Ёсць у нашай краіне куток, нібы наўмысна пакінуты людзьмі птушкам — Асвейшчына. Піша Сяргей Харэўскі.

Тысячы іх гняздуюцца тут, сотні тысячаў робяць прыпынак па дарозе ў вырай, а для некаторых вырай — у Беларусі. Сюды яны імкнуцца ўзімку з палярных шыротаў.

Асвейскае возера. Улетку тут гняздуюцца высакародныя белыя чаплі, безліч белых буслоў і столькі чаек‑кірляў, што белым бель у вачах. Цяжка даць веры, што некалі гэта быў заможны і абходжаны край. Сёння гэта памежная зона, тупік, міма якога прайшлі ўсе дарогі.

Край Яна Баршчэўскага, Ігната Храпавіцкага, Напалеона Орды. Шчасна і мірна перажыўшы ХІХ стагоддзе, ён быў дашчэнту спапялёны ў вайну апошнюю. Цяпер Асвейшчына — знелюднелы рай для птушак.

Край Завальні

Лес на сумежжы Полаччыны і Асвейшчыны — дрымучы, чорны, не падобны да светлых сасоннікаў вакол Мінску. Скрозь гушчар віхляе пакручастая Дрыса. А на другім яе беразе — светла‑светла. Там краявід месцамі нагадвае тундру. На месцы колішніх палеткаў усё задзірванела ды парасло балотнымі імхамі. І мільярды пярэстых красак увесну расквечваюць далягляд.

У Дзёрнавічах на беразе Дрысы засталіся рэшткі шыкоўнага парку. Вёска гэтая некалі належыла пану фон Тэшэ, адстаўному расійскаму генералу, герою 1812 году. Расповеды пра дзівакаватасць гэтага старасвецкага пана дасёння бытуюць у ваколіцах. Слухаючы іх, разумееш, адкуль узяліся байкі шляхіціца Завальні.

Між Дзёрнавічамі і Задзежжам ляжаць пусткі, рэдкалессе, балаціны. Сапраўдная Поўнач. То тут, то там блішчыць вада. Сетка рэк на Асвейшчыне — найгусцейшая ў Беларусі. Амаль усю ваду адсюль збірае Дзвіна, толькі на крайняй поўначы вада сцякае рэчкай Сінюхай праз Латвію, дзе яе завуць Зілупэ, у Расію, у слыннае Чудскае возера.

Курганы

Задзежжа — вялікая вёска сярод пустак. Уражвае, што тут амаль няма садоў. Уздоўж дарог курганы, курганы. Асвейшчына шматкроць была полем бязлітасных і працяглых войнаў. Курганы ля гарадзішча Урагава, курганы ў Бароўцы, у лясах над Свольнаю высачэзная Французская Гара.

Непадалёк — Каханавічы. Вёска на ростанях, тут нарадзіўся Ігнат Храпавіцкі, паэт, асветнік ды фалькларыст. Пан Храпавіцкі з суседзямі, панамі Убры і Шчытам, распрацаваў праект скасавання паншчыны яшчэ ў 1850 г. Яго не зразумелі. Калі ж у 1861 г. касавалі прыгон, Храпавіцкі быў узнагароджаны медалём «За труды по освобождению крестьян» і абраны маршалкам дваран Віцебскай губерніі. Ён напісаў «Погляд на паэзію беларускага народа» з дадаткам назіранняў над асаблівасцямі беларускай мовы — першай гісторыка‑параўнальнай характарыстыкі нашага фальклору.

Дзеці вызваленых ім сялянаў на чале з бальшавікамі пусцілі дымам барочны палац Храпавіцкіх. Засталіся адно чысты лужок, дзве сажалкі ды старая прысада з вячыстымі ліпамі, хвоямі ды лістоўніцамі.

Святая гара

У вёсцы Стралкі, што над рэчкаю Вужыца, дарога разыходзіцца на Асвею і на Лісна, вёску над чароўным возерам, што аточана, бы ружанцам, курганамі ды крыніцамі ў дзікіх лясах. Ля Стралкоў ёсць Святая гара. Побач з гарой знаходзіцца Святое возера, у якім здаўна забаранялася лавіць рыбу.

