Аператар сотавай сувязі стандарту GSM ЗАТ «Беларуская сетка тэлекамунікацый» (гандлёвая марка life:)) за апошнія чатыры месяцы 2008 года (верасень—снежань) панёс страты на 13,87 млн. даляраў ЗША.

Пра гэта гаворыцца ў апублікаванай справаздачы кампаніі Turkcell, якая валодае 80% акцый беларускага аператара.

Паводле звестак на канец 2008 года ў life:) было 231 тыс. абанентаў. Актыўную дзейнасць на беларускім рынку пад новым брэндам аператар пачаў у снежні мінулага года.

ЗАТ «Беларуская сетка тэлекамунікацый» зарэгістравана 5 лістапада 2004 года. Пасля падпісання кантракта 29 ліпеня 2008 года ўвайшло ў міжнародную групу кампаній Turkcell. У канцы жніўня мінулага года Turkcell пералічыў першы плацеж у 300 млн. долараў за атрыманыя 80% акцый «БеСТ». Дадатковыя плацяжы па 100 млн. долараў будуць ажыццёўленыя 31 снежня 2009 і 2010 гадоў. Яшчэ адзін плацеж на 100 млн. долараў будзе ажыццёўлены пасля атрымання кампаніяй «БеСТ» станоўчага гадавога даходу.

Цяпер заснавальнікамі кампаніі «Беларуская сетка тэлекамунікацый» выступаюць кампанія Turkcell Group (80%) і Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Беларусі (20%).

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0