У вёсцы Ракшыцы (Вілейскі раён Мінскай вобласці) ноччу 18 лістапада гарэў жылы дом. Як высветлілі выратавальнікі, падпаліў яго 45‑гадовы мужчына, які пакутуе на псіхічнае захворванне.

Мужчына жыў разам са сваёй маці ў яе доме, расказаў інспектар дзяржаўнага пажарнага нагляду райаддзела па надзвычайных сітуацыях Алег Грыневіч. Са слоў маці, яе сын псіхічна нездаровы. Гадоў шэсць таму ён спаліў свой уласны дом.

Жанчына расказвала таксама, што 16 і 17 лістапада падчас абвастрэння хваробы сын вырываў шланг газавага балона, адкрываў у ім кран і падносіў запалку.

Маці тады не выклікала выратавальнікаў, разам з суседзямі ёй удавалася справіцца з сынам.

У ноч на 18 лістапада жанчына не рызыкнула начаваць дома, пайшла да суседзяў. А сын усё ж здзейсніў сваю задуму. Паведамленне пра ўзгаранне выратавальнікам паступіла ў 2 гадзіны 36 хвілін.

Паводле словаў Алега Грыневіча, ачаг пажару знаходзіўся ў жылым пакоі. Ад драўлянага дома з бярвення памерам 6 на 13 метраў засталіся толькі сцены. Жыць у ім ужо немагчыма. Гаспадыні згарэлага дома цяпер прыйдзецца пераехаць да адной з трох сваіх дачок.

Падпальшчык на пажары не пацярпеў.

Хворага, яго адвезлі ў рэанімацыйнае аддзяленне бальніцы. Матэрыялы па здарэнні выратавальнікі перадалі ў райаддзел міліцыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?