Ліснянскае возера

Самае старажытнае паселішча ляснога краю — вёска Лісна, нібы галандскае мястэчка на каналах, прытулілася на мысе між возерам Ліснянскім і рэчкаю Свольнаю. Каляровыя шчыты фасадаў глядзяць на ваду скрозь пярэстыя феерверкі кветак. Вабяць зручныя для стаянак берагі, шырокія пясчаныя берагавыя водмелі, празрыстая да дна «срэбная» вада, раскошныя лясы.

На возеры пануе трымцлівая благавейная ціша. Зрэдзьчас, матлянуўшы чорным, шызым ды белым пер’ем, нібы індзейскі правадыр, у ваду вакамгненна ўдарыць арлан, каб кіпцюрамі‑восцямі працяць рыбіну. Так, той самы арлан, што на гербе ЗША. Гэта самая вялікая наша драпежная птушка гняздуецца ў гэтых глухіх мясцінах.

Лісна — самае старажытнае паселішча ляснога краю. Гэтую вёску цар калісьці падарыў расійскаму пісьменніку Фанвізіну.

Ад паўночнага берагу Ліснянскага возера пачынаецца Расія.

Царкоўна

У вёсцы Царкоўна два гады таму я сустрэў 102‑гадовую Алену Глінскую. Гэта жыццярадасная кабета, нібы Маленькі Прынц, штодзень назірала за заходамі сонца над возерам, перасоўваючы свой услончык. Уразіла яе сакавітая, чыстая беларуская мова, песні, расповеды пра Купалле, пра былую веліч вёскі, пра рэпрэсіі і апошнюю вайну. Саветы, кажа Алена Глінская, горшыя за нацыстаў, бо немцы прыйшлі і сышлі, а саветы здзекваліся з людзей несупынна, вывозілі, расстрэльвалі, адбіралі дабро … Са скрухаю баба ўспамінала, як раней перазовы званоў тузіну цэркваў, касцёлаў луналі па ўсім Асвейскім возеры, як вакол былі ахайныя палі збажыны і лёну, «як пойдуць касцы ў хвалі сакаўное травы, нібы лебедзі плывуць, у белых кашулях» (Божа, якая мова!). А цяпер — усё хмызам зарасло. Спевы бабы Алены на сконе дня над Асвеяй я не забуду ніколі.

Асвейскае возера

Асвейскае возера то набліжаецца да дарогі, то аддаляецца. Бывае, у ранішнім тумане ці ў вечаровай смузе супрацьлеглы бераг не праглядаецца — возера ўражвае памерамі. Яго плошча больш за 53 кв. км. За тысячы гадоў вялізную сваю частку яно аддало балотам. У ветранае надвор’е вадзяная маса перамешваецца да дна і моцна насычаецца кіслародам, а ўлетку добра праграваецца. Таму тут багата рыбы, аж 22 віды. Жыве тут і вялізарная папуляцыя ракаў.

Шведскае мястэчка

Мястэчка Асвея, што на ўзбярэжжы, — самае паўночнае гарадское паселішча Беларусі. Яму больш за тысячу гадоў. Пра ягоных заснавальнікаў гаворыць назва: свеўскае, свейскае, г.зн. шведскае. І тысячу, і паўтысячы гадоў таму Падзвінне было аб’ектам вялікай цікавасці скандынаўскіх гасцей.

Пра гэта сёння са скрухаю ўзгадваецца ў Асвеі, дзе няма гатэлю, рэстарану і нават, pardonnez‑moi, грамадскае прыбіральні. Так што, едучы туды, закідайце ў багажнік усё для жыцця — аж да пітной вады.

З 1924 г. па 1959 г. Асвея была цэнтрам раёну. У 1925 годзе з мэтай лепшага абслугоўвання нацыянальных меншасцяў у Асвеі быў створаны яўрэйскі нацыянальны савет. Сёння ў Асвеі ад былой велічы засталіся сталоўка, пара крамаў і бетонныя пліты ў якасці пляжу.

