Цікавай акалічнасьцю сёлетніх выбараў зрабілася іх мэдыйнасьць. Фактычна, гэта былі выбары 2.0 — карыстаючыся мабільнымі тэлефонамі ды лічбавымі фотаапаратамі, многія назіральнікі здолелі дапамагчы нам зазірнуць у закулісы выбарчых участкаў. Сябры выбарчых камісіяў, якія раней былі бястварымі выканальнікамі загадаў пра яўку ды ўдарныя вынікі галасаваньня, цяпер ператварыліся ў зорак вялікага рэаліці-шоў.

Вось, напрыклад, чарговая падборка відэа, якая зьявілася ў інтэрнэце. Кадры зьнятыя адным з назіральнікаў у Менску, на ўчастку, дзе балятавалася Вольга Казуліна.

«Камісія робіць выгляд, што падлічвае галасы, — камэнтуе аўтар відэа. — Прытым назіральнікі знаходзяцца на адлегласці, з якой нічога не бачна, а некаторыя сябры камісіі яшчэ і робяць «танцы» вакол стала каб замест бюлетэняў мы бачылі іх азадкі». І сапраўды, на відэа мы бачым сапраўдны балетны нумар сяброў камісіі, якія выконваюць «танец маленькіх бюлетэняў»:

А вось відэа, на якім незалежны назіральнік спрабуе сфатаграфаваць бюлетэні ў працэсе «падліку». Дзядзька з камісіі літаральна адпіхвае яго, грудзьмі ўстаўшы на абарону стала зь бюлетэнямі. Мужчыны тузаюцца амаль што ў рытме танга:

У часе падлікаў галасоў бываюць і сапраўдныя дзівосы накшталт аздараўленьня хворых — пазайздросьціў бы нават Малахаў: «Наколькі вы ведаеце, сябрам участковай камісіі не дазваляецца выходзіць з пакою падчас падліку галасоў, — тлумачыць аўтар відэа. — Але ж трэба пазваніць начальству, каб даведацца, якія ж вынікі галасавання трэба ўпісаць у канчатковы пратакол. Дзеля гэтага адна жанчына з камісіі сымулявала прыступ высокага ціску, пайшла з гэтай «нагоды» ў суседні пакой, прытым астатнія сябры камісіі ў гэты час бязьдзейнічалі (мабыць моцна хваляваліся за калегу). Па выздараўленьні «хворай», праз пару хвілінаў, падлік галасоў быў хутка скончаны і на сцяне з'явіўся пратакол зь неверагоднымі вынікамі!»

І вось трагікамічны фінал: УСЕ бюлетэні склалі ў адзін пакунак!

Тэхналёгія шпарка крочыць наперад, лічбавыя відэапрылады робяцца ўсё таньнейшымі, а значыцца наступныя прэзідэнцкія выбары маюць усе шанцы зрабіцца сапраўдным гітом — дастаткова забясьпечыць назіральнікаў лічбавымі фотаапаратамі ды мабільнікамі з відэакамэрамі, а таксама магчымасьцю запампоўваць відэа ў сеціва. Хоць пасьмяемся.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?