ЛIСТ АПОШНЯГА ПАРТЫЗАНА*

 

Здароў Браце!

... пiсьмо хадзiла больш 2-х месяцаў, але дайшло, хоць я ўжо ў тым банку скрынкi ня маю. Усё ж такi гэта найпэўнейшы адрас. Пастараюся адказаць на ўсе пытаньнi, хоць ужо рука дрыжыць, бо скарэла ад працы i старасьцi, што сагнуць не магу. Мне ж ужо 80 мiнула. Вы там спраўце мае каракулi, бо я па нашаму пiсаць ня вучыўся i выкiньце тое, што ўважаеце друкаваць непатрэбнае...

 

Усе амаль нашыя дружбакi ўжо паўмiралi. Рэдка хто яшчэ жыве з тых, што тады пераехалi ў Бразылiю. Маладзейшыя потым перасялiлiся ў Парагвай, дзе мелi добрую працу, некаторыя ў Аргэнтыну, але там было цэлы час неспакойна, бо гэтая бандытня чырвоная кiдала бомбы i страляла людзей нават у Буэнас Айрэс, пакуль iх ваенныя ня прысьмiрылi. Некаторыя паехалi ў Балiвiю.

 

Трымалiся мы разам пакуль жыў Харэўскi, ён добры быў камандзер. Пры iм у Порта Алегра была i нашая вэтэранская арганiзацыя. Па сьмерцi вёў Перагуд, а па яго сьмерцi ўсё замерла. Жонка Перагуда мясцовая i зусiм з намi ня зналася i не гаварыла. Сягоньня калi яшчэ хто i жыў, дык зарос у iхнае, i нават калi сустрэнесься з кiм, дык ламае язык, больш слоў мясцовых, чым нашых. Сiлюк даўно памёр. Памёр i Сiлiвончык, i Гарывада, i Струк. У Аргэнтыне — Кулак, наш лясьнiчы Iгнатаў, Перавалоцкi. Некалькi маладзейшых пажанiлiся на нашых баптыстах i жылi ўва Фраме. Карповiч стаў баптыстам i яшчэ жыве. Казаў, што ня можа пераслаць грошы, бо Аргэнтына не пушчае за гранiцу. У Парагваю, паколькi ведаю, памёр Курэц, Сувой, Гучок i многiя другiя. Тамашэвiч быў у Балiвii, меў краму, ажанiўся з кечувай. Як быў уладыка Афанасi, дык як праяждалася туды, ён не адмаўляў начоўкi i прытулiшча нашым, хоць ягоныя падручныя ўсе пярэкруты нашага роду. Казалi мне аб сыне таго Баранавiцкага Цяўлоўскага, што палякам служыў. Сын тут круцiўся такжа каля палякаў, ходзiць у польскi касьцел i пiша ў iхныя газэты. У Берысе яшчэ астаткi перадваенных нашых старых эмiгрантаў, а больш iхныя сыны: трымаюцца беларушчыны. Праўда, гавораць напалавiну па-беларуску, а напалавiну па-руску, але ў гэтым сваiм клюбе даюць часамi беларускiя танцы i песьнi, побач рускiх i нават выходзяць на парады ў беларускай вопратцы, аднак усе яны дурныя камунiсты, бо кажуць: там (у БССР. — С.Ё.) воля для беларусаў. Сустрэўся i з прафэсарам Дакiневiчам. Ён тут быў палякам i стаў мастаком...

Ня ведаю хто яшчэ жывы ў Балiвii. Не перапiсваемся. Ня ведаю нiчога i аб Краю. Як хiба ведаеце ў нас была пастанова не пiсаць туды да радакоў, каб не нарабiць iм бяды, ды не навесьцi на наш сьлед чакiстаў, якiя за намi ахвоцiлiся i ў Германii, i паза ёй. Некаторыя тут пазьмянялi свае iмёны на мясцовыя, дык i не пазнаеш, што пад iм наш. Дзецi звычайна не гавораць па нашаму i нават не разумеюць. Але некаторыя, як у Аргэнтыне, паакончвалi ўнiвэрсытэты i маюцца нязгорш. Пару ў Курытыбе ажанiлiся з палячкамi i проста спалячылiся. Так што з тае соткi, якiя тады выехалi, засталося ў жывых хiба пяцёх, мо пару больш, што я знаю, i ўсе ўжо слабыя старэчы. Перадайце прывет Вiрку (Васiлю Вiру, сябру БНГрамады, якi жыў у Канадзе. — С.Ё.). Яго радак Царук, той, якi быў у Перагудавым атрадзе, памёр у Балiвii, падобна меў жонку iндыянку, але больш валачыўся па дзiкiх мяйсцох, страляючы зьвера, як ваш Таўпека, аб якiм Вы ўспомнiлi.

Вось хiба адпiсаў вам на ўсё. Дык жывiце здаровы!

Сьцяпан Гукалюк

 

(«Беларускi Голас», №342, сакавiк 1988)

*Лiст да рэдактара «БГ» Сяргея Хмары

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0