МУС Расіі прызнала несапраўднымі пашпарты расіянаў Яўгена Вайцяхоўскага і Паўла Стацко, якія дамагліся рэгістрацыі шлюбу паміж сабой у адным з шматфункцыянальных цэнтраў паслуг (МФЦ) у Маскве.
У паведамленні МУС гаворыцца, што «па факце прастаўлення штампа аб рэгістрацыі шлюбу паміж грамадзянамі мужчынскага полу ў пашпарты грамадзян Расійскай Федэрацыі» праводзіцца службовая праверка.
Не чакаючы вынікаў праверкі, МУС аб'явіла, што супрацоўніца, якая паставіла штамп, і яе непасрэдны кіраўнік будуць звольненыя з органаў унутраных спраў.
Пашпарты Вайцяхоўскага і Стацо са штампам аб шлюбе паміж імі прызнаныя несапраўднымі.
Напярэдадні пра тое, што ў Расіі ўпершыню прызналі аднаполы шлюб паміж мужчынамі, паведаміў тэлеканал «Дождь». Сам шлюб яны заключылі ў Капенгагене, дзе легалізаваныя аднаполыя шлюбы. Пасля чаго пераклалі дакументы аб рэгістрацыі на рускую мову, натарыяльна заверылі іх і падалі ў шматфункцыянальны цэнтр паслуг (МФЦ) у Маскве.
«Там ім паставілі штамп у пашпарце на старонцы сямейнага становішча, пацвердзіўшы, што мужчыны зарэгістравалі шлюб», - паведаміў «Дождь».
Пасля выхаду сюжэту ў эфір кіраўніцтва МФЦ выступіла з абвяржэннем: цэнтры дзяржпаслуг Масквы, казалася ў ім, не прадастаўляюць паслугу па рэгістрацыі шлюбу, а толькі перадаюць пашпарты ў ЗАГСы.
У чацвер са сваім аспрэчаннем выступіла начальнік упраўлення ЗАГСаў Масквы Ірына Мураўёва. Яна заявіла, што ў гэтым выпадку пашпарта павінны былі быць перададзены не яе падначаленым, а ў міграцыйную службу.