Прадпрымальнік з Кобрына Аляксандр Лукін разам з сям’ёй хацеў уехаць у Беларусь на памежным пераходзе Славатычы — Дамачава 4 мая. Да гэтага прадпрымальнік наведваў Беларусь у сакавіку. Яшчэ раней, у дзень выбараў 19 снежня, яго затрымалі на Плошчы і асудзілі на 15 сутак.

Аляксандр расказаў для радыё «Свабода», што

супрацоўнікі памежнай службы Беларусі пасьля доўгай праверкі дакументаў прапанавалі яму прайсці зь імі. З якой мэтай — не ўдакладнілі. Тады Аляксандр кінуўся да польскага адміністрацыйнага будынку,
а памежнікі пабеглі за ім: «Я не бачыў нават, куды бег. Але бачыў, што за мной ляцеў з крыкамі і лаянкай беларускі лейтэнант. Ён спатыкнуўся, упаў… У калідорах стаялі польскія памежнікі. Яны пачалі дапамагаць затрымліваць мяне. Я тады пачаў казаць палякам пра падазрэнні палітычнага пераследу».

Польскія памежнікі не аддалі Аляксандра Лукіна беларускім калегам. Жонка Алена, якая была каля яго, перайшла на беларускі бок да дзяцей і вярнулася ў Кобрын. Аляксандр Лукін кажа, што і раней меркаваў забраць сям’ю ў Францыю.

Пашпарт былога прадпрымальніка застаўся ў беларускіх памежнікаў. Польскія ж памежнікі выпісалі яму даведку, у якой указана, што дакументы засталіся на мяжы. Акрамя гэтага, Аляксандр мае французскія дакументы: «У мяне ёсць асобная карта, від на жыхарства ў Францыі. На падставе гэтага дакумента я і ўехаў у Польшчу. Палякі, праўда, далі яшчэ даведку, што мае дакументы забралі беларускія пагранічнікі».

Аляксандр Лукін мяркуе, што яго хацелі затрымаць на мяжы: «Пры канцы сакавіка я ўязджаў у Беларусь. Тады я быў ў Кобрыне два дні. Якраз у гэтыя дні Наталля Радзіна збегла з краіны. Спецслужбы падазраюць, што я датычны да гэтага. Бо пасля гэтага ў мой дом прыйшлі з ператрусам».
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?