Разам з Букмекерскай канторай Леон мы раскажам вам пра ўсе цікавосткі найлепшага на сёння футбольнага першынства ў Еўропе.

Другі тур даў нам больш прадказальных выпадкаў, чым стартавы, але і тут не абышлося без сенсацый. Калі зазірнуць у прамежкавую табліцу, то на самым яе дне вы знойдзеце ў кампаніі «Белшыны» і «Гарадзеі» БАТЭ і мінскае «Дынама». Топы беларускага футбола пачалі турнір з дзвюх параз, а мінчукі, з улікам кубкавых, наогул прайгралі усе чатыры афіцыйныя гульні ў сезоне.

У заўзятараў «Дынама» вельмі няпросты час. Фота: ФК «Дынама-Мінск».

У заўзятараў «Дынама» вельмі няпросты час. Фота: ФК «Дынама-Мінск».

Першы радок дзеляць дзёрзкія андэрдогі з «Мінска» і «Энергетыка-БДУ». А таксама «Тарпеда-БелАЗ» з «Іслаччу», якія здабылі па дзве мінімальныя перамогі. 

Вось як скончыліся матчы другога тура:

  • «Тарпеда-БелАЗ» — «Белшына» 1:0 (50, Гарбачык)
  • «Рух» — «Энергетык-БДУ» 0:1 (43, Мірошнікаў)
  • «Слуцк» — «Дынама-Брэст» 0:1 (18, Мілеўскі)
  • «Славія» — БАТЭ 2:1 (32, 38, Мельнікаў — 10, Вілюмсан)
  • «Мінск» — «Дынама-Мінск» 3:2 (1, Хвашчынскі; 41, Чагавец; 45, Грыбоўскі — 77, Шыкаўка (п); 80, Бахар)
  • «Гарадзея» — «Шахцёр» 0:2 (56, Дыясамідзэ; 89, Падстрэлаў)
  • «Іслач» — «Смалявічы» 1:0 (9, Янсанэ)
  • «Нёман» — «Віцебск» 2:0 (51, Кадымян; 58, Кантарыя (п))

Цяпер пераходзім да анонсу матчаў трэцяга тура.

«Белшына» — «Гарадзея»

Абедзве каманды прадказальна няўдала пачалі сезон. Для «Гарадзеі» марудзіць на старце — справа звыклая, а бабруйчане проста пацвердзілі свой статус аўтсайдараў.

Цяпер ёсць шанец набраць першыя турнірныя балы. Але гарачай гульні чакаць не варта: на дваіх у каманд усяго адзін забіты мяч.

Прагноз «НН»: «Гарадзея» не прайграе. Тотал, меншы за 2.5.

«Дынама-Мінск» — «Тарпеда-БелАЗ»

Нягледзячы на тое, што каманды знаходзяцца на розных полюсах табліцы, «дынамаўцы» застаюцца фаварытамі гульні. Але варта нагадаць, што мінчукі вось ужо два гады не толькі не могуць выйграць у «Тарпеда», але нават і забіць. 

Фота: ФК «Тарпеда-БелАЗ»

Фота: ФК «Тарпеда-БелАЗ»

Жодзінцы хай і з трэцяй спробы, але ўсё ж змаглі зняць скальп з «Шахцёра». Ці стане «Дынама» яшчэ адной ахвярай канспектаў Юрыя Пунтуса?

Прагноз «НН»: «Тарпеда» не саступіць.

«Шахцёр» — «Нёман»

Пасля крыўдных параз у першым туры салігорцы і гарадзенцы здабылі ўпэўненыя перамогі. Цяпер каманды чакае вочная сустрэча, але без падтрымкі фанатаў, якія пачалі байкот.

«Шахцёр» выглядае відавочным фаварытам гульні як на паперы, так і на раскладках букмекераў. Пакуль мы так і не пабачылі сапраўдную моц каманды Вернідуба. Ці зможа з гэтым нешта зрабіць «Нёман»?

Прагноз «НН»: «Шахцёр» пераможа.

