Абразок пра сучаснае жыццё вяскоўцаў.

«Быць даяркай — пачэсная праца», — увесь час чула ад настаўнікаў і праўдзіва лічыла Марыся. Даяркай была яе маці, бабуля й нават прабабуля, якую прымусілі пайсьці на гэту працу пагрозай раскулачваньня.

Марыся ня дужа цікавілася нейкім раскулачваньнем сваёй прабабулі, якой яна ніколі ня бачыла. Сам працэс раскулачваньня стаяў для яе ў адным шэрагу з «разгалоўваньнем», «распальцоўваньнем» і нават «расчляненьнем». Пры згадцы аднаго слова «раскулачваньне» адразу перад вачыма яе паўставала карціна: пасярод вёскі стаіць ейная бедная, старэнькая, прыгнутая вякамі да зямлі прабабуля з моцна сьціснутымі кулакамі. Кучка камуністаў каля адной і другой рук прабабулі спрабуюць разагнуць старэчыя, сьціснутыя ў крук пальцы. Вось гэта й ёсьць «раскулачыць». Сама гэта карціна дужа сьмяшыла Марысю. Ня раз яна яе сьвядома ўзнаўляла і потым рагатала, кладучыся покатам, аж пакуль маці не пачынала біць яе ручніком праз сьпіну. Тады Марыська падымалася, дзьмухаючы на рану, нанесеную ручніком, і йшла да работы.

Ужо даўно ў школе Марыська неяк чытала апавяданьне пра рукі маці. У мацярок дзяцей з апавяданьня рукі пахлі у каго чым: у адной матулі хлебам, бо тая працавала на хлебазаводзе, у другой лекамі, бо тая прадавала мэдыкамэнты ў аптэцы, у трэцяй… Марыська не памятала чым, але прыдумала сабе, што трэцяя матуля працавала на аўтазапраўцы і рукі ў яе пахлі мазутам, саляркай і бэнзінам. Сапраўды, жудасьць. У дзяўчыны ад адной думкі пра гэта пачыналі бегаць мурашкі па скуры, ды што там бегаць, гойсаць. Марыська знайшла адзін плюс такога паху рук: з кватэры мусілі паўцякаць ўсе прусакі, пацукі і мышы, а таксама мухі, для якіх рукі маці замянілі б дыхлафос. Так, усе прафэсіі патрэбны, як у кожным доме лыжкі срэбны. Альбо алавяныя. Колькі памятае Марыська, рукі яе маці пахлі кіслым малаком і кароўскім гноем. Канешне, ня самы прыемны пах, але лепшы, чымся бэнзынавы. Ужо другі ці трэці год запар Марыся сама працавала на кароўскай ферме. Сама даіла, а дакладней насоўвала на кароўскія цыцкі дойныя апараты, сама карміла, заганяла, выганяла, карацей — даглядала. Ужо й яе рукі пахлі кароўскім малаком і гноем. Але нічога, затое яе вельмі цаніла і любіла кіраўніцтва яе роднага калгасу «Сьвятло Леніна». Ды яе й было за што цаніць: каровы ў Марыські заўсёды сытыя, прыгожыя, аж бакі ў іх блішчаць. Зусім ня тое, што ў іншых, старых даярак. Усе гэтыя каляжанкі Марыські былі добра прасьпіртаваныя, як жабы ў школьным кабінэце біялёгіі, алкагалічкі. Ім было зусім не да кароў, а толькі да таго, каб хутчэй дзесьці пахмяліцца. Усім было вядома, што каровы ў іх не сыцелі таму, што яны кралі з іх жлобаў зярно й муку. Потым ў невялічкіх торбачках выносілі зь фермы і бадзяліся па навакольных вёсках, прадаючы свой украдзены ад бедных кароваў тавар. Усе іх заробленыя грошы нейкім дзіўным чынам ператвараліся ў гарэлку й потым назусім знікалі ў бяздонных горлах даярак. Кіраўніцтва калгасу ведала пра ўсе гэтыя махінацыі, бо ня раз бачыла, прыяжджаючы на фэрму, даярак, з якіх адна спала п’яная ў кароўскім жлобе, другая — пад жлобам, а трэцяя ўвогуле пад каровай. Звольніць гэтых даярак было немагчыма, бо ў той маленькай вёсачцы, дзе стаяла фэрма, не было больш ахвотных жанчын працаваць з каровамі. Вёска была вельмі глухая, населеная амаль выключна старымі, і таму маладая Марыська прыкметна выдзялялася на старэчым фоне. Маладая, хуткая, спрытная яна паспявала ўсюды: і на фэрму, і па ўласнай гаспадарцы, і ў лес па ягады, і ў бліжэйшы магазын за 7 кіламетраў, каб купіць усёй вёсцы хлеба, і ўсюды. Даўно ўся вёска шукала Марысьцы добрага хлопца, каб і гарэлкі ня піў, і табакі ня нюхаў. Але такога нідзе не было. Тады шукалі хоць‑якога, абы хлопца, але й такога не знайшлі, калі не лічыць дзеда Цімоха з хутара Бартэлі — удзельніка трох войнаў, заслужанага калгасьніка і вэтэрана. Але Марыська сама не захацела выходзіць за пляшывага і глухога дзеда Цімоха. Пасля гэтага доўга яшчэ ў вёсцы, дзе няма аб чым і пляткарыць, перамывалі Марысьцы косткі, кажучы: «Добрая дзеўка, але занадта фанабэрыстыя. Гэта ж падумаць — такога мужа не захацела! А ён жа ж такі работнік, такі ўмелец». Яшчэ доўга вясковыя ўдовы, у якіх галовы трэсьліся ад старасьці, цяжка ўздыхалі, кладучыся спаць і памалу згараючы ад чорнай зайздрасьці да Марыські.

