Напрыканцы мінулага тыдня на аўтадарозе «Гомель—Урыцкае» 47-гадовы жыхар Гомельскага раёна спрабаваў уручыць хабар у салоне патрульнай машыны ДАІ, але патрапіў на міліцэйскі відэарэгістратар, пра існаванне якога ён не ведаў, паведамляе МУС Беларусі.

Прычынай спробы дачы хабару была адсутнасць тэхагляду яго «Фальксвагена». Паколькі раней мужчына ўжо караўся штрафам за гэта ж, ён паспрабаваў пазбегнуць больш буйнога пакарання за паўторнае парушэнне. Ад хабару афіцэр ДАІ адмовіўся, папярэдзіўшы яго аб супрацьзаконнасці прапановы.

Кіроўца, аднак, папрасіў выключыць святло — і паклаў некалькі купюр паміж сядзеннямі — наўпрост пад уключаным відэарэгістратарам. Інспектар ДАІ неадкладна выклікаў следчую групу, якая задакументавала злачынства.

Затрыманы кіроўца быў змешчаны ў следчы ізалятар. Яго будуць судзіць паводле артыкула «Дача хабару», па якім пагражае пазбаўленне волі тэрмінам да 5 гадоў.

Відэа моманту спробы дачы хабару

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0