30 ліпеня не стала Алы Мяснянкінай, намесніцы дырэктара Брэсцкай абласной бібліятэкі. Дзякуючы ёй бібліятэка стала значным цэнтрам беларускай культуры ў Брэсце.

Ала Мяснянкіна. Фота «Вечерний Брест».

«Гэта яе намаганьнямі Берасьцейская абласная бібліятэка пачала ладзіць выдатныя міжнародныя навуковыя канферэнцыі «Берасьцейскія кнігазборы», пасьля якіх выходзілі густоўна аформленыя салідныя тамы з найцікавейшымі матэрыяламі па гісторыі кніжнай і выдавецкай справы ды гісторыі краю. Гэта яе намаганьнямі ў абласной бібліятэцы быў створаны і ўвесь час папаўняўся аддзел рэдкай кнігі.

Дзякуючы Але Міхайлаўне ў абласной бібліятэцы пастаянна на працягу многіх гадоў адбываліся розныя краязнаўчыя і беларускія імпрэзы, запрашаліся творчыя асобы, у тым ліку і тыя, якіх цяперашняя ўлада запісала ў свой сьпіс «непажаданых» дзеля іх поглядаў.

Гэта ў тым ліку і яна нястомна прабівала перад уладамі ідэю ўшанаваньня ў помніку славутай Берасьцейскай (Радзівілаўскай) Бібліі. І гэты помнік цяпер стаіць перад бібліятэкай.

Ала Міхайлаўна была выдатным прафесіяналам у сваёй бібліятэчнай справе, якую рабіла ня толькі з абавязку, а ўкладала ў яе сваю душу і сілы, нават тады, калі ўжо цяжка захварэла. Яна была шчырым, адкрытым і прыязным чалавекам, з якім было проста і прыемна кантактаваць. Вечная ёй памяць!» — піша брэсцкі краязнавец Ігар Бараноўскі.

Развітанне з Алай Мяснянкінай плануецца на чацвер, 1 жніўня.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?