Пра гэта заявіў начальнік ГУУС Мінгарвыканкама Анатоль Куляшоў 23 сакавіка на сустрэчы з заяўнікамі акцыі.

Па факце арганізацыі 25 сакавіка ў Мінску несанкцыяванай акцыі распачата крымінальная справа. Пра гэта заявіў начальнік ГУУС Мінгарвыканкама Анатоль Куляшоў 23 сакавіка на сустрэчы з заяўнікамі акцыі з нагоды Дня волі Ігарам Шынкарыкам і Анатолем Ляўковічам.

Як паведаміў БелаПАН намеснік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі І.Шынкарык, А.Куляшоў паведаміў, што цягам апошніх двух дзён па краіне затрымліваліся маладыя радыкальныя актывісты, і папярэдзіў аб адказнасці за несанкцыяваныя дзеянні. У адказ заяўнікі акцыі сказалі, што ў такі дзень людзі ў любым выпадку прыйдуць на Кастрычніцкую плошчу і прапанавалі начальніку ГУУС шукаць кампраміс. А.Куляшоў, паводле слоў І.Шынкарыка, пагадзіўся з неабходнасцю кампрамісу.

У выніку бакі дамовіліся, што 25 сакавіка, за паўгадзіны да аб’яўленага збору людзей, з арганізатарамі акцыі ў раёне Кастрычніцкай плошчы сустрэнецца памочнік Куляшова, і праз мегафон прысутных будуць папярэджваць аб наступным маршруце шэсця: вуліца Інтэрнацыянальная — вуліца Янкі Купалы — і далей па правым баку праспекта Незалежнасці да Акадэміі навук.

Нагадаем, што Мінгарвыканкам дазволіў арганізатарам святкавання Дня волі сабрацца блізу Акадэміі навук і па вуліцы Сурганава прайсці да плошчы Бангалор. Аднак лідэры апазіцыі, нягледзячы на забарону ўладаў, заклікалі людзей прыходзіць у 12.00 на Кастрычніцкую плошчу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?