Горадзенскага доктара гісторыі Алеся Смалянчука затрымалі падчас маршу салідарнасьці ў Горадні 20 верасьня, піша «Свабода».
Яго завялі ў аўтазак адным зь першых, на Віленскім завулку. Там адбыліся асноўныя затрыманьні сёньня.
Яго самога ня білі, але ён бачыў мажнага мужчыну, які ляжаў на падлозе ў аўтазаку без прытомнасьці. Потым бачыў яшчэ аднаго хлопца, якога пабілі пры затрыманьні. Той скардзіўся, што баліць бок, нібыта зламаная рабрына, і пабіты локаць.
Аўтазак з 14 людзьмі, дзе быў Смалянчук, прывезьлі ў Кастрычніцкі РАУС. Мужчын паставілі тварам да сьцяны. Жанчын трымалі асобна.
«Калі цягнулі, то гарэлі ў хлопцаў вочы… А потым падкрэсьленая ветлівасьць. «Паветра няма», — нехта крычыць. Уключаюць паветра ў аўтазаку. Жанчынам давалі ваду. У РАУС размаўлялі на «вы», — кажа пра ўмовы гісторык.
Калі міліцыянты даведаліся, што перад імі прафэсар Варшаўскага ўнівэрсытэту, то акцэнтавалі на гэтым увагу. «Вам, напэўна, зараз прэмію ў Польшчы выпішуць? Гэта я пытаюся з чыстай цікаўнасьці», — згадаў словы міліцыянта Смалянчук.
Ён вырашыў не адказваць на такое пытаньне.
Гісторыку прапанавалі пагутарыць, але ён адказаў: «Вы не зразумееце».
Урэшце Смалянчуку выпісалі адміністрацыйны пратакол за ўдзел у недазволеным масавым мерапрыемстве і адпусьцілі.