Сёння зранку каля цэнтральнага офіса Нацбанка ўтварылася чарга. Гэтым разам людзі стаялі па зліткі і манеты. Хутка чарга «рассмакталася», а ў спісе зліткаў і манет, што вісеў каля касы, з’явіліся закрэсленыя радкі.

У продажы ўжо не было залатых і срэбных манет «Славянка», срэбнай «Іконы Прасвятой Багародзіцы», залатых зліткаў па 100, 500 грамаў… Размялі нават кілаграмовыя залатыя зліткі, кожны з якіх каштуе больш за 51 тысячу долараў!

Паводле касіркі, апошнім часам жадаючых купіць кілаграм золата было вельмі шмат: «Усё распрадалі, а падмацавання пакуль няма», — распавяла яна.

Самых вялікіх зліткаў са срэбра ў продажы таксама не было — ні па 250 грамаў, ні па 500, ні па 1000. Людзі працягвалі прыходзіць. Некаторыя спадзяваліся купіць валюту, але ні долараў, ні еўра ў касе Нацбанка няма.

Тым часам у прэс-службе Нацбанка нас запэўнілі, што зліткі ўслед за доларамі нікуды не знікнуць: «Не хвалюйцеся, золата вам ужо дакладна хопіць. У нас яго больш за 30 тон, — супакоіў Анатоль Драздоў. — Мерныя зліткі ў нас у продажы ёсць пастаянна. Магло не быць срэбных зліткаў або плацінавых, але золата было заўсёды. Як правіла ў нас ёсць усе наміналы. Золата ў нас купляюць пастаянна. Продаж яго расце з пачатку года. Гэта не дзіўна, бо цана ва ўсім свеце расце…»

Дадамо, што 100 грамаў золата ў Нацбанку каштуе 15 з паловай мільёнаў рублёў, а 100 грам срэбра — паўмільёна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?