Лукашэнка пазіцыянуе сябе як цара і тым самым падрывае асновы павагі да закону. Каментуе Барыс Тумар.

У «Кнігарні «Наша Ніва» сёлета мае выйсці манаграфія прафесара Анджэя Сулімы Камінскага «Рэспубліка супраць аўтакратыі: Рэч Паспалітая і Расія, 1686—1697». Аўтар вывучаў дыпламатычныя кантакты паміж краінамі ў перыяд, калі Расія ўваходзіла ў сілу, пачаўшы эксплуатацыю гіганцкіх калоній Сібіры і Уралу, а Рэч Паспалітая перажывала спад. Нават ад гэтых часоў сілы дзяржаўнага ладу краіны і адданасці яму нашых продкаў хопіць, каб РП пратрымалася яшчэ цэлае стагоддзе. Я згадаў пра гэтую кнігу, калі прачытаў аб прыгожым жэсце, зробленым Аляксандрам Лукашэнкам 6 лютага на нарадзе па ўдасканаленні крымінальнага заканадаўства.

Лукашэнка звярнуўся да міністра ўнутраных справаў Уладзіміра Навумава з загадам: «Калі ласка, заўтра вы іх адвязіце ў вёску, я вас прашу, няхай яны жывуць у вёсцы, а вы вядзіце сваю крымінальную справу, — гэта пра трох палешукоў, якія лінчавалі ашалелага катаржніка, што не даваў спакою вёсцы. — Адвязіце людзей у вёску, і няхай працуюць там, знаходзяцца ў сваіх сем’ях, а вы іх запрашайце і дапытвайце, гэта для іх будзе лепш, чым сядзець у следчым ізалятары».

У той жа дзень абвінавачваных прывезлі з СІЗА ў роднае сяло Пухавічы Жыткавіцкага раёну.

Звяртаючыся да старшыні Вярхоўнага суду Валянціна Сукалы, Лукашэнка ўказаў: «Я папрасіў бы, каб вы лаяльна вялі гэтую крымінальную справу. І вельмі вас прашу, пастаўцеся як да сваіх родных людзей. Ну нягоднік ён, людзей тэрарызаваў, цэлую вёску. Калі ўжо мужыкі на гэта пайшлі, напэўна, яны сапраўды абураныя былі, і ўсё ж простыя людзі на іх баку. Калі трэба прыняць рашэнне ў рамках заканадаўства, я гатовы прыняць, але мне падаецца, вы без мяне там прымеце рашэнне. Гэтых людзей трэба адпусціць, весці следства, няхай гэтае следства ідзе. І нават прашу публічна, не саромеючыся, суд, каб вы вельмі ўважліва паставіліся, і калі ёсць магчымасць, падтрымалі гэтых людзей. Нельга іх саджаць! Што гэта — вялікі чалавек загінуў? Па турмах туляўся, прыйшоў і яшчэ тэрарызуе цэлую вёску».

Файная папулісцкая інсцэнізацыя перад тэлекамерамі. Сарказі таксама папуліст, але немагчыма ўявіць сабе такі жэст у ягоным ажыццяўленні, ці нават у Буша, хоць той паходзіў з франціру, на якім суды лінчу колісь былі дазволеныя заканадаўствам. У дэмакратычных краінах судовая ўлада незалежная ад выканаўчай. Гэта закон.

Манарх, якога стагоддзямі прызнавалі беларусы і якому былі верныя, — кароль Рэчы Паспалітай — не мог сваёй воляй пакараць самага дэградаванага грамадзяніна. Закон не дазваляў. Грамадзянаў — імі на той час была шляхта, якая складала 10 працэнтаў насельніцтва краіны — мог пакараць толькі адпаведны суд.

Мілаваць кароль мог і карыстаўся гэтым правам — але толькі пасля рашэння суда.
З дзяржаваю атаесамляліся грамадзяне, а не кароль, якога яны абіралі. «Дзяржава — гэта мы», лічылі грамадзяне, і адпаведна дзейнічалі, і дзякуючы гэтаму Рэч Паспалітая была ўтварэннем, якое пратрымалася шмат стагоддзяў сярод мацнейшых і агрэсіўных суседзяў.

Зусім інакшым быў фармат Маскоўскае дзяржавы. Тут ужо ніякага «мы», акрамя «мы, цар Вялікія і Малыя і Белыя...». «Дзяржава — гэта я», больш за тое, у адрозненне, скажам, ад караля‑сонца Людовіка XIV, цару належала не толькі заканадаўчая і выканаўчая ўлада, а і судовая, ды яшчэ і сакральная роля.

