Так, рэальны бізнэс ужо наракае на тое, што еўрапейскія банкі не пераводзяць грошы ў Беларусь або робяць гэта па вельмі мудрагелістым працэдурам. 

Еўрапейскаму банку прасцей адмовіць, чым разбірацца, што гэта за бізнэс.

«Працаваць з Беларуссю еўрапейцам стала вельмі складана. Адказнасць за парушэнне санкцыйнага рэжыма — турма.

І калі раней было ясна, як працаваць з персанальнымі санкцыямі ( проста не гандляваць з таксічнымі кампаніямі і людзьмі), то з увядзеннем сектаральных санкцый стала інакш.

Еўрапейскаму банку правесці плацёж у бок Беларусі — зарабіць 15 даляраў камісіі, то-бок адмовіць — гэта ўсяго толькі не зарабіць 15 даляраў і дакладна не нарвацца на крымінальны артыкул, вось як гэта выглядае ў вачах еўрапейскага банкіра. Адмовіць прасцей, чым разбірацца, чым ты там насамрэч займаешся ў Беларусі.

Можа быць, твая кампанія прадае дзверы, але яшчэ і калій? Вокны, але яшчэ і нафту? Камп'ютарны софт, а яшчэ і мазут? Звязаны ты з галінамі пад сектаральнымі санкцыямі, не звязаны? Беларусь не робіць эксклюзіўных тавараў, якія нідзе больш не купіш, таму, натуральна, многія проста абяруць — і ўжо абіраюць, — альтэрнатывы з Украіны, Літвы, Польшчы ці нават Расіі, каб пытанне завіслых пераводаў нават не стаяла», — кажа нам бізнэсмен, які адпраўляе ў Еўропу тавары. 

Скрыншот з ліста банка SEB, які нядаўна атрымалі многія яго кліенты

Скрыншот з ліста банка SEB, які нядаўна атрымалі многія яго кліенты

«Плацяжы ў бок Беларусі ўскладніліся яшчэ пасля Крыма: да таго плацёж даходзіў за 15 хвілін, потым сталі суткі падпісваць паперы, што гэтыя сродкі не будуць накіраваныя на вайсковыя мэты, што ты не спансіруеш агрэсію і гэтак далей.

Цяпер швейцарцы шмат каму проста не аддаюць грошы, бо патрабуць пацвярджэнне, што гэтыя грошы не ідуць на падтымку рэжыму. А дзе ўзяць такое пацвярджэнне? — дадае іншы бізнэсмен, які валодае заводам.

— Мала хто з сапраўды багатых людзей цяпер ездзіць у Беларусь, многія выехалі, з трывогай назіраюць за бізнэсам з-за мяжы. І калі раней неяк можна было дамаўляцца, каб цябе не кашмарылі, напрыклад, праз чыноўнікаў, то цяпер гэта немагчыма — усе цвярозыя голавы адсунутыя ў бок». 

Страхавыя кампаніі таксама не хочуць рызыкаваць

Чуваць трывожныя сігналы і з боку рытэйлу — замежныя партнёры мяняюць правілы. 

«Буйным пастаўшчыкам пляваць, што тут адбываецца, бо іх вялікія ўгоды страхуюць страхавыя кампаніі. І вось на гэтым этапе ўжо пачаліся праблемы, бо страхавыя бачаць рызыкі і перастаюць страхаваць угоды ў тых памерах, як рабілі гэта раней. Груба кажучы, раней рытэйлер закупляў імпартнага тавара на 100 рублёў і ўсё было нармальна, а цяпер страхавая кажа: «Не, я не буду страхаваць угоду на 100 рублёў, уразаем ліміты, максімум — на 50, бо бачу рызыку ў невяртанні сродкаў, арышце тавара, немагчымасці дабіцца праўды ў судзе, зрыве паставак і гэтак далей». 

Пастаўшчык гэта слухае і кажа, маўляў, добра, я табе дам на 50 рублёў, а астатнюю палову, якую ты раней браў на рэалізацыю, ты або не бярэш, або бярэш па 100% перадаплаце. А адкуль узяць грошы на перадаплату? Іх і раней не было, а цяпер і рынак сціскаецца. У выніку прадпрыемства зніжае абароты, скарачае людзей», — кажа прадстаўнік буйнога рытэйлу. 

А што адбываецца з ІТ? 

«Для інвестара ёсць нейкі набор прымальных рызык: ідэя «не стрэліць», рынак не знойдзецца, каманда разбяжыцца. Гэтыя рызыкі можна неяк аналізаваць і працаваць з імі, — кажа буйны ІТ-бізнэсмен. 

