Упершыню за апошнія восем гадоў Беларусь з двухбаковым візітам наведаў міністр замежных справаў Польшчы Вітальд Вашчыкоўскі. Яшчэ ў 2010 напярэдадні выбараў у Мінск сумесна з нямецкім міністрам Гіда Вестэрвеле прыязджаў Радаслаў Сікорскі. Аднак пасля разгону Плошчы перамовы замарозіліся.

Вітальд Вашчыкоўскі — прадстаўнік кансерватыўнага ўрада, які прыйшоў да ўлады ўвосень летась. «Новы ўрад палічыў, што ненармальна, калі суседзі доўгі час не сустракаюцца», — адзначыў Вашчыкоўскі.

Ён пачаў свой візіт у Беларусь з наведвання Курапатаў. І гэта сімвалічны крок. «Нашы народы былі ахвярамі адной імперыі», — адзначыў пан міністр.

Кіраўнік беларускага МЗС Уладзімір Макей адзначыў, што з польскім калегам яны правялі «адкрытую, шчырую і пладатворную размову». «Гэта знакавая і своечасовая падзея», — дадаў ён. Сапраўды, Вашчыкоўскі — гэта першы еўрапейскі візіцёр такога рангу пасля зняцця санкцый супраць беларускіх чыноўнікаў.

Макей адзначыў, што Беларусь вельмі настроеная на нармалізацыю адносін з Еўрасаюзам. «Аднак гэта не значыць, што мы будзем з кімсьці разрываць адносіны. Беларусь будзе імкнуцца дыверсіфікаваць свае адносіны», — адзначыў беларускі міністр.

У хуткім часе Макей павінен здзейсніць візіт у адказ у Варшаву. Пра візіт на больш высокім узроўні гаворкі пакуль не вядзецца.

Абодва міністры падкрэслівалі, што гаворка вялася на самыя розныя тэмы: ад эканамічнага супрацоўніцтва да культурнага. «На жаль, за апошні час таваразварот паміж Беларуссю і Польшчай зменшыўся, цяпер мы будзе працаваць над тым, каб узнавіць яго і нарасціць», — гэта зноў словы Уладзіміра Макея.

На пытанне карэспандэнта агенцтва БелаПАН, якое Уладзімір Макей прадставіў як «апазіцыйны СМІ», ці абмяркоўвалі бакі пытанне акрэдытацыі тэлеканала «Белсат», Вашчыкоўскі адказаў: «Пакуль не. Гэта наперадзе».

Польскі міністр адзначыў, што для яго партыі пытанне правоў чалавека вельмі важнае. «Але свет не ствараўся за адзін дзень», — вобразна адзначыў польскі госць. Маўляў, Польшча чакае паляпшэння сітуацыі ў Беларусі ў гэтым плане, але не імгненнага.

Візіт адбываўся з ініцыятывы польскага боку, аднак Мінск арганізаваў усё вельмі хутка. «Я ехаў у Беларусь без усялякіх папярэдніх дамоваў», — сказаў пан Вашчыкоўскі.

Абмяркоўвалася таксама пытанне змяншэння цаны на візы для грамадзян Беларусі, трансгранічнае супрацоўніцтва, нават адносіны з Кітаем.

Пасля Мінска Вітальд Вашчыкоўскі наведае Ваўкавыск, адкуль паходзіць яго маці.

«Мы з вамі землякі», — заўсміхаўся ўраджэнец Гродзеншчыны Уладзімір Макей.

Сустрэча Вашчыкоўскага з Аляксандрам Лукашэнкам можа адбыцца заўтра.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?