Славутасцю Асвеі быў вялізарны палац, збудаваны ў XVIII ст. мінскім ваяводам Янам Аўгустам Гільзенам. Хорам з пяці корпусаў з чатырма галерэямі выглядаў зверху вялізнай птушкай з распасцёртымі крыламі і здзіўляў планіроўкай: галоўных пад’ездаў было чатыры, па ліку пораў году; унутраных уваходаў — дванаццаць, па ліку месяцаў; пакояў і залаў было па колькасці тыдняў у годзе, вокнаў — па ліку дзён. Тут была люстраная бальная зала ў стылі Людовіка XV. Можа калісьці яго адбудуюць у якасці гатэлю?

Прысады старадаўніх дрэваў уздоўж каналаў, па якіх паны каталіся ў гандолах, нагадваюць цяпер нейкі фантастычны трапічны лес…

Востраў

Галоўны гонар цяперашняе Асвеі — Востраў. Бязлесыя схілы на поўдні строма абрываюцца да вады. На вяршынях, схілах і ля падэшвы ўзгоркаў раскіданыя валуны. Пра некаторыя ёсць нават паданні. А ў адзін камень увесь час шугае маланка… Востраў на Асвейскім возеры самы вялікі ў нашай краіне — 5 кв. км. Ёсць тут два дагістарычныя гарадзішчы: Гарадок і Перуноўка. Некалі было сяло з балцкай назваю Ду (па‑літоўску «два») з уласным прыходам і царквой Раства Багародзіцы. Да вайны вёска Востраў налічвала 65 двароў. Апошнія астраўляне з’ехалі ў 1970 г. Сёння тут гойсае па колішніх палетках паўдзікі табун мясцовай конна‑спартовай базы.

Востраў адабрала ў чалавека прырода. Вакол яго на возеры гняздуе паўтара дзесятка відаў вадаплаўных птушак. У пералётах з выраю і ў вырай на возера сядаюць яшчэ 18 відаў. На востраў па апошнім лёдзе прыходзіць цяжарная ласіха і па першым лёдзе сыходзіць з падгадаваным у бяспецы ласянём. Тут гойсаюць барсукі, шашкі, куніцы. Развяліся ўжо і бабры, выдры, норкі, андатры. Але галоўны тут персанаж — стары казёл Барыс, які, як грозны вартавы, сустракае ўсіх гасцей і радасна бяжыць гуляцца‑бадацца.

Увосень, калі начныя халады расфарбуюць лісце і чараты ў тысячы барваў, над возерам стане белым‑бела ад лебедзяў і буслоў, вядомых і невядомых птушак, што збіраюцца адсюль у далёкую Птушыную Дарогу. А калі ўвесь гэты знямелы край ухутаюць снежныя сувоі, і ён пераўтворыцца ў неабсяжную ледзяную пустыню, сюды залятуць белыя пардвы‑курапаткі, а за імі і белыя палярныя совы. І сярод гэтае белае цішы пачуецца раптам адно самотны царкоўны звон.

Сяргей Харэўскі

Асвея на паўднёвым беразе Асвейскага возера. Насельніцтва 1,3 тыс. чалавек. 37 км ад чыгуначнай станцыі Верхнядзвінск на лініі Полацк—Дзвінск.

Асвейскія гарадзішчы адносяцца да пасяленняў балцкіх пляменаў. Першае летапіснае ўпамінанне — 1503 г. Шматкроць знішчалася маскоўскімі войскамі. У 1749 г. пераходзіць ва ўладанне да менскага ваяводы Яна Аўгуста Гільзена. Тут былі пабудаваныя велічны палац і прыгожы касцёл, разбіты вялікі парк, гімназіюм, дзейнічаў шпіталь пры кляштары.

Чаплі.

Здзічэлае Асвейскае возера. Парэшткі старых кладак.

Камень на востраве, у які трапляе маланка.

Палац Гільзена ў Асвеі.

Глядзі таксама:
Мазырскае барока
Балдук mon amour
Край за небакраем, або Беларуская Прусія
Мяжа між Усходам і Захадам

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру