Імені Расьціслава Лапіцкага няма ў падручніках. Але яго яшчэ помняць пад Мядзелам і ў Смургонях. Нехта чытаў антыкамуністычныя ўлёткі. Нехта чуў пра палітычны працэс і пра юнака, які выступаў на ім цэлы дзень, вінавацячы Сталіна і савецкую ўладу, а пасьля быў расстраляны. Падпольная арганізацыя Лапіцкага дзейнічала на зломе 40‑х і 50‑х — у страшны час выкараненьня ўсяго несавецкага. Постаці Лапіцкага прысьвяціў дзьве свае новыя кнігі Міхась Чарняўскі. З навукоўцам гутарыць Зьміцер Панкавец.

«Наша Ніва»: Адкуль Вы дазналіся пра Лапіцкага?

Міхась Чарняўскі: Удзельнікі таго падпольля былі вучнямі мядзельскай школы, дзе некалі вучыўся я. Летам 1949 году наша сям’я пераехала ў вёску Мікасецк. Зь месяц я жыў у адной вёсцы з Расьціславам Лапіцкім. У нас была істотная розьніца ў гадах, я нават ня памятаю таго хлопца. У школе бачыў малюнкі Лапіцкага — ён цудоўна маляваў. Аднаклясьнікі сказалі, што гэтага хлопца расстралялі за Беларусь. Аднавяскоўцы і мой старэйшы брат шмат расказвалі пра яго і яго сяброў: што яны друкавалі антыкамуністычныя ўлёткі, зьбіралі зброю, хацелі змагацца за Радзіму. Гэта мяне так натхніла, што зімой 1951 году я сам пачаў пісаць улёткі друкаванымі літарамі, раскідваў іх па дарозе, калі ішоў у школу. Дзякуй Богу, што іх ніхто ня бачыў...

Каб не гісторыя пра Лапіцкага, я мог бы быць абсалютна іншым чалавекам. Разам з тым расказы пра Лапіцкага былі на ўзроўні фальклёру. Расказвалі, што ён быў вельмі таленавіты, зрабіў з калаўроту ровар, цудоўна маляваў, сьпяваў, граў на розных музычных інструмэнтах...

Баюся, калі б я ня ўзяўся за гэтую працу, то мог ня ўзяцца і ніхто іншы.

«НН»: А хто быў такі Расьціслаў Лапіцкі?

31 траўня (чацьвер) на сядзібе БНФ адбудзецца прэзэнтацыя кніжак Міхася Чарняўскага. Тамсама адбудзецца прэм’ера дакумэнтальнага фільма Валера Мазынскага пра Расьціслава Лапіцкага.

МЧ: Расьціслаў паходзіў са старажытнага шляхецкага роду Лапіцкіх. Бацька быў праваслаўным сьвятаром. Сям’я была шматдзетная. Абсалютна ўсе дзеці былі сьвядомымі беларускімі патрыётамі.

Лапіцкі быў арганізатарам і маторам усёй гэтай суполкі. Калі б не было яго, то справа не пайшла б далей хатніх размоваў. За Лапіцкім ішлі, моладзь круцілася каля яго, як пчолы ля вульля.

«НН»: Калі Вы пачалі пісаць кнігі пра падпольле?

МЧ: У сярэдзіне 90‑х. Тым болей Арсень Ліс сказаў, што вучыўся разам з Лапіцкім у Смургонях. Пачала зьяўляцца новая інфармацыя. Размаўляў зь дзясяткамі людзей, зьвязаных з падпольлем, якія цяпер жывуць ня толькі ў Беларусі, але і ў Расеі, і ў Польшчы.

Дом Зьвяружкаў у Мядзеле, дзе зьбіраліся падпольшчыкі

«НН»: Ці былі людзі, якія адмаўляліся размаўляць з Вамі?

МЧ: Так. Юзік Качэрга, які быў у арганізацыі ад самага пачатку, адмаўляўся дзесяць гадоў. Я тэлефанаваў яму ў Шчэцін, але Качэрга ўвесь час казаў, што хворы, альбо што нічога ня памятае. І вось я купіў бохан «Нарачанскага», зьняў з інтэрнэту здымкі мясьцінаў, дзе жыў Качэрга, азёры, дзе ён лавіў рыбу. З Варшавы, не тэлефануючы, я саджуся на цягнік да Шчэціна, прыяжджаю да Качэргі. Думаў, што ён выгане мяне. Аднак ня выгнаў. Мы размаўлялі зь ім да цемры. Ён расказаў мне тое, што ня выбілі зь яго на допытах: колькі было ўлётак, як іх распаўсюджвалі, як друкавалі, дзе былі яўкі, дзе хаваліся самі і дзе хавалі зброю. Таксама Кастусь Іваноўскі адмовіўся што‑небудзь расказваць пры ўключаным дыктафоне.

Яны цяпер расказваюць ужо ўсё. Яны адкрыліся, бо адчулі, што не дарма цярпелі шмат гадоў.

Ён сьвядома пайшоў на сьмерць

«НН»: Раскажыце падрабязьней пра дзейнасьць арганізацыі Лапіцкага.

МЧ: Мядзельска‑смургонскае падпольле было не беларускім і ня польскім. Яны не падымалі нацыянальнага пытаньня, бо гэта магло іх падзяліць. У іх быў толькі антыкамунізм. МГБ выйшла на падпольле праз правакатара, які быў зь імі ад самага пачатку. Я не хачу казаць прозьвішча. Па справе падпольля было арыштавана дзевятнаццаць чалавек. Сам Лапіцкі быў занадта эмацыйным, а такія людзі ня ўмеюць працаваць у падпольлі. Ён спрачаўся на ўроках з камсамольцамі, не хаваючы сваіх поглядаў. Неяк астаўніцы расейскай літаратуры сказаў, што ў іх ёсьць свая маладая гвардыя, якая змагаецца за Беларусь. У памяці смургонцаў групоўка і засталася пад назвай «Маладая гвардыя».

Першыя арышты былі 2 лютага 1950 г., а прысуды вынесьлі ў сярэдзіне ліпеня. На допытах іх білі, ім трушчылі пальцы, садзілі на ножкі табурэтаў, уводзілі іголкі пад пазногці. Самым вытанчаным было катаваньне кроплямі вады. Галаву стрыглі нагала, ставілі ў кут, дзе нельга было паварушыцца і зьверху рэдка капала вялікая халодная кропля вады. Спачатку было прыемна сярод задухі, а пасьля па галаве біла як вялізным кувадлам. Гэта кітайскі спосаб катаваньня. Не давалі спаць, кожную ноч быў допыт.

Суд стаў чыстай фармальнасьцю. Тым, якія ведалі, але не данесьлі, далі па 10 гадоў, няпоўнагадовай дзяўчынцы далі восем гадоў. Усе астатнія атрымалі па 25 гадоў. Расьціслаў Лапіцкі і Факунда Несьцяровіч былі прысуджаныя да расстрэлу. Лапіцкі выступаў, некаторыя казалі, цэлы дзень. Выступаў як абвінаваўца: пачаў ад мясцовых брыгадзіраў і міліцыянтаў і скончыў самім Сталінам. На судзе трымаўся як герой. Пазьней папрасіў прабачэньня ва ўсіх асуджаных, бо празь яго яны цярпелі і будуць цярпець. Ён быў глыбока веруючым чалавекам. Можа, і пайшоў на сьмерць менавіта праз пачуцьцё адказнасьці і віны за гэтых людзей. Гэта адказнасьць кожнага лідэра, за якім пайшлі на барацьбу і сьмерць. Ня ў кожнага лідэра, праўда, хапае мужнасьці ўзяць на сябе боль людзей, што пайшлі за ім.

У ноч на 28 кастрычніка адбыўся расстрэл. Для Факунды, які ўжо ведаў пра памілаваньне, быў шок, што яго павезьлі на расстрэл з Лапіцкім. Гэбісты зачыталі прысуд аб расстрэле, а пасьля ўказ аб памілаваньні. Гэта быў спэктакль. Застаецца адзін Расьціслаў. Пракурор з партфэлем зачытвае прысуд, а Лапіцкі маўчыць. Усе чакалі, што ён папросіць, каб памілавалі, ужо быў адпаведны ўказ, але ён не зрабіў гэтага.

Расьціслаў Лапіцкі можа ляжаць тут, ва ўрочышчы Красны Беражок пад Вялейкай

«НН»: Месца расстрэлу Лапіцкага вядомае?

МЧ: Найбольш верагоднае — урочышча Красны Беражок пад Вялейкай. Але там ёсьць і расейская вайсковая база, дзе таксама маглі расстрэльваць. Зьвяртацца ў КДБ мне не было сэнсу, бо я археоляг, а не гісторык, які займаецца гэтай тэматыкай.

«НН»: Пра якую ролю Лапіцкага ў гісторыі Беларусі можна гаварыць сёньня?

МЧ: У антыкамуністычным пасьляваенным руху ў Беларусі я ня ведаю больш моцнай і гераічнай асобы. Яго можна было б кананізаваць, каб ён быў сьвятаром. Гэта быў незвычайны чалавек.

«НН»: Ці плянуеце далей займацца антыкамуністычным падпольлем?

МЧ: Пасьля гэтых кніжак абсалютная спустошанасьць. Раней у мяне не было такога ні з адною кніжкай. Я лічу, што гэта самыя важныя мае кнігі... І столькі яшчэ застаецца недасьледаванага... У 1950‑я ў Беларусі ў сярэднім было 11 абласьцей. Толькі ў абласных судах штогод праходзіла па 40—50 палітычных працэсаў. Паўтысячы палітычных працэсаў штогод. Мы ж ведаем прыкладна пра 10—15 штогод. Яшчэ ніхто не крануў гэтай тэмы.

Міхась Чарняўскі нарадзіўся ў 1938 у вёсцы Круці Мядзельскага раёну. Быў удзельнікам клюбу вальнадумнай інтэлігенцыі «Акадэмічны асяродак», які быў разгромлены ў 1973—74. Археоляг, спэцыяліст па першабытнай гісторыі Беларусі.

Фатаздымкі Арцёма Лявы