У інтэрв'ю інфармацыйнай кампаніі БелаПАН часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Майкл Скэнлан расказаў пра змены ў адносінах дзвюх краін пасля падзей 19 снежня.

Як вы ацэньваеце сітуацыю ў Беларусі пасля падзей 19 снежня?

— Палітыка ЗША ў дачыненні да Беларусі заўсёды была і будзе паслядоўнай. Мы будзем узаемадзейнічаць у галінах, у якіх Беларусь дэманструе прыхільнасць да міжнародных і еўрапейскіх стандартаў. Напрыклад, стандартаў АБСЕ падчас правядзення выбараў, стандартаў Рады Еўропы ў тым, што датычыць верхавенства закона, стандартаў у рамках Балонскага працэсу ў сферы адукацыі або стандартаў МАГАТЭ па замене высокаўзбагачанага ўрану на нізкаўзбагачаны. Мы будзем падтрымліваць такія змены, таму што яны ідуць на карысць беларусам і набліжаюць Беларусь да Еўропы і міжнароднай супольнасці.

Я хачу звярнуць увагу на аспект, які не вельмі шырока асвятляўся як у дзяржаўных, так і ў незалежных СМІ. У сумеснай заяве Беларусі і ЗША, зробленай 1 снежня 2010 года ў Астане, Беларусь прызнала, што павага да дэмакратыі і правоў чалавека застаецца цэнтральнай тэмай у пытанні паляпшэння двухбаковых адносін і што захаванне дэмакратыі і правоў чалавека з'яўляецца жыццёва важнай умовай для развіцця Беларусі і яе грамадзян. Аднак падзеі 19 снежня і так званыя юрыдычныя працэсы, якія цяпер праходзяць, дэманструюць, што Беларусь рухаецца ў процілеглым кірунку — да самаізаляцыі.

Пасля снежаньскіх падзей і рэакцыі Злучаных Штатаў на іх ці застануцца ў сіле дамоўленасці наконт дапамогі ЗША ў ліквідацыі запасаў высокаўзбагачанага ўрану ў Беларусі? Якой будзе гэтая дапамога?

— Як я ўжо сказаў, калі будзе жаданне развівацца ў бок еўрапейскіх і міжнародных стандартаў, ЗША падтрымаюць Беларусь. Выкарыстанне нізкаўзбагачанага ўрану замест высокаўзбагачанага больш бяспечнае і таннае. Высокаўзбагачаны ўран дарагі ў выкарыстанні і захоўванні. Абавязанні ЗША заключаюцца ў прадстаўленні фінансавай і тэхнічнай дапамогі для перамяшчэння высокаўзбагачанага ўрану ў Расію і замены яго на нізкаўзбагачаны, таму што гэты працэс пойдзе на карысць Беларусі, Еўропе і ўсяму свету ў справе ўмацавання ядзернай бяспекі.

А пра якія сумах хоць бы прыблізна можа ісці гаворка?

— Мы бярэм на сябе абавязанні па тэхнічнай і фінансавай падтрымцы, каб гэты працэс быў завершаны як мага хутчэй. Хачу падкрэсліць: гэта не перадача грошай у бюджэт або яшчэ куды-небудзь, гэта аказанне падтрымкі, каб гэты працэс быў завершаны.

Ці будуць прысутнічаць нейкія эксперты з ЗША, якія будуць ацэньваць тое, што адбываецца?

— Вядома, эксперты будуць у гэтым удзельнічаць і старанна сачыць за ўсім працэсам. Нашая падтрымка палягае ў тым, што людзі, якія займаюцца тэхнічнымі аспектамі і працуюць над тэхнічным бокам пытання, прыедуць сюды і будуць аказваць неабходнае судзейнічанне, каб гэтая праца была зробленая. Мы рабілі такое тут раней, у іншых краінах і можам зноў зрабіць гэта для Беларусі.

Даты прыезду спецыялістаў будуць вызначацца па меры неабходнасці. Гэта вельмі складаны працэс — ідуць дыскусіі, кансультацыі, абмеркаванні, што займае час.

Раней паведамлялася, што ў 2011 годзе ўрад ЗША плануе выдзеліць Беларусі каля 14 млн даляраў дапамогі на развіццё дэмакратыі, аховы здароўя, адукацыі, экалогіі і іншых сфераў. У сувязі з апошнімі падзеямі ці будзе карэктавацца гэтая сума?

— Нашая падтрымка факусавалася і будзе факусавацца на галінах, якія наблізяць Беларусь да еўрапейскіх і міжнародных нормаў і стандартаў. Такім чынам, гэта паспрыяе стварэнню адкрытага асяроддзя, якое дазволіць свабодна выказваць палітычныя погляды, развівацца грамадзянскай супольнасці, будзе спрыяць свабодзе СМІ і прадпрымальніцкай дзейнасці. Гарантыя квітнеючай і незалежнай Беларусі — гэта сістэма, што спрыяе стварэнню асяроддзя, у якім беларусы могуць максімальна выкарыстоўваць свой талент, вынаходлівасць і творчы падыход, а не штучная сістэма, якая разлічвае на замежныя субсідыі, якія, як усе ведаюць, больш недаступныя. На жаль, няма публічнага абмеркавання гэтай важнай тэмы, дзе былі б прадстаўленыя ўсе пункты гледжання.

Ці будзе дапамога, пра выдзяленне якой гаварылася на афіцыйным сайце foreignassistance.gov, неяк перасякацца з той дапамогай, якая плануецца ў рамках Акта аб дэмакратыі ў Беларусі, які знаходзіцца цяпер на разглядзе Кангрэсу ЗША?

— Гэта дзве розныя рэчы. У ЗША існуе падзел уладаў. І ўсе пытанні па Акце аб дэмакратыі я б рэкамендаваў задаваць непасрэдна чальцам Кангрэса. Але магу запэўніць, што цікавасць у Кангрэсе да сітуацыі ў Беларусі як ніколі высокая. Гэта прадэманстраваў нядаўні візіт сенатара Дурбіна, што сустрэўся з сем'ямі людзей, якія знаходзяцца ў зняволенні ў сувязі са справай аб масавых беспарадках. Камісія па замежных справах Сената, якая ўключае ў сябе высокапастаўленых сенатараў (у тым ліку сенатараў Кэры, Лугара, Дурбіна), а таксама сенатары Мак-Кейн і Ліберман сочаць за сітуацыяй у Беларусі.

Давайце пяройдзем да тэмы санкцый ЗША ў дачыненні да Беларусі. 31 студзеня Злучаныя Штаты аднавілі санкцыі ў дачыненні да прадпрыемстваў «Лакафарба» і «Полацк-Шкловалакно». Ці ёсць у вас звесткі аб тым, наколькі актыўна амерыканскія кампаніі супрацоўнічалі з гэтымі прадпрыемствамі і сумы стратаў, якія канцэрн "Белнафтахім" у цэлым нясе ад уведзеных санкцый?

— Мне здаецца, што найлепшы варыянт адказу на гэтае пытанне — гэта прагляд статыстыкі гандлёвых узаемаадносін паміж дзвюма краінамі за гэты перыяд. Паводле дадзеных амерыканскага ўрада, з часу ўвядзення санкцый у 2008 годзе беларускі экспарт на амерыканскі рынак знізіўся з амаль 1 млрд 100 млн даляраў да 175 млн даляраў у 2010 годзе.

31 студзеня, абвяшчаючы аб аднаўленні санкцый, афіцыйны прадстаўнік Дзярждэпартамэнта ЗША Філіп Кроўлі паведаміў, што «ЗША таксама працуюць над фінансавымі санкцыямі ў дачыненні да шэрагу асобаў і прадпрыемстваў у Беларусі. Крытэрам трапляння ў гэты спіс стане дачыненне да палітычных рэпрэсіяў". На якім этапе праца па гэтым спісе? Супраць якіх яшчэ прадпрыемстваў могуць быць ужытыя санкцыі?

— Я думаю, што вельмі важна звяртаць увагу не на тое, што будзем рабіць мы, а на тое, што адбываецца тут, у Беларусі. Таму што нашы дзеянні будуць рэакцыяй на тое, што адбываецца тут. Цяпер ЗША заклікаюць да неадкладнага вызвалення ўсіх затрыманых і зняцці ўсіх абвінавачанняў супраць іх. Акрамя таго, мы таксама заклікаем спыніць абуральны пераслед прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці, незалежных СМІ, юрыстаў, палітычнай апазіцыі і членаў сем'яў затрыманых. Мы таксама заклікаем стварыць магчымасці для свабоднага выказвання палітычных поглядаў, развіцця грамадзянскай супольнасці, свабоды СМІ — усяго таго, што з'яўляецца абавязаннямі, узятымі на сябе Беларуссю ў рамках АБСЕ. І гэтыя стандарты павінныя выконвацца, калі Беларусь хоча быць бліжэйшай да Еўропы.

Але калі выказаць здагадку, што сітуацыя будзе развівацца па найгоршым сцэнары і фігуранты крымінальнай справы атрымаюць максімальныя тэрміны пакарання, якой можа быць рэакцыя ЗША?

