумленна хадзіць на заняткі, трэба сумленна вучыцца, тады і не трэба будзе плаціць»,— кажа Шамякіна.

Сам Вайкуль настойвае, што менавіта залік Шамякінай стаў прычынай яго адлічэння.

«Бо ў мяне «вісела» як акадэмічная запазычанасць фізкультура, але гэта не было праблемай для допуску да сесіі. Аднак мяне завалілі на заліку, у выніку не дапусцілі да сесіі і я не змог 5 студзеня здаць першы іспыт, рускую мову. Яго адразу паставілі як няздачу. Плюс фізкультура, плюс Шамякіна — і вось я не здаў тры прадметы, мяне адлічваюць», — кажа Глеб.

Глеб мяркуе, што гэта звязана з асабістым стаўленнем Шамякінай да студэнта. «У нас шмат было разыходжанняў у поглядах на Балонскі працэс», — кажа Вайкуль.

«Раней мяне не адлічвалі, — пярэчыць словам Шамякінай Вайкуль. — Я сыходзіў у акадэмічны адпачынак па сямейных справах. Я скончыў першы курс на платным, затым узяў «акадэмку», пасля чаго перапаступіў на бюджэт. Мяне павінны былі перавесці на другі курс, але з 5-гадовай сістэмы нас пераводзілі на 4-гадовую, і з’явілася акадэмічная запазычанасць, якую мне не далі здаць экстэрнам. І я ізноў пайшоў тады на першы курс», — тлумачыць свой заблытаны студэнцкі шлях Вайкуль.

«Шамякіна не з тых людзей, да каго можна звярнуцца з загадамі такога кшталту, — напісала пра сябе Таццяна Шамякіна ў лісце, дасланым у Рэдакцыю «Нашай Нівы» дадаткова, на наступны дзень пасля размовы з ёй. — Калі б для мяне было характэрна «завальваць» па палітычных матывах, скажам, за антысаветызм, то філфак здолеў бы закончыць толькі кожны чацвёрты», — піша яна.

І працягвае: «Глеб піша, што да пачатку заліку Шамякіна хадзіла ў дэканат. Магчыма, ён думае, што Шамякіна, прафесар, выкладчык з 40-гадовым стажам, перад залікамі кожны раз ходзіць у дэканат па парады? Дарэчы, хадзіла яна туды разам з Вайкулем, каб хадайнічаць аб вызваленні яго ад аплаты за пераздачу (і яго такі ж вызвалілі).

Думаю, відавочна, што любы чалавек можа мець па любой праблеме сваё ўласнае меркаванне. У тым ліку – пра неабходнасць аддзяляць палітыку ад навукі, пра што я і сказала студэнту на першым заліку. На той залік я не павінна была студэнта з нулявым рэйтынгам увогуле дапускаць. Наогул яму пастаянна ўсе ішлі насустрач, але існуюць разумныя межы.

У прынцыпе, паставіць залік Вайкулю для мяне азначала паступіцца сваімі прынцыпамі», — піша Шамякіна.

«Звычайны рабочы, хоць і непрыемны момант, абсалютна нармальны для любой вучэбнай установы, у дадзеным выпадку раздзьмуты да ўсяленскіх маштабаў, — працягвае выкладчыца. — У той жа час не магу не прызнаць, што адбыўся драматычны збег абставін, які, на жаль, нярэдка здараецца ў жыцці. Мой курс аўтарскі, і адказаць матэрыял можна было толькі па канспекту. Вайкуль лекцыі зусім не наведваў, а таму свайго канспекта не меў. Чужы дастаць яму не ўдалося… І ўсё ж для гэтага быў дастатковы тэрмін — з 23 снежня да 5 студзеня. Я спадзявалася, што ў яго будзе яшчэ шанец пераздаць. Але новыя правілы гэтага не дазваляюць. На жаль, у жыцці «рэвалюцыянераў» і «барацьбітоў» заўсёды бывае шмат цяжкасцей і выпрабаванняў. Няхай для Глеба гэтая сітуацыя стане самым складаным з іх», — падсумоўвае Шамякіна.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?