40-гадовая беларуска Вольга Чарнецкая памерла 18 лістапада ў Егіпце. У яе не знайшлося сваякоў, гатовых аплаціць перавоз цела на бацькаўшчыну.

Таму яе пахавалі тамсама, у Хургадзе.

Як паведамляецца, на пахаванні прысутнічалі яе сябар Махамед, орфі-муж Ахмед, а таксама егіпецкая сяброўка.

Махамед і Ахмед і аплацілі кошт пахавання — 300 даляраў — напалам.

Але ж хто такі орфі-муж? Гэта асаблівасць Егіпта — магчымасць заключаць часовыя орфі-шлюбы. У іншых ісламскіх краінах такога няма, расказала «Нашай Ніве» беларуска Раяна Вольга Чарных, якая жыве ў Каіры.

Слова орфі па-арабску значыць «звычай, традыцыя». Такі шлюб нідзе не рэгіструецца, але дазваляе мужчыну і жанчыне жыць разам і пры гэтым не грашыць па нормах рэлігіі.

Існуе два тыпы бланкаў для афармлення орфі-кантракта. Першы — спрошчаны, яго можна купіць у любой кнігарні ў Егіпце, каштуе ён капейкі, і запоўніць самім. Ёсць і паўнавартасны орфі, які заключаюць у прысутнасці двух сведкаў (калі сведкі — жанчыны, то чатырох) і адваката, які павінен паставіць свой подпіс у дакуменце. Дадзеная працэдура каштуе невялікую суму.

У дакументы заносяць дадзеныя пашпарта, прозвішча, імя бацькоў, а таксама памер вясельнага падарунка. Праўда, апошняе неабавязкова.

Орфі-шлюб можа быць разарваны ў любы момант і не прадугледжвае ніякіх матэрыяльных абавязкаў. Мужчына мае права адначасова знаходзіцца ў некалькіх орфі-шлюбах, хоць гэта і не вітаецца грамадствам. «Не ўсюды пары ў орфі-шлюбе здадуць кватэру ці дазволяць засяліцца ў адзін нумар у гатэлі», — кажа Чарных.

Замежніцы ў Егіпце нярэдка заключаюць такія орфі-дамовы. «Гэта дае падставу для атрымання паўгадавой візы для нетурыстычных мэтаў (так званая «віза маладой»), патрэбнай для афіцыйнага шлюбу», — расказвае беларуска.

Нават завераны адвакатам орфі-кантракт не прызнаецца ў якасці шлюбу ў іншых дзяржавах, у тым ліку і Беларусі.

Беларуска Вольга Чарнецкая гадавала дваіх дзяцей, якіх усынавіла яшчэ ў Беларусі, калі была замужам у першы раз. Яе былы муж цяпер спрабуе перавезці малых на радзіму. Ні былы муж, ні брат на пахаванне не лёталі. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?