БАТЭ — «Рух»

Мы прадказвалі, што стабільнасць дапаможа БАТЭ роўна прайсці сезон, але атрымалася так, што барысаўцы сталі закладнікамі сваёй аднастайнай гульні. Яшчэ і абарона не цягне — на дадзены момант барысаўцы прапусцілі больш за ўсіх.

Што тычыцца «Руха», то тут якраз складана зрабіць высновы па двух матчах. Берасцейцы выйгралі ў мацнейшага суперніка і прайгралі супастаўнаму па ўзроўні. Чым каманда Сяднёва збіраецца здзіўляць экс-гегемона?

Прагноз «НН»: спрагназуем першую перамогу БАТЭ, але наўрад ці жоўта-сінія заб'юць шмат.

«Дынама-Брэст» — «Славія»

Берасцейцы ў мінулым туры гасцявалі ў Слуцку і змаглі здабыць першую перамогу дзякуючы голу Арцёма Мілеўскага. Але «Дынама» было вельмі няпроста ў змаганні са «Слуцкам»: у другім тайме случчакі мелі шмат магчымасцяў зраўняць лік і нават выйсці наперад, але падвяло майстэрства футбалістаў.

«Славія» пасля перамогі над БАТЭ рыхтуецца да матчу з чэмпіёнам, і відавочна, што берасцейцам будзе няпроста.

Мікіта Мельнікаў забіў БАТЭ двойчы і быў прызнаны найлепшым гульцом тура. Фота: ФК «Славія».

Мікіта Мельнікаў забіў БАТЭ двойчы і быў прызнаны найлепшым гульцом тура. Фота: ФК «Славія».

Прагноз «НН»: «Дынама» пераможа, абедзве каманды заб'юць.

«Энергетык-БДУ» — «Мінск»

Ці мог нехта ўявіць, што матч з вывескай «Энергетык» — «Мінск» калісьці будзе матчам лідараў чэмпіянату? 

Летась абодва дэрбі мінскіх каманд выдаліся вельмі гарачымі: у траўні гульня скончылася з лікам 3:3, а восенню «Энергетык» разграміў «Мінск» з лікам 6:1, а Ілля Шкурын адзначыўся чатырма галамі.

Чакаем такой жа багатай на забітыя мячы гульні і ў нядзелю.

Прагноз «НН»: Тотал, большы за 2.5.

«Віцебск» — «Смалявічы»

Віцебск сёння з'яўляецца другім пасля Мінска гарачым пунктам распаўсюду каранавіруса. Лагічна, што з'явіліся меркаванне пра перанос гульні ў іншы горад. Але матч пройдзе як запланавана.

«Смалявічы» прайгралі «Іслачы» пры вялікай колькасці магчымасцяў. Але сыграў ролю клас каманды, якога не хапае камандзе Бразевіча. Але за «Смалявічамі» цікава будзе паназіраць у далейшым.

Прагноз «НН»: Тотал, большы за 2.5.

«Іслач» — «Слуцк»

І на дэсерт сустрэча дзвюх самых медыйных каманд чэмпіянату. Знакаміты баяніст-заўзятар «ваўкоў» Валерый Калантай запісаў нават кліп-пасланне каранавірусу.

У міжнароднай фан-суполцы «Слуцка» ў Facebook ужо больш за 2500 сяброў. Клуб запусціў збор сродкаў, каб ахвотныя па ўсім свеце маглі дапамагчы клубу ў складанай сітуацыі.

Што тычыцца гульні, то апошнія тры сезоны «Слуцк» выключна перамагае «Іслач» на выездзе. Цікава, ці працягнецца тэндэнцыя?

Прагноз «НН»: Тотал, меншы за 2.5.

У сувязі з распаўсюдам каранавіруса мы не раім вам наведваць людныя мерапрыемствы, у тым ліку футбольныя матчы. Калі ўсё ж вырашыце пайсці на стадыён, прытрымлівайцеся мераў засцярогі.

Дзяліцеся прагнозамі ў каментарах. Калі лічыце сябе экспертам у беларускім футболе, зрабіце стаўку ў Букмекерскай канторы Леон!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?