Днём 7 ліпеня ў Брэсце прайшло традыцыйнае кармленне галубоў і шэсце па горадзе ў знак пратэсту супраць будаўніцтва пад Брэстам акумулятарнага завода, піша «Брэсцкая газета».

Сабралася каля 150 чалавек.

Ужо другі раз на «кармленні галубоў» пабываў палітык Мікола Статкевіч. Ён выказаў словы падтрымкі людзям, якія больш за год «стаяць за сваё».

«Немагчыма было не прыйсці і не пакарміць галубоў разам з вамі, выказаць павагу людзям, якія тут больш за год стаяць за сваё. Прыйшлося, шчыра кажучы, «папятляць», каб даехаць да вас», — сказаў Статкевіч

На яго думку, сітуацыя залежыць ад пратэстоўцаў.

«Як толькі аслабіць ціск, усё вернецца зноў. Завод можа быць падараваны некаму, іншаму фаварыту, Лукашэнкам, можа быць дзяржаве запісаны, і гэта будзе самае горшае. Але гарантыі, на жаль, даць немагчыма. Галоўная гарантыя — сумленныя выбары. Калі яны будуць на ўсіх узроўнях, дык хіба мэр будзе супраць вас?» — заявіў Мікола Статкевіч.

Як вынікае з апошняга адказу з аблвыканкама, па стане на 2 ліпеня акумулятарны завод не ўведзены ў эксплуатацыю. Цяпер там ідуць наступныя працы: кансервацыя сістэм ачышчальных збудаванняў, кансервацыя сховішчаў аксіду свінцу, лініі вытворчасці аксіду свінцу і інш.

Будаўніцтва акумулятарнага завода на прамысловай пляцоўцы «Аэрапорт» у СЭЗ «Брэст» пачалося ў канцы 2017 года. Яго запуск першапачаткова планаваўся ў жніўні 2018 года, потым у канцы 2018 года. У 2019 годзе тэрміны таксама не раз адкладаліся.

14 чэрвеня старшыня Брэсцкага аблвыканкама Анатоль Ліс прыпыніў будаўніцтва акумулятарнага завода да ліквідацыі выяўленых парушэнняў.

Пачынаючы з 4 сакавіка мінулага года штонядзелю людзі выходзяць на плошчу Леніна пакарміць галубоў і тым самым выказаць свой маўклівы пратэст супраць завода. За гэта многіх з іх не раз затрымлівалі і штрафавалі.

Актывісты заяўляюць, што будуць выходзіць на плошчу і несці кругласутачнае дзяжурства каля завода, з фота- і відэафіксацыяй, пакуль прадпрыемства не будзе закрыта.

КДБ арыштаваў заснавальніка акумулятарнага завода Лемяшэўскага за хабар

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?