У жніўні незалежныя сацыёлягі зладзілі сярод беларусаў апытанку, у рамках каторай, сярод іншага, пацікавіліся, ці чулі нашыя грамадзяне пра вырак экс-кандыдату на прэзыдэнта Аляксандру Казуліну, засуджанаму на пяць з паловай год зьняволеньня.

«Зь вядома якіх прычынаў дзяржаўныя СМІ не парупіліся дэталёва паведаміць грамадзтва пра хаду судовага працэсу, гэта калі на старонках нешматлікіх грамадзка-палітычных недзяржаўных газэт і на сайтах Інтэрнэту судовы працэс быў тэмай нумар адзін. Нягледзячы на інфармацыйную блякаду з боку дзяржаўных СМІ, больш як палова беларусаў, як паказала сацыялягічная апытанка, чула пра той вырак. А розьніца ў ступені інфармаванасьці паміж прыхільнікамі і праціўнікамі Аляксандра Лукашэнкі сталася не такая ўжо і прыкметная», – адзначаюць сацыёлягі.

Значыцца, 55,5% апытаных чулі пра тое, што Казуліна засудзілі, 44% апытаных далі адваротны адказ. Пра гэтую справу ведаюць 52,5% прыхільнікаў прэзыдэнта і 64,8% ягоных праціўнікаў. Прыцягвае ўвагу той факт, што пра такую гучную справу ня ведае траціна апазыцыйнага электарату.

Сярод тых, хто ведае пра прысуд, 39% мяркуюць, што ён незаслужаны, а 36,2% – што даволі справядлівы, 19,2% ставяцца абыякава, астатнім адказ даўся трудна. Толькі 9,8% паінфармаваных прыхільнікаў Лукашэнкі мяркуюць, што Казулін дастаў незаслужанае пакараньне, 70,6% адказалі, што вырак заслужаны, 16,5% ставяцца абыякава.

Адваротная карцінка, як гэта няцяжка здагадацца, сярод праціўнікаў кіраўніка дзяржавы, якія ведалі пра прысуд: 80,9% зь іх уважаюць, што вырак няслушны, 3% – што слушны, 12,6% ставяцца абыякава.

Фота Юліі Дарашкевіч, НН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?