Перачытваючы клясыку з Аляксандрам Фядутам. «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» Караткевіча, «Вершалінскі рай» Карпюка.

Беларусы — этнас, які яшчэ не пасьпеў усьвядоміць сябе самастойнай і самакаштоўнай нацыяй, сваю краіну — сувэрэннай і незалежнай дзяржавай, уласны лёс — Гісторыяй. І, нарэшце, сваю літаратуру — Клясыкай.

Сьпярша, як вядома паводле перакладу Васіля Сёмухі, было Слова. І Слова было ў Бога. І Слова было Бог.

А потым Слова прызямлілася ў Гародні.

Так, прынамсі, сьцьвярджаў эвангеліст Уладзімер — адзін з двух эвангелістаў негабрэйскага паходжаньня. І нават калі нейкія недакладнасьці і ўкраліся ў ягонае Эвангельле, гэта ўжо ня мае практычна аніякай ролі. Хаця б таму, што ва ўсёй Беларусі толькі Гародня і магла б прэтэндаваць на статус уласнай Юдэі — настолькі чужародная яна, настолькі своеасаблівая, настолькі выпадае з агульнага шэрагу беларускіх гарадоў.

І калі Слова і спусьцілася ў Беларусь, то — перакананы — зь цікавасьці: што яны там, гэтыя гарадзенцы, здольныя выдумаць такога, каб яшчэ больш адрозьніцца, давесьці сваю незвычайнасьць?

І — прыдумалі.

Шкаляр стаў для іх Хрыстом. То бок — Словам.

І ў імя гэтага Слова вышэйшай — найвышэйшай, у параўнаньні са словамі іншых людзей, няхай нават валадароў, зямных і нябесных, — ісьціны гарадзенцы паднялі бунт, перабілі многіх людзей — шляхетных і простых, каталікоў і праваслаўных, бо тыя сьцьвярджалі, што Хрыстос у Гародню зусім не зьбіраўся спускацца, а проста шкаляр, каб зарабіць на хлеб, выдаваў сябе за Хрыста, а спадарожнікаў сваіх, такіх жа непатрэбных, — за апосталаў Хрыстовых.

Караткевіч верыў у тое, пра што пісаў. А напісаў ён кнігу пра тое, што народ заўсёды мае рацыю, бо адрозьніць сапраўдных прарокаў сваіх ад ілжэпрарокаў, у якія б расы тыя ні апраналіся. І Юрась Братчык у яго тым і адрозьніваецца ад кардынала Лотара і правялебнага Грыня Балвановіча, што ні расы ня носіць, ні хлусіць ня хоча. Раз ужо назваўся Хрыстом — паводзь сябе сумленна, выкупляй чужыя грахі і нават пагаджайся прыняць сьмерць — дзеля людзей. «Простых», як сказаў бы іншы клясык, «людзей».

А на гэтае ня кожны здатны. Самазванцаў на трон — хоць гаць гаці, а вось каб самазванцам — у турму ці на прэнг... Для гэтага патрэбна мужнасьць.

Прычым незвычайная.

Юрась Братчык у Караткевіча — таленавіты актор і мужны чалавек. А таму заслугоўвае шчасьця.

І ў канцы — шчасьце. Кожны атрымаў тое, чаго быў варты.

Фарысэі-сьвятары — нямірную канчыну ад рук народных мсьціўцаў.

А Юрась, які аб’явіўся гарадзенцам, — сьветлае жыцьцё і ральлю, у якую можна кідаць зерне, каб праз шмат стагодзьдзяў узышло яно ў якім-небудзь санэце ў паэта, дзяцінства якога прайшло ў Гародні.

І эвангеліст Уладзімер, сын Сямёна, які паверыў у магчымасьць такога цуду, напісаў сьветлую кнігу пра змрочныя часіны. Кнігу пра прарока, прынятага і зразуметага ў Айчыне сваёй — народам сваім.

Можа, таму, што ён да канца верыў у свой народ. Верыў у магчымасьць, што той стане відушчым.

І выйшла вялікая кніга — працяг паэмы пра Вялікага Інквізытара іншага беларуса, Фёдара Дастаеўскага (Тургенеў, памятаеце, прыгадваў: «на сцэну выйшаў сьветлавалосы гарбаваты беларусец...»). У Дастаеўскага ж таксама, калі чытач памятае, спускаецца на зямлю Хрыстос, якога ніхто не пазнае — акрамя Вялікага Інквізытара. І пазнаўшы Слова Ісьціны, ён прадае носьбіта гэтага Слова на пакуты — каб Збаўца другі раз ня выратаваўся і ня змог павесьці свой народ да Сьвятла.

Дастаеўскі ня верыў, што другое прышэсьце Хрыста прывядзе хоць да чаго вартага.

Караткевіч — верыў.

Уласна кажучы, вера ў лепшую — у славутую сьветлую будучыню — і робіць кнігу, як сьцьвярджалі тэарэтыкі літаратуры часоў майго студэнцкага юнацтва, творам сацыялістычнага рэалізму. Тым больш, калі Хрыста ратуюць ад рук інквізытараў тыя самыя «простыя людзі».

І, перачытваючы «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», я чамусьці лаўлю сябе сёньня на думцы пра тое, што Караткевіч да канца верыў у выратаваньне свайго героя ад сьмерці. Фінал у яго атрымаўся вельмі натуральны. Быццам выратаваць новага Хрыста з рук інквізытараў — тое самае, што выйграць партыю ў шахматы ў Сьмерці, якая вязе нас у Вялікае Нідзе на Ладзьдзі Роспачы. Раз плюнуць. Згуляў — выйграў. Усіх, акрамя сябе самога, як Гервасій Выліваха. З той толькі розьніцай, што і цябе вырвуць зь яе сьмяротных абдымкаў — выратаваныя табой. Народ вырве.

