Першыя прэзентацыі аўтар правёў у раённых цэнтрах на Гродзеншчыне. На З’ездзе беларусаў свету па продажах гэта была адна з найбольш папулярных кніг.

«Наша Ніва»: Спадар Алег, пра што Вашая новая кніга?

Алег Латышонак: У кнізе сабранае тое, што я раней пісаў пра даўнейшую гісторыю Беларусі. Фактычна гэта мая доктарская дысертацыя, прысвечаная пачаткам беларускай нацыянальнай ідэі, гісторыя ад русінаў да беларусаў.

«НН»: Колькі Вы працавалі над гэтай кнігай?


АЛ: Я пачаў збіраць матэрыялы недзе ў 1999 годзе, а скончыў у 2006. Калі пачынаў першы раздзел кніжкі, які расказвае пра стварэнне нацыі і фармаванне нацыянальнай ідэі, то думаў, што проста перапішу некалькіх сваіх калегаў адносна назвы «Белая Русь» і беларусаў і потым хутка перайду да мадэрнай гісторыі. Аднак аказалася, што не надта ёсць ад кога перапісаць. Праўда, праз нейкі час з’явілася праца Алеся Белага «Хроніка Белай Русі». Я ёй карыстаўся, але ўсё адно давялося правесці больш шырокае даследаванне вытокаў назвы «Беларусь».

«НН»: А што адметнага, новага чакае чытача кнігі «Нацыянальнасць — беларус»?

АЛ: Я б не сказаў, што мне ўдалося зрабіць нейкія адкрыцці. Хіба што я расстаўляю крышку інакш акцэнты нашай гісторыі. Выводжу на першыя ролі тых людзей, пра якіх раней гаварылася нямнога.

«НН»: Каго Вы маеце на ўвазе?

АЛ: Самай галоўнай асобай я лічу шляхціца Саламона Рысінскага — гэта першы чалавек, які назваў сябе беларусам, але ён вядомы толькі ў вузкім коле навукоўцаў і літаратуразнаўцаў. А другі — Канстанцін Паклонскі. Ён першым выступіў як палітык‑беларусін. Ён пазіцыянаваў сябе менавіта як беларускі палкаводзец. Рабіў нешта на ўзор войска Запарожскага, толькі на Магілёўшчыне.

«НН»: А адкуль такая цікавасць да гісторыі ўзнікнення назвы краіны і нацыі?

АЛ: Мне гэта цікава і як гісторыку, і як грамадзяніну. Цікава, чаму я беларус, а не крывіч ці дрыгавіч. Між іншага, я прыйшоў да высновы, што ў XVII стагоддзі Беларусь была шматлюднай краінай, якая мела ўсе шанцы ператварыцца ў нацыю, калі б не Маскоўская вайна 1654—1667 гадоў. Я ў гэтым перакананы.

«НН»: Апошнім часам з’яўляюцца нейкія групоўкі людзей, якія кажуць, што яны не беларусы, а ліцвіны ці крывічы. Як Вы да гэтага ставіцеся?

АЛ: Проста сярод прадстаўнікоў нацыі заўсёды ёсць людзі, якім не падабаецца афіцыйная ідэалогія. У нас таксама шмат такіх, якія думаюць, што змяніўшы назву беларус на крывіч, нацыя стане мацнейшай. Фактычна ж гэта секты, якія маюць сваіх вернікаў, распрацаваныя ідэалогіі. Але яны вельмі памыляюцца, што простай зменай назвы можна вырашыць усе праблемы.

«НН»: А над чым цяпер працуеце?

АЛ: Над выданнем збору твораў. Гэта нялёгкая праца, трэба перачытаць усё напісанае. Думаю, што ў будучыні займуся даследаваннем беларуска‑латышскіх дачыненняў. Гэта маё наканаванне (смяецца). Мая жонка латышка, маё прозвішча таксама сведчыць пра наяўнасць латышскіх каранёў.

Гутарыў Зміцер Панкавец

Беларускі інтэлектуал — небяспечная прафесія

У лютым Алег Латышонак прэзентаваў у Беларусі сваю кнігу «Жаўнеры БНР». Тады прафесар двойчы за адзін дзень трапіў у аўтамабільную аварыю. Прага сустрэцца з беларускімі чытачамі магла каштаваць навукоўцу жыцця. Разам з Валерам Булгакавым Латышонак ехаў з сустрэчы з Полацка на прэзентацыю ў Горадню. Спяшаліся. Праз галалёд машына паляцела пад адхон. На шчасце, ніхто не пацярпеў. Таму паехалі далей. У Мядзельскім раёне пры абгоне машыну, у якой ехаў гісторык, зноў занесла. Праз пашкоджанне аўтамабіля давялося вярнуцца ў Мінск. Але гэтае здарэнне не спыніла навукоўца. На гэтым тыдні ён правёў чатыры прэзентацыі новай кнігі «Нацыянальнасьць — беларус» на Гарадзеншчыне.

***

Алег Латышонак

Нарадзіўся ў 1957 у Эльблёнгу (Польшча) у сям’і беларусаў. Ад 1965 сям’я жыве ў Беластоку, дзе Алег скончыў школу і ліцэй. У 1980 скончыў гістарычна‑філасофскі факультэт Ягелонскага універсітэту ў Кракаве. Працаваў настаўнікам гісторыі. У 1982 арыштоўваўся за дзейнасць у руху «Салідарнасць». З 1997 — прафесар Беластоцкага універсітэту. Апошнія кнігі — «Жаўнеры БНР», «Нацыянальнасць — беларус».

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру