Цяперашняя ўлада любіць «правяраць народ на вашывасьць». Сёньня помнік Багдановічу — наколькі ён важны, ці будуць пратэсты? Заўтра — помнікі Купалу, Коласу… Піша Сяргей Дубавец.

Помнік Максіму Багдановічу на сваім месцы «пражыў» крыху больш за самога паэта. Калі яго адкрывалі, мне было 22. Дзіўна, я памятаю вобраз таго дня так, нібы гэта было ўчора. 1981 год, сьнег, сьнежань. Мы ідзем чарадою і па адным кладзем да падножжа кветкі…

Ад часу ўстаноўкі помніка ішлі дыскусіі. Ці адпавядае гэты мажны бронзавы бонвіван свайму субтыльнаму герою, ад якога і здымка толкам не засталося, а найперш — ці адпавядае яго паэзіі, крохкай і загадкавай, як шчырае юначае перажываньне. Багдановіча і любяць таму, што ён за цябе кажа пра твае падлеткавыя зрухі душы так, як ты сам сказаць ня ўмееш або саромеешся.

Як анэкдоты мы часта пераказвалі адзін аднаму ўражаньні пасажыраў 54‑га аўтобуса: «Ой, а хто гэта? Ды парцізан какой‑та. Не, гэта ж Высоцкі! Ды перастаньце, гэта опэрны пявец, бо стаіць каля Опэрнага тэатра…»

Лічыцца, што помнікі — нешта такое, што ставіцца навечна. Насамрэч гэта ня так. Помнікі — самае недаўгавечнае, што мы бачым на сваім вяку. Бо помнікі — як дэманстранты на несанкцыянаваным мітынгу. Пакуль іх церпяць улады і пакуль у іх ёсьць падтрымка ў народзе, яны стаяць. Калі ўлада ня церпіць, а ў грамадзтве ёсьць падтрымка, тады людзі выходзяць бараніць помнік, як гэта было з бронзавым салдатам у Таліне. Хоць салдата ня зносілі. Яго перамяшчалі ў іншае месца. Ці будзе такі перанос для помніка раўназначны сьмерці альбо новаму жыцьцю — пытаньне.

Улады часта маніпулююць сьвядомасьцю народа. Людзей могуць схапіць і пасадзіць на Акрэсьціна, але пры тым заявіць, што яны «самі папрасіліся ў гасьцініцу». Тое самае з помнікамі. Іх ня зносяць, іх «пераносяць у іншае месца». У выніку прыярытэты ў галаве народа пачынаюць блытацца. А можа і правільна робіць улада? А можа лідэры апазыцыі клічуць мяне на мітынг толькі для таго, каб самім атрымаць «карцінку»? А можа тое, што лічылася каштоўнасьцю, зусім ніякая й не каштоўнасьць? Цяжка разабрацца без падказкі. А падказкі няма. Улада робіць свае справы цішком, грамадзкі настрой таксама маўчыць, ніхто нічога пераканаўча не тлумачыць, спэцыялісты займаюцца прапагандай…

Бараніць помнік Багдановічу народ ня выйшаў. Ніхто ня выйшаў. У мяне няма сумневу, што Максім Багдановіч — самы любімы паэт беларусаў. Быў такім, ёсьць і будзе. Але ніхто не прыйшоў. Можа быць, гэты помнік так і ня сталі асацыяваць з яго героем? А можа быць, проста не паверылі, што іх пратэст пасьля нядаўніх боек апазыцыі са спэцназам — бессэнсоўных і безвыніковых — таксама будзе выглядаць як клікушныя крыкі пастушка пра ваўкоў. Памятаеце, пастушок палохаў вёску ваўкамі, усе прывыклі, што ён хлусіць, а калі насамрэч напалі ваўкі, ніхто ня выйшаў на абарону. І ваўкі парэзалі ўсіх авечак. Чытай — усе помнікі…

Ёсьць яшчэ матыў у араторыі гэтага дэмантажу. Цяперашняя ўлада любіць «правяраць народ на вашывасьць». Сёньня помнік Багдановічу — наколькі ён важны, ці будуць пратэсты? Заўтра — помнікі Купалу, Коласу… Гэта як гульня з агнём. Сунуў руку і — апёкся ці не апёкся. Калі не апёкся, значыць агонь не гарыць, хоць паўсюль кажуць, што там вялікае полымя. Дай, праверу. Дай перамяшчу назвы праспэкта Скарыны і праспэкта Машэрава. Ці будуць пратэсты?

Заканамернасьць, аднак, паказвае, што ахвярамі гэтай гульні становяцца толькі пэрсанажы беларускай гісторыі і культуры. А што будзе, калі яны скончацца? Напрыклад, якая будзе рэакцыя ў народзе, калі ўлада стане пераносіць помнікі Леніну, Калініну, Пушкіну або Міцкевічу?

Пажывем — пабачым. Гісторыя помнікаў кароткая.

Сяргей Дубавец, Беларускія навіны

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0