Вечарына найстарэйшай беларускай газэты праходзіла ў прыватнай хатцы ў сэрцы Маладэчна: адсюль пяць хвілінаў да райвыканкаму, да Цэнтральнай бібліятэкі (імя Максіма Багдановіча), да Музычнай вучэльні (імя Агінскага), да Клюбу чыгуначнікаў, да Палацу культуры. Толькі не адзін з гэтых цёплых храмаў культуры ня здолеў прыняць стогадовую «Нашу Ніву»: як мы ня біліся з кіраўніцтвам установаў, ідэолягамі ад улады, вынік быў прадэманстраваны ў лісьце на імя Рэдакцыі яшчэ ў мінулым годзе («Страх адказвае»).

Але ж і невялічкую выстылую хаціну набілася 50 чалавек. Нават месца ўсім не хапіла, многія слухалі прамоўцаў стоячы.

Гэтую сустрэчу арганізоўвала маладая супольнасьць «За Маладэчна», у складзе якой прадстаўнікі розных грамадзкіх арганізацыяў (такіх, як Таварыства беларускай мовы), палітычных партыяў (АГП, БНФ), ініцыятываў, моладзевых аб’яднаньняў. Дзякуючы высілкам сяброў супольнасьці, у нежылой хаце стала ўтульна (віселі бел‑чырвона‑белыя балёнікі, гучала беларуская музыка, частавалі кавай, гарбатай і печывам), а таксама прысутныя займелі магчымасьць бясплатна атрымаць падарункі: кружэлкі зь фільмам «Плошча», музыкай «Песьні свабоды‑1,2», запісамі падзеяў сакавіка‑2006, беларускія каляндарыкі, значкі і бранзалеты кампаніі «За Свабоду», чарговы (ужо сёмы) сьвежы нумар незалежнай газэты «За Маладэчна».

Як тут ня ўбачыць сьцяг?

Падчас сваіх выступаў Андрэй Скурко, Валеры Булгакаў, Андрэй Дынько распавядалі, прэзентавалі кнігі, у тым ліку з сэрыі «Кнігарня «Наша Ніва». Тут жа адбылася першая ў краіне прэзэнтацыя новае кнігі «Беларусь за дзесяць падарожжаў», напісанай Андрэем Дыньком і Андрэям Скурко падчас вандровак па краіне.

Валеры Булгакаў – рэдактар «ARCHE» – эмацыйна расказваў пра вядомых гістарычных дзеячоў нашае краіны, рэклямуючы такім чынам выданьні, дзе пра іх ішла гаворка.

Андрэй Скурко – галоўны рэдактар «Нашай Нівы» – распавядаў пра цяперашні стан газэты, яе канцэпцыю і інтэрнэт‑фармат.

Дазволю сабе не зусім звыклае параўнаньне. Тройца рэдактароў нагадала мне наш нацыянальны бел‑чырвона‑белы сьцяг: два «белыя» (гэты колер асацыюецца ў мяне з разважнасьцю, спакоем: менавіта так прамаўляюць Скурко і Дынько) Андрэі і рэактыўны, імпульсіўны, нейкі часам неадчэпны, «чырвоны» Булгакаў. Ды калі ўжо параўноўваць, дык я б назваў «Нашу Ніву» – белай, у той час як «ARCHE» – чырвоны. Вось і атрымоўваецца: колерава яны розныя, але разам прапагандуюць адны каштоўнасьці, змагаюцца за адну мэту. Як тут ня ўбачыш бел‑чырвона‑белы сьцяг?!

Аздобіў сьвята гурманаў беларускага слова выступ маладачанскіх аўтараў‑выканаўцаў Лявона Тышкевіча і ягонага сына Яўгена. Дзякуючы іх песьням мерапрыемства ператварылася ў сапраўдную творчую вечарыну.

Прысутныя разам з бардам заклікалі:

    ...Узьлятай хутчэй, жаўрук, у неба!
    І адтуль сьпявай цяпло вясны.
    Узьлятай хутчэй, жаўрук, у неба!
    І пра вясну мне вестку прынясі.
    ...Надакучыла зіма. Надакучыла...
    Цёплыя палацы і зімная сядзіба
Сьпявае Яўген Тышкевіч

У заключнай прамове Андрэй Дынько, сярод іншага, адзначыў: «Нягледзячы на тое, што мы сьвяткуем 100‑годзьдзе «Нашай Нівы» не ў палацах, а вось у такіх халодных хатках, для нас нашмат важнейшы не памер сядзібы, а той дух, якая пануе на гэткіх во імпрэзах». Напрыканцы, як ужо традыцыйна на сустрэчах, прысьвечаных «Нашай Ніве», усе прысутныя разам пад гітарны акампанэмэнт прасьпявалі гімн «Не загаснуць зоркі ў небе». Былі адмыслова надрукаваныя і раздадзеныя аркушы з тэкстам песьні.

Госьці расказвалі шмат, нязвыклае грамадзтва да такіх гасьцей (а то ўсё Лявонцьеў, Смолава, Каліна), пытаньняў задавала няшмат. Затое пасьля вечарыны сустрэча набыла іншы фармат.

Рабіць сваю справу

Пасьля раздачы аўтографаў, набыцьця кніжак і невялічкае фотасэсіі грамада перасунулася бліжэй да століка з кавай і гарбатай. Вось там вечарына і атрымала ня менш цікавы працяг.

Пры падбухторваньні гасьцей зь Менску і Варшавы (дзе гэты год чытае лекцыі Валер Булгакаў), маладачанцы, якія засталіся на дыскусійную частку сустрэчы, прынялі выклік нашаніўцаў і бадзёра спрачаліся на розныя тэмы, якія хвалююць дэмакратычную супольнасьць краіны.

Прынцыповых разыходжаньняў у поглядах на агульнанацыянальную палітыку заўважна не было: нашаніўцы і маладачанцы выступаюць за адзінства дэмакратычных сілаў і кансалідацыю вакол Мілінкевіча. Хаця, як слушна адзначылі нашаніўцы, ня трэба зашмат зацыклівацца на асобе лідэра і на тым, што адбываецца ў сталіцы: важна кожнаму рабіць сваю невялікую, але карысную справу, набліжаючы перамогу нашае Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?