Забудзь пра «Бурановских бабушек». У палескай вёсцы Пагост, вядомай усяму свету дзякуючы CNN, вось ужо паўстагоддзя спявае свае песні этна-гурт «Міжрэчча». Акрамя таго, яны захоўваюць аўтэнтычныя абрады. А нядаўна гурт зладзіў паспяховае турнэ па Германіі, дзе на іх канцэртах галасілі дэпутаты Бундэстагу. На зваротным шляху мы перахапілі бабулек у Менску – пакуль яны даюць інтэрв’ю за проста так.

«Што ж вы нас так непрыгожа клічаце – «бабулі»? Мы дзяўчаткі, не старэе ж душа! Што мы, у апошняй стадыі ўжо?» — смяецца баба Каця.
Фронтвумэн і заснавальніцы гурту «Міжрэчча» Кацярыне Аляксееўне Панчэні — 71 год. Наймаладзейшай з «дзяўчатак» крыху больш за 30, найстарэйшай — 87. Агулам у гурце 12 жанчын і адзін гарманіст. У іх рэпертуары каля 200 народных песень і яшчэ добры тузін абрадаў, пра якія мы хіба што ў падручніках чыталі.

Калісьці за калядаванне адну з будучых удзельніц «Міжрэчча» выгналі са школы. Крок ад апалы да славы расцягнуўся на паўстагоддзя — у 2004 годзе абрад «Юраўскі карагод» увайшоў у спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА як нематэрыяльная каштоўнасць.
А ў 2010 годзе менавіта за аўтэнтыку абрадаў палеская вёска Пагост заняла трэцюю пазіцыю ў спісе «топ-10 месцаў для святкавання Калядаў» паводле версіі CNN, абышоўшы Нью-Ёрк, Лондан і Сідней. Дарэчы, «міжрэчча» – гэта не пра Тыгр і Еўфрат, а пра Сцвігу і Прыпяць.

Падрабязнасці біяграфіі гурту нам бадзёра распавядае баба Каця пасля выступу ў менскім Музеі гісторыі і культуры на фолк-фэсце «Замыканне зямлі». Месца камернае, чалавек на 30, сам выступ — скарочаны. Як патлумачылі арганізатары, палескія зоркі стаміліся падчас нямецкага турнэ. Аднак з саміх бабак энергія так і б’е — баба Маня, 85 гадоў, пасля канцэрта працягвае танчыць — дай божа першакурсніцам Лінгвістычнага. А па бабе Каце ніколі не скажаш, што яна перанесла два інсульты. «Глядзіце на мяне, не ў камеру!» – просіць бабу Кацю журналістка.

«Я ў дзірку не хочу глядзець! Гэй, а ты куды лезеш пад спадніцу?!» — перасцерагае бабка відэааператара, які спрабуе прымацаваць ёй мікрафон дзесьці ззаду.

Мікрафоны для гурту — рэч нязвыклая, выступаюць яны звычайна без іх. Фанаграму не выкарыстоўваюць таксама, чым выгодна адрозніваюцца ад бліжэйшых канкурэнтак.

«Буранаўскія бабулі» — папса. Іх сапсавалі. Нашто пад фанаграму спяваць, калі ёсць жывы голас? Нашто англійская мова, калі ёсць свая?» — узрушана кажа баба Каця. Высвятляецца, што «Міжрэчча» лёгка паехала б на «Еўрабачанне», а пакуль туды не клічуць — будзе ездзіць у Берлін.

Ініцыятарам трыпу ў Германію стаў фатограф Андрэй Лянкевіч, які даўно працуе з палескімі зоркамі. А арганізавалі ўсё беларуска Алеся Белановіч і вядомы аматар беларушчыны немец Інга Пэтц. Дагэтуль бабулі за мяжой не былі і доўга не верылі свайму шчасцю. Калі стала зразумела, што гэта не жарт — плакалі ад радасці.

Аўтэнтычных беларусак сустракаў дэпутат Бундэстагу — усіх абшукалі напярэдадні сустрэчы і ў бойкай бабы Каці забралі ножычак. Дэпутат доўга пытаў пра Лукашэнку, а потым пакляўся, што асабіста прыедзе да Кацярыны Аляксееўны, каб паглядзець на беларускі народ. Яна абяцала чакаць.

Канцэрты адбыліся ў Берліне і Дрэздэне. Выступ у царкве Святой Лізаветы ў Берліне мусіў доўжыцца паўтары гадзіны, але гурт не адпускалі са сцэны ўсе дзве. У зале было чалавек 300. Жанчын цалавалі і абдымалі, іншыя гледачы нават плакалі, немцы буркалі «гут» ды цалавалі рукі.

Болей фотаздымкаў і працяг гісторыі — ТУТ.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?