На першага траўня — Дзень усіх працоўных — на фэрму прыехаў старшыня. Тоўсты, чырвоны і потны мужчына з бруднымі валасамі і ў мятым касьцюме выдаваў даяркам прэміі. У старых даярак вочы блішчэлі ад прыемных магчымасьцяў, якія прыходзілі разам з грашыма. Старшыня пасьля ўручэньня прэмій доўга корпаўся у кішэні свайго мятага гарнітура і, нарэшце, пачасаўшы тлустыя валасы, сказаў:

«Гэта… Бабы, ад нашага калгасу едзе ў сталіцу на зьезд працаўнікоў сельскай гаспадаркі — Марыська». Усе дружна запляскалі ў ладкі.

Вечарам даяркі сабраліся «мачыць» прэміі. Паклікалі з сабою і Марыську. Яна хоць і не піла, але, каб яе не палічылі ганарлівай, згадзілася прамыць кішкі гарэлкай. Старыя даяркі парэзалі бруднымі пальцамі ня менш бруднае сала, павыцягвалі аднекуль шчарбатыя кілішкі, якія праз хуткі час аказаліся напоўненыя мутнай вадкасьцю. «Ну, бабы! — пачала гаварыць кульгавая Вэрця. — Вып’ем за Марыську. Каб ёй добра зьезьдзілася ў сталіцу і знайшлося там жаніха». Даяркі як адна зарагаталі. Марыська ж зачырванелася, як бурак, але вачэй не апусьціла, а ўпэўнена падняла чарку і ледзь не абамлела: у чарцы плавала вялікая і тоўстая мурашка. Марыська зірнула на чаркі іншых: яны былі ўжо пустыя. «Была ні была, — падумала яна. — Можа так яшчэ й лепей, адразу з закусьсю, зь мясам, а то яшчэ палічаць, што я заганарылася». Упэўнена яна паднесла чарку да вуснаў, кульнула яе ў горла. Вадкасьць пакрысе пацякла ў нутро, а мурашка непрыемна заказытала ў горле, прыклеіўшыся недзе да ўнутраных сьценак. Марыська падхапілася, як абвараная, і пабегла, закрываючы рукой рот, да памыйнай ямы.

Уся наступная раніца для Марыські была напоўненая дзівоснымі пахамі і колерамі, бо яна ехала ў Менск. Незвычайна пахла поле з няспелай збажыной, малады лясок зачароўваў густой зелянінай. У стракатай, з малюнкам вялікіх півоній сукенцы, сьветлых незразумелага колеру чаравічках Марыська, цягнучы збоку ровар, падымалася на Трацьцякову гару. Узьяжджаць на яе роварам вельмі цяжка, таму дзяўчына цягнула яго поруч, поўная надзей і спадзяваньняў. Усё ў нутры яе калацілася, прыемны камяк то падступаў да горла, то правальваўся недзе ў жывот.

