Нацыянальны архіў Латвіі апублікаваў засакрэчаныя дакументы КГБ Латвійскай ССР.

У спісе завербаваных грамадзян знайшлі Аляксандра Кудрашова. Цяпер ён — кіраўнік Латвійскай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхата мітрапаліт Аляксандр.

Святар быў завербаваны ў 1982 годзе супрацоўнікам 5-га аддзела 4-га аддзялення Камітэта дзяржаўнай бяспекі Латвійскай ССР Аляксандрам Ішчанкам, які прысвоіў свайму агенту псеўданім «Чытач».

У 1990 годзе Кудрашоў узначаліў Латвійскую праваслаўную царкву.

Адметна, што праз некалькі гадоў ён даручыў кіраваць рэстытуцыйнай уласнасцю… свайму куратару. Як паведамляе kompromat.lv, чэкіст Ішчанка стварыў дзве камерцыйныя арганізацыі, якія мітрапаліт Аляксандр упаўнаважыў «кіраваць і атрымліваць прыбытак з жылых дамоў з гаспадарчымі пабудовамі, якія належаць Латвійскай Праваслаўнай царкве».

Раней у сваёй працы на КГБ прызнаўся кіраўнік праваслаўнай царквы ў Літве, архіепіскап Віленскі Хрызастом. Зрабіў ён гэта па ўласнай ініцыятыве ў 1992 годзе.

У сваю чаргу, раскрыццё польскіх архіваў часоў ПНР выявіла, што агентам польскіх спецслужбаў быў мітрапаліт Варшаўскі Сава, кіраўнік Польскай аўтакефальнай праваслаўнай царквы. Ён меў агентурны псеўданім «Юрэк» і даносіў на калег вельмі актыўна. Увогуле, пры канцы эпохі ПНР Служба бяспекі кантралявала ўсю вярхоўку праваслаўнай царквы ў Польшчы.

У Балгарыі раскрыццё архіваў выявіла, што агентамі бяспекі былі 11 з 14 епіскапаў Балгарскай праваслаўнай царквы. 

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?