Рускамоўная «Вікіпедыя» закрылася на суткі ў знак пратэсту супраць унясення паправак ў закон аб інфармацыі.
Пра гэта гаворыцца на галоўнай старонцы інтэрнэт-энцыклапедыі.

«Сёння, 10 ліпеня, у Дзяржаўнай Думе адбудзецца другое слуханне аб унясенні паправак у „Закон аб інфармацыі“, якія могуць прывесці да стварэння пазасудовай цэнзуры ўсяго Інтэрнэту ў Расіі, у тым ліку да закрыцця доступу да Вікіпедыі на рускай мове», — гаворыцца ў паведамленні.

Супольнасць Вікіпедыі пратэстуе супраць увядзення цэнзуры, небяспечнай для свабодных ведаў, адкрытых для ўсяго чалавецтва.