Падняцца на гару, а зь яе ўжо відаць і станцыя. Сесьці на ровар і за якія паўгадзіны ты ўжо на вакзале. Марысьцы ўжо забалелі ногі, але яна цьвёрда крочыла ўверх. Пярэдняе кола ровара нецярпліва дрыбала пясок і каменьчыкі палявой дарогі, часамі наяжджала на кволую травінку, і без таго прыбітую нагамі і коламі падарожных. Марыська нахіліла галаву і, цягнучы ровар, для забавы сачыла за колам. Раптам неяк неспадзеўкі пад колам аказалася невялічкая муха. Дрыб‑дрыб — і яна стала набыткам мушынай гісторыі. «Бедная, — думала Марыська, — можа, у яе былі дзеці». Дзяўчына, трымаючы ровар, крыху нагнулася, каб паглядзець на трупік і кішачкі насякомага. Яна бачыла ў вёсцы сьвіныя кішкі і курыныя: тыя былі падобныя да незразумела перакручаных і зблытаных шнурочкаў. Лагічна б было меркаваць, што й кішкі мухі ўяўляюць матузок такіх шнурочкаў, але колькі Марыська не разглядала забітых мух, яна бачыла замест добрых здаровых кішак толькі нейкую шэрую кашу. Так і зараз забітая муха была з такой кашай. Падманутая ў сваіх спадзяваньнях ўжо каторы раз, Марыська пакрочыла далей, не выпускаючы мінулага здарэньня з галавы.

«Падумаць, цэлая катастрофа з наездам на ні ў чым не вінаватую жужлу, — іранізавала яна сама над сабою. — А ўрэшце, якая неспадзяваная і дурная сьмерць была ў той мухі! — сапраўды ўсхвалявалася Марыська. — Гэткая хуткая, зь неверагоднай рэакцыяй муха, якая ўцякае іншым разам нават з‑пад мухабойкі, трапіла пад вузкае кола ровара. Такую сьмерць можна параўнаць да сьмерці якой‑небудзь бабы‑вядзьмаркі, якая — пагроза ўсіх даярак навакольля — ўсё жыцьцё замаўляла жабаў, каб тыя кралі малако ад суседзкіх кароваў, а потым, п’ючы тое малако з трохлітровага слоіка, цямкаючы і прыцмокваючы языком, узяла ды й захлынулася, спалохаўшыся пабачанай у траве на падворку рапухі». Больш недарэчнай смерці Марыська не змагла сабе ўявіць. Азадачаная ходам сваіх думак, яна неўзабаве апынулася на гары, дзе спрытна ўселася на ровар і пакацілася да станцыі.

Салон раньняга прыгараднага цягніка збіваў з ног мешаным пахам потных падмышак, нямытых шкарпэтак і перагару. Рабочыя, што жылі ў прыгарадных вёсках ехалі на працу. Марысьцы, нягледзячы ні на што, ранак па‑ранейшаму здаваўся цудоўным. Яна магла, ня думаючы, абняць і расцалаваць хоць таго дзядьку бамжаватага выгляду, што сядзеў у кутку, хоць тую хударлявую кабету з сухімі губамі, хоць таго васпаватага падлетка ў парванай кашулі, хоць‑каго…

Перасеўшы ў электрычку, Марыська заўважыла, што склад пасажыраў зьмяніўся. Цяпер пераважалі дачнікі‑пэнсіянэры, што ня мелі чаго рабіць і таму кожны дзень каталіся да сябе на лецішча, а таксама былі яшчэ людзі з разумнымі тварамі, але ў беднаватай вопратцы. «Калі яны такія разумныя, якімі здаюцца, то чаго такія бедныя?» — зноў задумалася Марыська. Не прыйшоўшы ні да якіх канкрэтных высноваў, дзяўчына заўважыла, што людзі з разумнымі тварамі ўсе нешта чытаюць. Яна таксама не захацела здавацца дурніцай і з торбачкі дастала газэту, у якую было ўкручана сала, узятае на абед. Газэта была ў тлустых плямах, але Марыська адвярнулася да акна. Літары скакалі ў яе перад вачыма, і яна вырашыла не марнаваць часу, а падсілкавацца. Якраз былі ўжо недалёка ад Менску, а там, магчыма, ня будзе зручнага моманту.

