Дзяжурны Гомельскага ізалятара часовага ўтрымання патэлефанаваў праваабаронцу Леаніду Судаленку и перадаў просьбу ад Кастуся — прывезці ў ізалятар мыліцы.

«Я пацікавіўся: а што ў яго зламана? Дзяжурны адказаў: «Нага!» Пытаюся: гіпс наклалі? Дзяжурны адказаў: «Так, наклалі гіпс», — паведаміў Судаленка.

Леанід Судаленка паведаміў, што мыліцы Жукоўскаму знайшлі. «Я буду прасіць начальства ізалятара перанесці адбыццё вынесенага судом пакарання на больш позні тэрмін — пасля выздараўлення», — сказаў Судаленка.

Кастуся Жукоўскага затрымалі 21 верасня, да пачатку маўклівай акцыі пратэсту, непадалёк ад уласнага дому. Спецназ міліцыі нібыта хацеў ўручыць Жукоўскаму позву, а ён лаяўся і супраціўляўся.

Жукоўскага спецназаўцы адвезлі спачатку ў Чыгуначны аддзел, дзе дапытваліся, чаму ягоны тэлефон пазначаны ў запрашэннях на Народны сход, які мае адбыцца 8 кастрычніка ля ДК «Віпра» на вуліцы Юбілейнай.

Пасля Жукоўскага перавезлі ў Цэнтральны райаддзел міліцыі, каб скласці адміністрацыйныя пратаколы. І толькі праз пяць гадзінаў адвезлі ў шпіталь хуткай медыцынскай дапамогі, пасля — да нейрахірурга ў абласны шпіталь, а затым — у ізалятар.

На судзе Жукоўскі даваў паказанні седзячы, бо накульгваў і не мог стаяць. Актывіст таксама хадайнічаў выклікаць лекара, скардзіўся, што баліць нага, галава, шыя і рукі, што нагу лекары напярэдадні нават не аглядалі. Хадайніцтва не было задаволена, і ў перапынку паміж пасяджэннямі суду Кастуся да медыкаў не вазілі.

22 верасня суддзя Цэнтральнага раёнп Гомеля Марына Дамненка пакарала Кастуся Жукоўскага пакарала 15 суткамі арышту: 7 — нібыта за лаянку на вуліцы, 8 — за супраціў міліцыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?