Характэрнай рысай царскае сістэмы было тое, што менавіта цар меў манаполію на ажыццяўленне правасуддзя,
і Суліма‑Камінскі бліскуча апісвае, як гэта функцыянавала і што з гэтага вынікала.

Як прадэманстраваў іншы гісторык, Эдвард Кінан, расійскім чыноўнікам забаронена было згадваць неўраджаі ці эпідэміі, бо гэта магло пашкодзіць царскай рэпутацыі. («Крызісу ў нас няма».) Забаранялася прызнаваць ваенныя паразы ці памылкі адміністрацыі, бо пад началам цара не бывае памылак. У выніку Расія трапляла ў бясконцае кола хлусні (якое ў наш час называецца статыстыкай і рэйтынгамі). Суліма-Камінскі прыводзіць цытаты з данясенняў дыпламатаў Рэчы Паспалітай, якія напачатку проста шалелі ад гэтай рытуальнай маны ў вочы, мяркуючы, што з іх здзекваюцца, пакуль не прывыклі.

Cамасуд на Палессі адбыўся ад таго, што сілавыя структуры самаўхіляюцца, бездзейнічаюць, працуюць неэфектыўна
— хто з нас з тым не сутыкаўся — перадусім праз дысфункцыянальнасць сістэмы, у якой аператыўныя работнікі задыхаюцца ад перагрузкі пры адначасовай раздзьмутасці апарату палітычнага вышуку. Адбыўся таксама праз хібы ў законах, якія не дазваляюць ізаляваць тыпаў, як жыткавіцкі падпальшчык. І праз жахлівую сацыяльную дэградацыю рабскае вёскі.

Беларускі цар таксама мілуе і карае. У цара можна дабіцца справядлівасці. Цар — бацька. Калі што не так, то цар проста пра гэта не ведае. Цар ніколі не памыляецца. Ён бездакорны. Вось які вобраз ствараюць Лукашэнку. Народны цар, «адзін з нас, вынесены наверх», заступнік простага чалавека («простыя людзі на іх баку»).

Архетып цара актыўна выкарыстоўвалася і выкарыстоўваецца Лукашэнкам пры рэалізацыі ягоных паліттэхналагічных схемаў.
«Вы ў нас трошкі большы чым Бог», —калісьці трапна схапіў гэта берасцейскі ваявода. Сама выбраная мянушка «Бацька» адсылае як да падняпроўскіх казацкіх атаманаў, так і да цара‑бацюхны, айца народу.

Як і цара, «Кіраўніка дзяржавы» не дазволена крытыкаваць нават у малым. Ва ўсіх могуць быць «недочеты» — у Адміністрацыі прэзідэнта, у міністраў, у генералаў — але не ў цара.

Ну і як жа вялікаму цару можа гаварыць на мове малое нацыі? Не па чэсці...

Прэзідэнт можа памілаваць — але толькі пасля таго, як вынес сваё рашэнне незалежны суд.
Так дзейнічае еўрапейскае правасуддзе. Пакуль будзе іначай, Беларусь будзе заставацца краінай тыранічнай.

Самадзяржаўе Лукашэнкі — ужо не проста імідж. На сёння Лукашэнка дэ‑факта трымае ў сваіх руках заканадаўчую, выканаўчую і судовую ўладу. Фармальна замацаваны ў Канстытуцыі падзел уладаў не рэалізуецца на практыцы.

Які ён «еўрапейскі лідэр» пры такім стаўленні да права і нацыянальнае мовы, пры адсутнасці падзелу ўладаў?

Спагада моцным хлопцам з‑над Прыпяці не павінна засланяць ад нас абсалютную заганнасць аўтакратычных прыёмаў з гледзішча прававой дзяржавы.
Патрэба мець у дзяржаве моцную, г.зн. эфектыўную ўладу і падмацоўваць яе палітычнай папулярнасцю не дае права правам пагарджаць.

Як палітычны інстытут, кароль Рэчы Паспалітай быў «слабейшы» за расійскага цара. Аднак звярніце ўвагу, што ніводзін кароль і ніводзін ягоны нашчадак не былі забітыя, не скончылі сваіх дзён у турме. Іх часам выганялі, пераабіралі, але не забівалі і не садзілі ў турму. У Расіі цароў труцілі, душылі, забівалі, памяшчалі ў манастыр, самі цары забівалі сваіх дзяцей — патэнцыйных змоўшчыкаў. Абсалютная цана абсалютнай улады.

Хачу звярнуць увагу, што

царская форма ўлады была ўласціва расійскай тыраніі, але не Беларусі з яе традыцыямі,
з аднаго боку, рэспубліканізму, з другога, ВКЛаўскай алігархіі.
Прышчапляць царызм нашай краіне — азначае палітычна і ментальна русіфікаваць.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0