У судзе Першамайскага раёна Мінска 3 мая абвешчаныя прысуды ў дачыненні да ўдзельнікаў злачыннай групы распаўсюджвальнікаў спайсаў.
Фота БелТА
У снежні 2015 года Следчы камітэт заявіў, што ў Мінску прадухіленая дзейнасць злачыннай групоўкі па распаўсюджванні псіхатропных рэчываў. Праваахоўнікам удалося спыніць працу трох інтэрнэт-магазінаў па продажы забароненых рэчываў, сярод якіх быў буйны магазін OrigLegal.
Былі затрыманыя 14 чалавек ад 18 да 25 гадоў, у тым ліку дзяўчына 1991 года нараджэння, у якой ёсць дзіця. Затрыманым выставілі абвінавачанне ў вырабе, распаўсюджванні і перавозцы наркатычных і псіхатропных рэчываў (чч. 3, 4 ст. 328 КК).
У выніку да 10 гадоў пазбаўлення волі прыгавораныя Павел Палітанскі, Анастасія Булыгіна і Аляксандр Пілец.
Да 12 гадоў зняволення суд прыгаварыў Кірыла Бугаёва, Андрэя Сульжыца, Дзяніса Саўчанку, Мікіту Францкевіча, Яўгена Слабко, Мікалая Пятровіча і Яўгена Парфёнава.
На 13 гадоў пазбаўлення волі асуджаныя Аляксандр Грышановіч, на 14 гадоў — Кірыл Апановіч і Руслан Аліеў.
Самае суровае пакаранне — 15 гадоў пазбаўлення волі — атрымаў Аляксей Казлоўскі.
Суд таксама пастанавіў канфіскаваць маёмасць абвінавачаных, у тым ліку грашовыя сродкі і аўтамабілі Mazda, Peugeot 307, Toyota RAV4.
Прысуд пакуль не ўвайшоў у законную сілу. Адвакаты і сваякі большасці абвінавачаных заявілі пра намер падаць апеляцыю