Вікторыя Азаранка паднялася на рэкордную для сябе пазыцыю ў сусьветнай табэлі рангаў. У новым рэйтынгу, паводле вэрсіі WTA (Сусьветная тэнісная асацыяцыя), нашая спартоўка разьмясьцілася на 92-м месцы. Такой высокай пазыцыі ў сваёй кар’еры яна шчэ ніколі не займала.

Як паведамляюць у Беларускай асацыяцыі тэнісу, насупраця папярэдняга рэйтынгу Вікторыя Азаранка ўзьнялася на 14 ступеняў. А дапамог гэтаму пасьпяховаму ўзьлёту ўдалы выступ на міжнародным турніры ў амэрыканскім Пітсбургу, дзе беларуска дайшла фіналу. У вырашальным матчы Азаранка сустрэлася з канадкай Аляксандрай Вазьняк. Прайграўшы першы сэт зь лікам 2:7, беларуска ня здолела працягнуць матчу з прычыны траўмы нагі. Нагадаем, што ў парным разрадзе Вікторыя саступіла ў чвэрцьфінале.

А тым часам у кітайскім Шанхаі праходзіць фінальны турнір сэрыі «Мастэрз» Міжнароднай асацыяцыі тэнісістаў-прафэсыяналаў. У парным разрадзе Максім Мірны са швэдам Ёнасам Б’ёркманам выйгралі першы матч групавога турніру. Беларуска-швэдзкі дуэт перайграў польскую міні-каманду Марыюш Фырстэнбэрг – Марцін Маткоўскі ў двох сэтах – 6:3, 6:4. У наступным матчы Мірны ды Б’ёркман маюць згуляць з парай Марк Ноўлз (Багамскія выспы) – Даніель Нэстар (Канада).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?