Караткевіч любіць народ. І гісторыя, распаведзеная ім, — сьветлая.

А ёсьць жа і іншая вэрсія амаль той самай гісторыі.

Сыходзіць зь нябёсаў да «простых людзей» новы прарок. Новы Ільля — Альяш Клімовіч. Таксама — мужыцкі прарок. І вядзе ён такіх самых мужыкоў за сабой. І абяцае ім Валадарства Нябеснае. І нават пачынае будаваць яго — проста там, дзе жыве. Непадалёк ад Гародні.

Толькі вось не выходзіць Валадарства Нябеснага на зямлі. Пэўна, таму, што кожны здольны пабудаваць толькі паводле таго ўзору, які існуе ў ягонай галаве, які ён ведае зь дзяцінства. А што ведае «просты чалавек»? Рабства. Няволю. Змрочную зайздрасьць да чужога посьпеху. Няўцямную нянавісьць да тых, хто здолеў вырвацца з багны будзённасьці і стаць «няпростым». І Альяш Клімовіч менавіта такі зямны рай і пабудаваў, з усімі комплексамі ўласнага цяжкага дзяцінства, вымесьціўшы ўсе свае няўдачы, усю сваю цяжкую долю — на іншых, такіх жа «простых», як і ён сам.

А яны яму — верылі.

Пакуль ён ня вырашыў давесьці, што можа тое, што анікому не пад сілу, апроч Бога. Ён прызначыў дату, калі наступіць Канец Сьвету. Так піша іншы беларускі эвангеліст — эвангеліст Аляксей. Аляксей, сын Нікіфара, Карпюк.

Юрась Братчык у Караткевіча таксама цуды робіць, але ўсё больш зразумелыя. То здолее тысячы галодных гарадзенцаў двума хлябамі ды пяцьцю рыбамі накарміць. То Сьляпым зрок верне. То бок, робіць усё тое, што рабілі іншыя мужыцкія цудатворцы, ад Панурга да Тыля Ўленшпігеля ўлучна. Але прызначыць дату, калі ўсе праведнікі выратуюцца, а грэшнікі загінуць — такі ж замах на Боскую прэрагатыву, як прызначэньне даты рэфэрэндуму ў 1996 годзе — мінуючы Вярхоўны Савет. Уявіць сабе гэта можна, але — не канстытуцыйна і не па-боску.

А далей Эвангельле ад Аляксея распавядае і зусім змрочную гісторыю. Калі цуд не адбываецца, людзі, якія верылі ў новага Ільлю, вырашаюць укрыжаваць яго, каб ужо зусім шальмаваць хлуса і самазванца.

Уласна, менавіта такі вырак выносіць кардынал Лотар Юрасю Братчыку і ў Караткевіча.

Братчыка, як чытач памятае, ратуюць.

І Альяша ратуюць. Але не таму, што вераць яму, што ён праведнік і здольны павесьці за сабой. А проста таму, што ўкрыжаваць жывога чалавека — яно ўжо неяк дзікавата нават для жыхароў вёскі на Гарадзеншчыне. Ну, камянямі закідаць, у пер’і выкачаць — гэта яшчэ сюды-туды. А ўкрыжаваць...

Праўда, выратаваньне аказваецца часовым. Прыходзяць немцы. Ні бальшавікоў, ні цыганоў з габрэямі ў вёсцы не аказваецца. Расстраляць няма каго. І нейкая старая зь ліку тых, што верыла Альяшу, як Хрысту, са злосьці тыцкае ў яго пальцам: вось жа, Антыхрыст ён! Расстраляйце яго!

Чаго ж ня выканаць просьбу старой фраў?

І неадбытага прарока расстралялі. Толькі цікаўныя хлапцы вераб’ямі пырснулі ў розныя бакі — падымаючы пыл.

Дзьве гісторыі пра двух прарокаў, што, як у люстэрку, процістаяць адзін аднаму, але маюць надзіва багата падабенстваў. Адзін зь якіх пры гэтым — ляўшун.

У змрочнай прыпавесьці, распаведзенай Аляксеем Карпюком у «Вершалінскім раі», знаходзім такое ўпэўненае веданьне сапраўдных народных нораваў, што здаецца, нібыта сьветлая будучыня беларусам не пагражае зусім. То бок мы яе ніколі не пабачым.

Гэта дзіўна: Карпюк жа палітычна ў гэтую самую сьветлую будучыню верыў куды больш за Караткевіча! Але ягоны талент быў такім, што адлюстроўваў рэальнае веданьне ў значна большай ступені, чым палітычныя перакананьні.

Уласна кажучы, як вучылі мяне тэарэтыкі літаратуры ў родным унівэрсытэце, гэта і ёсьць — клясычны крытычны рэалізм.

І пры гэтым змрочны і горкі раман Карпюка палае такой шчырай ярасьцю, што чытач разумее галоўнае: ён, Карпюк, як і Караткевіч, любіць свой народ, сваіх беларусаў! Любіць да болю! Яны абодва свае кнігі пісалі для таго, каб «простым людзям» жылося лягчэй і лепш!

І абодва, як выявілася, ня ведалі галоўнага: «простыя людзі» кніг не чытаюць.

Можа быць, таму сьветлае прароцтва Караткевіча і змрочнае прароцтва Карпюка ў роўнай ступені не былі пачутыя.

Бо няма месца прарокам у сваёй Айчыне.

Нават у Гародні.

Бо «простым людзям» заўжды было лягчэй паверыць у хлусьню, чым зьмірыцца зь ісьцінай.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0