На вольным месцы каля сябе Марыська пасьцяліла газэту, якой так і не пашчасьціла быць прачытанай. На газэту паклала парэзанае дробна сала, агуркі, хлеб. Гледзячы на сала, прыгадала сабе гісторыю з Юзікам і Анцяй Грыцулямі, якія паехалі ў райцэнтр на базар. Як заўсёды, нічога не купілі, прапілі разам усе грошы і ўжо бедавалі, на што далей жыць, як каля гарадзкой сынагогі знайшлі торбачку скварачак. Столькі радасці было. Падумалі, што габрэі сьвінога не ядуць, то й павыкідалі скваркі на вуліцу сабакам. Ня доўга думаючы, яны за тую торбачку, добра вочы заліўшы, і на аўтобус. У вёсцы сказалі, што сала на базары купілі. Паклікалі суседзяў, кумоў на вячэру. Думалі, што пахваляцца. Анця ў печы тры патэльні тых скварак насмажыла, на іх яшчэ й яйкі пякла. Так усе елі, што аж за вушамі трашчала. А скваркі добрыя былі: Анця іх пасаліла, перцу добра дала, падсушыла ў печцы. У рот пакладзеш — самі разыходзяцца, а тлушч па губах цячэ. Так усе шчыра елі, так хвалілі, аж тут Грышка Смаляк, у якога дачка за габрэем, сказаў, што ўчора ў сынагозе было абразаньне й шмат каго са старых і малых абрэзалі. Юзік з Анцяй адразу неяк спахмурнелі. А чаго смутнымі зрабіліся, ніхто не здагадаўся, а толькі доўга ўсе ўспаміналі тыя смачныя скварачкі.

Толькі Марыська хацела адкусіць ад лусты хлеба з пакладзеным на яе скрылёчкам сала, як заўважыла, што малады хлопец з разумным тварам пільна на яе ўглядаецца. Нейкі ком зноў падступіў Марысьцы да горла. Унутры не гарэла, а наадварот было сьвежа, як ад мянтолавай жуйкі. Яна спадылба паглядзела на хлопца і кіўнула галавой на свой імправізаваны стол. «Дзякуй вам вялікі! — казаў хлопец з поўным ротам. — Я ад учарашняга абеду папросту нічога ня еў. І сёньня не пасьпеў, бо на электрычку сьпяшаўся». Марысьцы было прыемна за падзяку, за тое, што, па ўсім відаць, вучоны хлопец зьвяртаецца да яе на «Вы». У вёсцы на Марыську заўсёды толькі тыкалі. Вельмі хораша так было ехаць у добрай кампаніі. Марыська ўся неяк раслабілася, і дужа ёй стала соладка і прыемна. Здавалася, яна да канца жыцьця магла ехаць з тым разумным хлопцам, а ён бы ёй усё нешта расказваў і расказваў. Калі малады чалавек пацягнуўся за новым скрылёчкам сала, Марыська захацела яму падаць. Іх рукі на нейкую долю сэкунды спаткаліся. Пальцы хлоца незнарок крануліся загарэлага запясьця вясковай дзяўчыны. Нейкі ток працяў усё яе нутро. Ток гэты ад запясьця хвалямі разышоўся па ўсім целе і закончыўся недзе на пальцах ног. Марыська ледзь апрытомнела, а потым з большай цікавасьцю прыгледзелася да хлопца. Вельмі прыйшлася даспадобы Марысьцы ўсьмешка хлопца: такая шчырая і дабрадушная, што аж дух захоплівала. Вочы ў хлопца былі, што два азярцы з чыстай вадою. А яшчэ дужа Марысьцы падабаўся кірпаты нос гэтага хлопца, на якім яна налічыла пяць вяснушак. Палічыла з правага боку дзве, і зь левага — тры. Вельмі гэта Марыську зьдзівіла, бо ніколі дагэтуль ня бачыла людзей зь менавіта пяцьцю вяснушкамі. З носу яна ўвогуле старалася вачэй ня зводзіць, бо нейкі ён здаваўся сьмешны, а яшчэ вельмі пацешна шавяліўся, калі хлопец гаварыў. Марысьцы нават на нейкі момант захацелася пацалаваць хлопца ў нос, а потым яна на сябе за такія думкі раззлавалася і ў галаве некалькі разоў настраляла хлопцу пстрычкамі ў нос і шчаўбанамі ў лоб. А пасля так стала Марысьцы шкода гэтага хлопца, такі ён здаўся ёй бездапаможны, ня здольны нават абараніцца ад яе пстрычак, што яна абняла яго ў думках. А ён, не падазраючы, што дзяўчына перажывала сапраўдныя жарсьці ў сваёй фантазіі, не пераставаў ёй расказваць пра нейкія замкі і палацы, песьцячы яе грудзі сваім позіркам. Марыська ніколі не ганарылася сваімі формамі, але зараз знарок выпяціла грудную клетку, нібы паправіла варатнік, прымушаючы хлопца ацаніць яе гожую і далікатную лебядзіную шыю. «А раптам я спадабаюся настолькі гэтаму маладому чалавеку, што ён прапануе мне стаць яго жонкай, — думала дзяўчына. — А потым у нас будуць такія сьмешныя дзеці з кірпатымі насамі, а я буду цыраваць яму кашулі, штодня будзем абдымацца, хадзіць, узяўшыся за рукі, а ён будзе майстраваць дзецям драўляныя караблікі і расказваць ім пра цудоўныя замкі і шыкоўныя палацы. Ах! — уздыхала яна. — Усе людзі будуць нам зайздросьціць, а шчасьце наша будзе большае нават за калгасную кантору».

