Букiнiстычны «патрыятызм»

 

Лiтаральна пару тыдняў таму ў Вiльнi адбыўся круглы стол на тэму «Вобраз Беларусi ў лiтоўскiх СМI», на якiм лiтоўцы й беларусы пагадзiлiся, што Беларусь амаль не зазначаная ў лiтоўскай прэсе. Маўляў, вось блiжэйшая суседка, але ўяўленьне пра яе ў лiтоўскае публiкi самае цьмянае. Гэта тычыцца ня толькi практыкi таталiтарызму. Нiчога ня ведаюць лiтоўцы i пра сёньняшнюю беларускую культуру. Але празь некалькi дзён «iнфармацыйная блякада» з грукатам была прарваная ў самым нечаканым месцы...

6 чэрвеня суботнi нумар найбуйнейшай лiтоўскай газэты «Lietuvos Rytas» адкрыўся скандалам вакол пасольства Беларусi, якое займалася кантрабандай старадаўнiх кнiг. Як паведамляе газэта, работнiкi дзяржбясьпекi Лiтвы здолелi летась папярэдзiць кантрабандавы вываз зь Вiльнi дзьвюх кнiг XVI ст.: Статута Вялiкага Княства й Трыбунала. Паводле публiкацыi, афёрамi з антыкварнымi кнiгамi займалiся беларускiя дыпляматы ў Лiтве, пакуль iх дзейнасьць не перапынiў Дэпартамэнт дзяржбясьпекi. Аднак, як сьцьвярджаюць супрацоўнiкi бясьпекi, у Нацыянальнай бiблiятэцы Беларусi ўжо ляжаць некалькi каштоўных старасьвецкiх кнiг, нелегальна прыдбаных i ўсё ж вывезеных зь Вiльнi.

Галоўным удзельнiкам гэтае кантрабандавае афёры газэта «Lietuvos Rytas» называе былога дарадцу беларускага пасольства Васiля Жлутку. Лiтоўскiя ўлады плянавалi абвясьцiць яго пэрсонаю non grata i выслаць зь Вiльнi, аднак тады мiнiстар замежных справаў Альгiрдас Саўдаргас прапанаваў трымаць iнцыдэнт у сакрэце.

Пра кантрабандавы вываз гiстарычных каштоўнасьцяў было паведамлена кiраўнiцтву Лiтоўскае Рэспублiкi. На гэты ж конт давялося даваць тлумачэньнi й паслу Беларусi, былому мiнiстру культуры Яўгену Вайтовiчу, якi растлумачыў, што выкрадзеныя кнiгi засталiся на тэрыторыi Рэспублiкi Беларусь i iх атрымалi нейкiя невядомыя спонсары.

А што ж з кнiгамi? Пра тое, якiх i колькi кнiг было выкрадзена, газэта «Lietuvos Rytas» не паведамляе. Але iх лёс няцяжка прадбачыць ужо сёньня. Яны будуць недаступныя нi беларускiм навукоўцам, нi тым больш народу, таму што легалiзаваць iх немагчыма. Паколькi гэтая справа выйшла на паверхню, лiтоўцы не пашкадуюць нi сiлаў, нi часу, каб вярнуць назад кнiгi, якiя яны ўважаюць i за свае нацыянальныя скарбы, i будуць нагадваць пра гэта на ўсiх перамовах i апэляваць да Эўропы й Расеi. Урэшце кнiгi будуць вернутыя.

Затое адносiны Беларусi зь Лiтвою будуць cапсаваныя. Справа нават не ў чынавенстве, якое мала розьнiцца ва ўсiм сьвеце. Беларускiм навукоўцам цяпер будзе нашмат цяжэй дабрацца да вiленскiх архiўных скарбаў, бо ў кожным будуць падазраваць злодзея. Цяжка таксама будзе запярэчыць лiтоўскiм мытнiкам, якiя шматкроць пiльней пачнуць «трэсьцi» багажы беларусаў. Цяжка стане растлумачыць калегам — журналiстам, гуманiтарыям ды нават звычайнаму чалавеку, чаму адукаваныя людзi зь Беларусi, дыпляматы й навукоўцы (а бязь iх не абышлося) паводзiлi сябе менавiта гэткiм чынам.

У складаным становiшчы апынаюцца сёньня таксама i вiленскiя беларусы. Праекты аднаўленьня дзяржаўнага Беларускага музэю й стварэньня беларускага архiву-бiблiятэкi можна ўжо й ня згадваць. На iх трапляе доўгі цень «букiнiстычнае афёры». Як i на ўсю тутэйшую беларушчыну ўжо даўно паклаў свой цёмны цень менскi рэжым...

Тым часам Васiль Жлутка пасьпеў атрымаць прызначэньне ў Маскву. Трэба спадзявацца, што адтуль вывозiць антыкварыят можна спакайней, дзякуй Богу, мяжы няма. Беларусам жа ў Вiльнi дыплямат Жлутка запомнiўся найперш тым, што летась уласнымi рукамi зрываў нацыянальны бел-чырвона-белы сьцяг з флагштоку перад гатэлем, у якiм адбывалася паседжаньне Рады БНР.

Вiдавочна, аргумэнт у тых, хто незаконным чынам вывез кнiгi зь Лiтвы, гэткi: лiтоўцы адабралi ў нас Вiльню, чаму нам не пакрасьцi ў iх усё, што можна. Але апраўданьне злачынства вышэйшымi мэтамi — лёгiка тэрарызму. Напрыклад, чаму не захоплiваць у закладнiкi лiтоўскiх цi польскiх грамадзянаў i не патрабаваць у выкуп за iх нашыя скарбы з музэяў i бiблiятэк. Чаму не? Усё ж для Беларусi. Але чаму для Беларусi ў той самы час у Менску не знайшлi магчымасьцi, каб законным чынам выкупiць камплект кнiг Скарыны ў Лёндане? У тым i рэч, што гэты рэжым са сваiмi паслугачамi ня можа дзейнiчаць законным чынам. Гэта супярэчыць ягонай прыродзе. Нават калi ў яго ёсьць iншая магчымасьць, ён усё ж абярэ незаконны шлях. У мэдыцыне гэтая паталягiчная прага завецца клептаманiяй. Нацыяналiзацыя аптэкаў, захоп дамоў, невяртаньне пазыкаў, нарэшце кантрабанда антыкварыяту... Якому б ураду гэта яшчэ магло прыйсьцi ў галаву? Сёньня лiтоўская прэса смакуе захоп Лукашэнкам адбудаваных i адрамантаваных дыпляматычных рэзыдэнцыяў у Драздах... Такi вось атрымлiваецца вобраз Беларусi ў вачох суседзяў.

Сяргей Харэўскi

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0