Пракурор Віцебскай вобласці Генадзь Дыско заявіў, што версія пра парушэнне правілаў аховы працы на аршанскім мясакансервавым камбінаце не пацвердзілася. А начальнік абласной службы МНС Васіль Чэкан назваў чатырох загінулых героямі, якія «не скарысталіся шляхамі адступлення».

На брыфінгу для журналістаў начальнік абласной управы МНС Васіль Чэкан сказаў, што выратавальнікі спрацавалі хутка і якасна, таму 24 мая пажар на мясаканскрвавым камбінаце ў Воршы быў ліквідаваны хутка. Ён падкрэсліў, што два месяцы таму ў цэху халадзільных установак праводзіліся вучэнні, як дзейнічаць падчас пагрозы выкіду аміяку, таму рабочыя дзейнічалі адпаведна з інструкцыямі.

«Загінулыя работнікі халадзільнага цэху праявілі гераізм, спрабуючы самастойна ліквідаваць пажар з дапамогай першасных сродкаў пажаратушэння, аднак не ўлічылі смяротную небяспеку ўдыхання атрутных прадуктаў гарэння»
, — сказаў начальнік абласной службы МНС.

Спадар Чэкан падкрэсліў, што ў загінулых была магчымасьць уратавацца, але яны «не скарысталіся шляхамі адступлення».

24 траўня Аршанская гарадзкая пракуратура распачала крымінальную справу паводле часткі 3 артыкула 306 — «Парушэнне правілаў аховы працы, якое пацягнула за сабой праз неасцярожнасць смерць чалавека або нанясенне цяжкога цялеснага пашкоджання дзвюм і больш асобам». Аднак ужо 25 мая пракурор Віцебскай вобласьці Генадзь Дыско заявіў, што гэтая версія не пацвердзілася, і, верагодна, справу паводле вынікаў рассьледавання перакваліфікуюць.

Прычыны пажару ў тэхнічнай галерэі, якая злучае цэх халадзільных установак з перапрацоўчымі цэхамі, яшчэ ўдакладняюцца. Паводле першапачатковай версіі, пажар пачаўся ў выніку парушэньня тэхнікі бяспекі пры зварцы — падчас працы з адкрытым агнём.

Рабочыя камбінату называюць наступныя прычыны трагедыі: перадусім гэта

абшыўка памяшкання пажаранебяспечнымі пластыкавымі панэлямі, якія хутка гараць, выдзяляючы атрутны смурод. Таксама згадваюць, што працаваць даводзіцца ў зачыненых на ўвесь працоўны дзень памяшканнях — гэтак кіраўніцтва змагаецца з крадзяжамі мяса і мясапрадуктаў.

Супрацоўнікі камбінату ананімна распавядаюць, што на другі дзень пасля пажару людзі на прадпрыемстве трацяць прытомнасць: у халадзільным цэху загадана ліквідаваць смурод, распыляючы воцат, а індывідуальныя сродкі абароны рабочым не выдаюцца. Ёсць зьвесткі, што абгарэлыя тушы жывёлы, якія падчас пажару знаходзіліся ў галерэі, будуць выкарыстаныя для вытворчасьці кансерваў, у тым ліку дзіцячага харчавання. Адміністрацыя пагражае звальненнямі ўсім, хто адмаўляецца працаваць у такіх умовах, і загадвае сцерці фота- і відэазапісы пажару на мабільных тэлефонах.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?