Раней жодзінскі маладафронтавец Раман Васільеў аплаціў штраф 1 050 000 рублёў за графіці «Саша, сыходзь» на Доме быту. Цяпер па позвежыллёва-камунальнай гаспадаркі горада ад хлопца патрабуюць аплаціць яшчэ раз, але трохі меней — 1 048 887 рублёў.
Позва ад камунальнай службы за подпісам дырэктара Жодзінскай ЖКГ Шылы
Позва ад камунальнай службы за подпісам дырэктара Жодзінскай ЖКГ Шылы
Нядаўна Раману прыносілі позву ў суд дахаты. Юнака на той момант не было дома. Гутарка з «паштальёнам» адбывалася праз дамафон. Прадставіцца нязваны госць адмовіўся — «адчыняй — убачыш, хто гэта». Пасля доўгіх спрэчак «дамафон» паведаміў, што прынёс позву Васільеву, але нават не ўдакладніў, якому. Калі нехта з суседзяў адчыніў дамафонныя дзверы, таемны «паштальён» пачаў тузаць ручку, біцца ў дзверы кватэры Васільевых.
Тыдзень таму, 8 чэрвеня, Раман знайшоў у паштовай скрыні позву на размову ў суд, але прыйсці па ёй у хлопца не было магчымасці, бо яна была выпісаная на 9 чэрвеня, а Раман убачыў яе толькі 8 чэрвеня і не змог адкласці працу.
Вынікае, што праз няяўку Рамана Васільева судовае паседжанне перанеслі.
«Як я зразумеў, з мяне хочуць садраць грошы за ўсе надпісы», — лічыць Раман Васільеў і звяртае ўвагу на словы ў позве «пры ажыццяўленні работаў па зафарбоўванні надпісаў». Паводле адміністрацыйнага правапарушэння даказаная віна Рамана ў нанясенні толькі 1 надпісу «Саша, сыходзь» на Дом быту ў Жодзіне.
Нават да з’яўлення надпісу «Саша, сыходзь» на гандлёвым доме было каля 8 штук надпісаў, апавядае маладафронтавец. Іх кожны раз замалёўвалі супрацоўнікі ЖКГ.
Раман мяркуе, што яго выклікаюць у суд у якасці абвінавачванага. Нягледзячы на тое, што штраф юнак ужо аплаціў, ад яго патрабуюць такую ж кампенсацыю па позве ад ЖКГ.