З бабруйскай калоніі вызвалены былы старшыня канцэрна «Белнафтахім» Аляксандр Бароўскі,
паведаміў БелаПАН яго адвакат Дзмітрый Гарачка са спасылкай на сваякоў экс‑зняволенага. Паводле афіцыйна не пацверджанай інфармацыі,
А.Бароўскі выйшаў на волю па акце памілавання.

27 сакавіка гэтага года рашэннем Вярхоўнага суда А.Бароўскі быў прыгавораны да пяці гадоў пазбаўлення волі.

Ён быў прызнаны вінаватым у злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі, учыненым з асабістай зацікаўленасці, што пацягнула прычыненне істотнага ўрону дзяржаве. На падставе часткі 2 артыкула 424 Крымінальнага кодэксу А.Бароўскі быў асуджаны на пяць гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі агульнага рэжыму, а таксама на тры гады пазбаўлены права займаць кіруючыя пасады ў дзяржаўных арганізацыях і на прадпрыемствах.

Заяўлены генпракуратурай у інтарэсах ААТ «Нафтан» іск у дачыненні да А.Бароўскага на суму 3 млрд. 428 млн. 800 тыс. рублёў суд пакінуў без задавальнення.

На стадыі папярэдняга расследавання з падсуднага былі зняты два з трох прад’яўленых абвінавачанняў: ва ўчыненні злачынстваў, прадугледжаных арт. 210 (крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі) і арт. 375 (наўмыснае раскрыццё звестак, якія складаюць службовую тайну) Крымінальнага кодэкса.

Прыгавор А.Бароўскаму касацыйнаму абскарджанню і апратэставанню не падлягаў.

Кіраўнік «Белнафтахіма» быў затрыманы 29 мая 2007 года. На гэтую пасаду ён быў прызначаны 27 снежня 2005 года.

Паводле неафіцыйнай інфармацыі, адразу пасля вызвалення 57‑гадовы А.Бароўскі паехаў у царкву.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?