Павал Касьцюкевіч. Апавяданьне.

1.Сонечнае прыцьменьне

Яны зьлятаюцца зь недасяжных вышыняў, з тых сьляпучых узвышшаў, якіх нават не сягаюць арлы і сьнягі. Мама, мама, глядзі, яны лятуць, асланяючы сонца на 10, 20, 30 працэнтаў! Нецьвярозымі анёламі мкнуць да нас, неспасьцігальныя, як прыбамбасы Бэтмэна, і, прызямліўшыся на пакрытыя керамінаўскай пліткай ганкі нашых дамарослых супэрмаркетаў, дзіравяць грэшнае паветра гарадоў пяцьцю нябеснымі зыкамі: Сла-Ва-Вэ-Дэ-Вэ! Іх не было тут цэлую вечнасьць, адзін зямны год, яны шмат чаго ня ведаюць пра нас, пра ўтомную зіму і інфляцыю. Яны, нетутэйшыя, па-ранейшаму песьцяць аблудную надзею, што зямныя дочкі будуць біцца галавой у гістэрыцы і рваць валасы на галовах, як толькі зьмецяць вузкую палоску бірузовага бэрэту. Яны яшчэ ў вочы ня бачылі новага дызайну бутэлькі «Аліварыя-Айс». Таму і купілі пяць скрыняў. Нетрывала ступаюць неакрэплымі анёльскімі нагамі па зямлі. Зрэнкамі блакітнага — аж выліваецца! — колеру зазіраюць мінакам у вочы са сьпіны. Трохі сьмешныя. Спажываюць гарэлку як ваду, а піва як паветра. Хісткай хеўрай ловяць замест таксоўкі аўтобус. Ставяць акардэонныя акорды на гітарным грыфе. Перакананыя на ўсе сто, што чалавек — найлепшы сябар дэсантніка.

Дзень Вэдэвэ — сьвята сямейнае, таму ў гэты дзень трэба сядзець дома і нікуды не выходзіць. А ноччу, будзь ласкавы, пастаў сьвечку і літровы слоік «ёршыка» на падваконьне. Гэта для заблукалых бэрэтаў. І ня важна, што ў цябе сёмы паверх. Стропы ў іх доўгія — дацягнуцца.

А ты служыў у войску? І ў нас усё неяк не выходзіла — знаеш, сям’я, сауна па пятніцах, аўстрыйскія партнэры, праблемы на фірме і пад уласнай чарапной каробкай. У нашай клясе зь 15 здаравілаў адслужыў толькі адзін. Хаця не ў дэсантуры.

2.Аднаклясьнік

Перастрэць на вуліцы аднаклясьніка і пачуўшы пра яго жыцьцё, пераканацца, што ня такі ўжо кепскі для цябе расклад на гэтым сьвеце. Тэорыя адноснасьці ў дзеяньні. Пасьля першай радасьці, калі ўсё яшчэ цешысься, што ў цябе па-ранейшаму засталіся сякія-такія шанцы падмяць усё пад сябе, пачынаеш зьвяртаць увагу і на самога аднаклясьніка. Зьмячаеш, што разам зь яго такімі чужымі няўдачамі і злыбедамі, і ўсё астатняе яго жыцьцё таксама іншае, ня так як у цябе. Ня так і ня так, а вось гэтак. І паралельна з трыюмфальна вернутымі ў галаву думкамі парваць гэты сьвет на андрэеўскі сьцяг, на душу нагортваецца якісь няўцямны сплін. Позіркам абгрызаеш суразмоўцу і табе трошачкі хочацца ягонага, нармальнага: паслужыць у войску, спусьціцца ў салігорскую шахту, паслухаць апошні unplugged «Славянскага базару». Каб стаць як усе, спадзеючыся, што так, ты, можа быць, пазбудзесься гэтага пачуцьця, калі часам здаецца, што твае мазгі раскідала па ўсёй Галяктыцы.

Мой аднаклясьнік, Слава Вэдэвэ.

3.Антаніна, я твой мужчына

І да таго ж, гэтыя іхныя цяльняшкі. Няйначай вышэйшая, нечалавечая, фантазія прыдумала іх. У беспрасьветнай імгле колеру хакі і сярод плямістага хаосу стылю «мілітары», пэўна, вярхоўнае вэдэвэшнае божышча выпрадукавала, выламаўшы з уласнага калена, гэтае блакітна-белае чаргаваньне, промнікі сьвятла ў цёмным царстве.

Божышча было абкуранае, зьедліва скажа маладое крыло. Можа быць. Хаця думаю, нешта-нейкае ўсё ж ёсьць у гэтым дні. Штосьці ад моцы і немачы бразыльскага карнавалу-аднадзёнкі. Штосьці ад бесшабашнай пагулянкі казакоў у «запарожцы». Штосьці ад колішняга неспадзяванага прыезду шатляндзкіх футбольных заўзятараў у Менск. І яшчэ трошкі — ад зборнай Харватыі.

