8 ліпеня ў Гомелі каля будынка аблвыканкама быў затрыманы член грамадскай арганізацыі «Беларуская асацыяцыя журналістаў» Алег Ражкоў.

Ён знаходзіўся каля аблвыканкама падчас акцыі прадпрымальнікаў, якія сабраліся для перадачы мясцовым уладам адозвы з патрабаваннем адмяніць рашэнне аб забароне гандлю півам у кіёсках. Ражкоў выконваў свае прафесійныя абавязкі — здымаў тое, што адбываецца, на відэакамеру для падрыхтоўкі сюжэта для навінаў.

Пасля таго як прадпрымальнікі разышліся, да журналіста падышлі два чалавекі ў цывільным, назваліся міліцыянерамі і з выкарыстаннем сілы павялі яго ва ўпраўленне ўнутраных спраў Гомельскага аблвыканкама. Свае дзеянні яны растлумачылі тым, што відэакамера, якой здымаў Ражкоў, падобная на тую, што знаходзіцца ў вышуку.

Як паведаміў БелаПАН Ражкоў, калі высветлілася, што яго відэакамера не крадзеная, супрацоўнікі міліцыі зацікавіліся касетамі і канфіскавалі іх. У дачыненні да журналіста складзены адміністрацыйны пратакол аб удзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве.

21 лютага Ражкоў ужо затрымліваўся міліцыяй і быў аштрафаваны нібыта за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве. У той дзень у Гомелі праходзіла акцыя, прымеркаваная да Дня роднай мовы, і журналіст яе асвятляў.

Алена Германовіч БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0