— Як я ўжо не раз казаў, нашыя санкцыі цесна звязаныя з сітуацыяй з дэмакратыяй і правамі чалавека ў Беларусі. 31 студзеня мы зрабілі больш жорсткімі санкцыі ў адказ на хвалю рэпрэсій, якая мела месца пасля выбараў 19 снежня. Нашая палітыка санкцый уяўляе сабой простае матэматычнае ўраўненне: калі ў Беларусі будзе паляпшэнне сітуацыі з правамі чалавека, на што мы спадзяемся, то будзе паслабленне санкцый. Калі будзе пагаршэнне, санкцыі ўзмоцняцца, як мы ўжо прадэманстравалі.

Спіс асобаў, якім забаронены ўезд у ЗША, не з'яўляецца адкрытым дакументам, таму што паводле нашага заканадаўства мы не можам яго апублікаваць. Але пасля 19 снежня гэты спіс папаўняўся імёнамі людзей, якія датычныя да рэпрэсій. І ён працягне папаўняцца імёнамі тых, хто мае дачыненне да так званых «працэсуальных дзеянняў», якія цяпер ажыццяўляюцца. І мы будзем працягваць заклікаць да неадкладнага вызвалення ўсіх людзей, затрыманых у сувязі з падзеямі 19 снежня і наступнымі падзеямі, і здыманню з іх усіх абвінавачванняў, няважна, беларусы гэта ці расійцы.

А наколькі гэты візавы спіс ідэнтычны таму спісу, які прыняў Еўрапейскі саюз 31 студзеня?

— Прычына, з якой імёны ўносяцца ў наш спіс і ў спіс ЕС, адна і тая ж. Але колькасць імёнаў у нашым спісе большая, чым у ЕС. І, як я ўжо сказаў, ён будзе папаўняцца імёнамі тых, хто ўдзельнічае ў пераследах.

А можна ўдакладніць, не называючы імёнаў, колькасць людзей, якія ўнесены ў спіс?

— Я думаю, што людзі, якія датычныя да рэпрэсій, могуць самі вызначыць, ёсць іх імёны ў гэтым спісе ці не.

Напярэдадні 31 студзеня выказваліся меркаванні, што ЕС возьме прыклад з ЗША і ўвядзе эканамічныя санкцыі ў дачыненні канцэрна «Белнафтахім». Ці расчараваныя ЗША тым, што гэтага не адбылося?

— Я хачу падкрэсліць, што ЗША і ЕС заўсёды цесна супрацоўнічалі, а пасля падзей 19 снежня мы пачалі яшчэ больш цесна каардынаваць свае дзеянні, што можна ўбачыць у нашых сумесных заявах.

Сутнасць пытання — у тым, што адбываецца ў Беларусі. І ЗША, і ЕС адрэагавалі на гэта. Але ЗША — асобная краіна, а ЕС — гэта саюз многіх краін, і працэсы прыняцця рашэнняў ў нас адрозніваюцца. Трэба глядзець у першую чаргу на прычыны, якія цягнуць за сабой тыя ці іншыя рашэнні з боку сусветнай супольнасці.

Усе нашыя заявы былі гранічна яснымі і выразна гавораць пра тое, чаго мы чакаем, — гэта неадкладнае вызваленне ўсіх затрыманых і зняцце з іх абвінавачванняў. Я б хацеў падкрэсліць, што ў сумеснай заяве, зробленай міністрам замежных справаў Мартынавым і дзяржсакратаром Клінтан, беларускі ўрад прызнаў, што Беларусі неабходны прагрэс у сферы дэмакратыі і правоў чалавека. І менавіта ўрад Беларусі прыняў рашэнне рухацца ў зваротным напрамку, нягледзячы на ўзятыя на сябе абавязанні.

Ці вядуцца нейкія перамовы па аднаўленні колькасці штата пасольстваў — амерыканскага тут і беларускага ў Вашынгтоне?

— Важна падкрэсліць, што гэта было аднабаковае дзеянне, якое распачала Беларусь у 2008 годзе, калі запатрабавала скараціць колькасць амерыканскіх дыпламатаў у Мінску з 35 да 5 супрацоўнікаў. Мы не лічым, што павінныя быць нейкія абмежаванні па колькасці дыпламатаў ні ў нашым пасольстве ў Мінску, ні ў беларускім у Вашынгтоне. Ці зменіцца гэтая сітуацыя, лепш спытаць у беларускага ўрада.

Але я хацеў бы падкрэсліць, што мы не будзем гандляваць прынцыпамі, якія датычаць права беларусаў жыць у дэмакратычным грамадстве, дзе выконваюцца правы чалавека, узамен на павелічэнне амерыканскіх супрацоўнікаў у нашым пасольстве. Я думаю, што мы больш чым ясна казалі пра гэта ўсе апошнія тры гады. Ніякіх сакрэтных перамоваў мы не вядзем. Абодва бакі не выйгралі ад скарачэння дыпламатаў, але мы ў любым выпадку не пойдзем на нейкія пагадненні дзеля павелічэння штата пасольства.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?