Зборнай Харватыі? Ну, гэтая іхняя адметная клятчастая форма. Калі Харватыя атрымала незалежнасьць, на кірмашы барваў астатнія краіны збольшага разабралі ўсе каляровыя камбінацыі. Да таго ж, харватам дзяды падкінулі ў спадчыну чырвона-белы-сіні сьцяг. Банальную палітру, якую прысабечыў амаль увесь славянскі сьвет з прымкнулымі да яго французамі і галяндцамі. І тады камусьці з харвацкіх дызайнэраў прыйшоў да галавы нестандартны ход канём: форма ў чырвоныя і белыя клеткі. І значыць, звоніць мне неяк летнім дзяньком адна Антаніна: «Паша, прыяжджай — у мяне зноў праблемы ў асабістым жыцьці, трэба параіцца, любоўная дылема: футбаліст або таксіст. І абодва харошыя хлопцы». І я мчуся да Антаніны. Першай справай зьдзіраю сваю глупую кашулю, што замінае і хавае маю футбольную маечку ў клетку і потым, як сьлед прадэманстраваўшы свае нацельныя шашачкі, крычу на ўсе застаўкі: «Антаніна! Не яны, а я, я — твой мужчына! Два ў адным, не — тры ў адным. Ты нават можаш разьлічваць на мяне, нават калі табе раптам удумаецца ўзбуйніць гэты твой любоўны, футбольна-таксісцкі, трохкутнік яшчэ і шахматыстам».

Пакрыўдзілася Антаніна. Так, я не люблю, калі мяне, мужчыну, перарабляюць на жанчыну з правам дарадчага голасу.

Дарэчы, яшчэ адна дата праляцела над намі, як фанэра над Парыжам — Дзень шахматаў, 20 ліпеня! Наступны год абавязкова сьвяткуйце, і так, каб чэрці вылі. Уяўляю орды крыважэрных людзей у прыталеным гарнітуры і клятчастым, аля клоун Папоў, капелюшы, якія чэпяцца на вуліцы да жалю годных хлопчыкаў у цельніках: «Чаму, е-два-т-тваю-е-чатыры, без акуляраў?», «Чаму цельнік ня ў клетачку?»

4.Носік вышэй!

Лета хутка скончыцца. Гэта навукова даказаны факт. І як лета — маленькае жыцьцё, дык у верасьні нас чакаюць маленькая сьмерць і маленькі страшны суд. Не схавацца. І Дзень дэсантніка, які выпадкова (невыпадкова?!) супадае з днём грымотнага Ільлі-прарока — першая ластаўка. Жнівень — гэта слухаць у аўтобусе, як напалеонаўскія пляны пра трыюмфальныя захоп турэцкага берага пакрысе зьяжджаюць на старэчае буркатаньне, што ад чалавека ў гэтым сьвеце нічога не залежыць, а пагатоў — выкананьне яго плянаў на лета, і што ўсе мы, па сутнасьці, на далонях у Івана Купалы, гэтага змрочнага летняга бажка, які тры месяцы навылёт прымушае нас паліць чорныя шыны недаробленых за зіму спраў ды скакаць праз вогнішчы скоразьвялых раманаў, пасьля чаго мы робімся п’яныя і дурныя, і забываемся пра самае элемэнтарнае, пра Крым.

Клясыка жанру. Лета, мікрараён, дзе прэвалюе другое пакаленьне «сена на асфальце» (такое можна сказаць пра ўсе менскія мікрараёны). Ля гастраному ідзе невысоканькая, інтэлігентна апранутая бабулька, якая крыху так выбіваецца з агульнай моды. Раптам чуецца трохі зьвераваты крык: «Носік вышэй! Носік, ё......., вышэй!» Нос кабеты міжволі ўздымаецца. Але голас не задаволіўся і гне сваё: «Яшчэ вышэй!» Бабчын нос бязвольна лезе ўгару. Але на трэцім выкрыку ўжо схамянулася: «Што ж гэта я?», апусьціла голаў і азіраецца. На лужку перад гастраномам мужчына косіць траву касой. А на ганку магазіну згуртавалася грамада, якая сочыць за рухамі касца і дзе трэба папраўляе яго словам. Гэтым летам людзям ёсьць што сказаць.

Так што, хапайце, хапайце высалапленым языком гэтыя летнія пэрліны. Бо неўзабаве, празь які месяц, сьвет скурчыцца да невялічкай амбразуры, празь якую мы будзем атрымліваць толькі канвэрты ад працадаўцы і радасьці скупыя тэлеграмы — ад жыцьця, а ўзамен смаліць узахлёб па псыхічнай атацы белых.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?