— Але ёсць рызыкі непрымальныя: што тваіх людзей ні за што кінуць за краты і ты не зможаш іх абараніць, што ў цябе, нарэшце, проста без тлумачэнняў забяруць грошы і заблакуюць рахункі. 

фота Dev.by

фота Dev.by

Беларусь і раней не славілася незалежнай судовай сістэмай, але цяпер гучыць тэзіс, што ў краіне «не да законаў». Што робіць інвестар у такой сітуацыі? Ідзе ў зразумелую і надзейную юрысдыкцыю.

Як правіла, гэта балтыйскія краіны, На практыцы цяпер гэта выглядае так: калі ў цябе ёсць класная ідэя, то табе грошы дадуць пры адной умове — ты адкрываеш кампанію ў якой Эстоніі і перавозіш туды людзей.

Калі ў цябе ўжо ёсць праект, дзе ёсць значныя сродкі замежных інвестараў, цябе проста ставяць перад умовай: «Мы хвалюемся за свае грошы, трэба вывозіць інжынераў і топ-менеджараў за мяжу». Ну і людзі з’язджаюць, кампаніі перавозяцца.

Цяпер у Беларусь банальна цяжка лётаць на перамовы, і з Беларусі таксама. Вы ўяўляеце сабе інвестара, які будзе суткі дабірацца да Беларусі, а потым столькі ж назад?» 

Суразмоўцы таксама кажуць, што пашырэнне бізнэсаў у Беларусі ўжо выглядае вельмі туманна. 

«Любому сур’ёзнаму бізнэсу трэба расці, трэба крэдытныя сродкі. Нават калі ты рэгіструеш прадстаўніцтва ў ЕС, прыходзіш з тым, што табе трэба крэдыт, яны глядзяць дакументы, усё іх задавальняе, а потым пытанне — а, вы з Беларусі? Давайце пачакаем.

Заходнія інстытуты асцерагаюцца працаваць з дзяржаўнымі банкамі

Заходнія інстытуты асцерагаюцца працаваць з дзяржаўнымі банкамі

Спыняюцца інвестыцыйныя праекты з «доўгімі» і таннымі грашыма, а «доўгіх» і танных грошай у Беларусі ў прынцыпе няма, яны ёсць толькі на Захадзе. 

У банкаў няма жадання даваць грошы, бо яны бачаць шмат рызык, пры гэтым усе клеркі ў міжнародных фінансавых інстытуцыях сыходзяць з логікі «не згубіць».

У іх грошай хапае, яны вольныя выбіраць, каму іх даваць, чарга стаіць. І як толькі яны бачаць незразумелую сітуацыю, санкцыі — усё, ступар, ім такое не трэба, яны пойдуць у іншае месца, дзе не будзе рызык», — кажа бізнэсмен, які ўжо ў працэсе рэлакейту кампаніі. 

Нават тыя, хто ўжо не задумваецца пра развіццё і пашырэнне бізнэсу, а хоча яго прадаць, сігналізуюць аб праблемах: 

«Стала цяжэй прадаць бізнэс. Шчыра кажучы, нават даляравыя мільянеры ўжо разумеюць, што яны такія толькі намінальна, кошт актываў у Беларусі ў рэальнасці нашмат меней, чым ён рэальна ёсць. 

Умоўна, ёсць у цябе актываў у Беларусі на 10 мільёнаў даляраў — але каму ты прадасі, хто гэта купіць? Па такой цане ніхто не купіць, гэта рэальнасць. Калі і купяць, то па моцна ніжэйшай.

Калі мы кажам пра нейкія кампаніі, прывязаныя да мазгоў, а не да маёмасці, перадусім ІТ — гэта тое, што ў Беларусі рэальна прадаецца, то мультыплікатар, па якім разлічваюць цану кампаніі, апошні год стаў працаваць па негатыўнай формуле.

Умоўна, пры продажы кампаніі пралічваецца цана, скажам, у 10 гадавых выручак — за гэтую лічбу кампанія прадаецца. А ў Беларусі гэты мультыплікатар будзе цяпер не дзесяць, а дзве гадавыя выручкі — бо немагчыма прадказаць, што будзе далей — а калі будзе, як у Венесуэле?

Канечне, для тых, хто гадамі ўзводзіў сваю справу, а яе вось так узялі і зняцэнілі, гэта вельмі балюча і маральна, і фінансава», — кажа прадпрымальнік. 

Суразмоўцы рэзюмуюць, што інвестыцыйны клімат у Беларусі разбомблены за год, вялікія ўгоды ўжо цяпер адбываюцца вельмі рэдка. Сітуацыю ў эканоміцы параўноўваюць з жабай, якую вараць у халоднай вадзе — яна не разумее, што памірае, але тэмпература павышаецца, і будзе бяда. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0