Але вось ужо й паказаліся высокія будынкі і трубы сталіцы. Электрычка ўяжджала ў горад. Пасажыры пачалі ціснуцца да выхадаў. Сабралася й Марыська. Хлопец па‑джэнтэльмэнску ўзяў яе торбачку, каб паднесьці да выйсьця. Увесь час Марыськін спадарожнік нешта ёй бесклапотна баіў. Ужо стоячы ў тамбуры, чакаючы, калі расчыняцца дзьверы, ён сказаў Марысьцы: «Прабачце, панна, але не маглі б вы пакінуць нумар свайго тэлефону?» Сьлёзы па невядомай прычыне імгненна падступілі да Марыськіных вачэй. Дзьверы адчыніліся, дзяўчына імкліва вырвала сваю торбачку з рук хлопца і саскочыла на пэрон. Разгублены хлопец толькі ўбачыў як Марыська што было моцы, згорбіўшы плечы, якія раз‑пораз уздрыгвалі, пабегла ў бок будынку вакзалу. Усе мары і спадзяваньні беднай дзяўчыны зь вёскі аказаліся разьбітымі аб мур калгаснай фэрмы. Не, ня быць гэтаму хлопцу Марысьчыным мужам, ня браць яму яе за руку, не размаўляць зь ёю. «Дурніца! Кампартыя! Даўбешка! — лаяла і ганіла дзяўчына сябе пад нос, нават ня гледзячы на дарогу. — У Менску табе жаніх будзе! Ага, чакае. Пад кожнай вярбою. Раскатала губу, а да быдла, да быдла не хацела? Тпру‑у, дарогай! Тпру‑у, дарогай!» — праз сьлёзы утаймоўвала Марыся свае мары словамі покрыку, якім звычыйна пастухі скіроўвалі кароў да фэрмы.

«Хіба я што ня так сказаў? — Ня мог зразумець сваёй віны малады спадарожнік Марыські, разважаючы на сталічнай вуліцы. — Я ж толькі спытаў нумар тэлефону… Якая ў гэтым загана? Магчыма, я папрасіў яго залішне вульгарна…» Не, сьлёзы беднай Марыські былі выкліканы зусім ня гэтым, а, зрэшты, адкуль адукаванаму маладому чалавеку ў век кампутарных тэхналёгій, рэактыўных рухавікоў і звышымклівых хуткасьцяў ведаць, што папросту на ўсю Марыськіну вёску не было ніводнага тэлефону.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?