27 снежня віцебскія дэпутаты ўнеслі змены ў сваё рашэнне №250 ад 20 кастрычніка аб перайменаванні шэрагу элементаў вулічна-дарожнай сеткі абласнога цэнтра. Яны адмовіліся ад перайменавання вуліцы і завулка Рэпіна ў гонар народнага артыста Беларусі і СССР Фёдара Шмакава, а таксама выправілі назву завулка Мікалая Сакмаркіна, бо раней прапусцілі літару «к» у прозвішчы партызанскага камбрыга. Таксама ў Віцебску з'явіцца вуліца з «арыгінальнай» назвай Бакавая — ёй стане былая Яравая. Пра гэта пішуць «Народныя навіны Віцебска».

Зрэшты, вялікі рускі мастак можа не радавацца, бо цяпер вырашана перайменаваць вуліцу Рэпіна ў Рубе — яна стане Слаўнай.

Аднак больш за ўсё свой творчы патэнцыял дэпутаты Віцебскага гарсавета праявілі ў перайменаванні рубаўскай Мінскай вуліцы, якая, згодна з першым рашэннем, стала Даламітавай. Робячы работу над памылкамі, яны раптам выявілі, што ў Рубе ўжо была Даламітавая вуліца, у выніку яе прыйшлося перайменаваць у вуліцу Геолагаў.

На гэтым дэпутаты не супакоіліся і вырашылі, што Дзвінскую вуліцу ў Рубе, якую ў мінулы раз яны хацелі назваць Лазурнай, лепш назваць Крышталёвай.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0