Сяргей БАЛАХОНАЎ

СЭКСУАЛЬНАЯ РЭВАЛЮЦЫЯ

 

Як ня дзіўна гэта гучыць, але сэксуальная рэвалюцыя, пра якую так доўга сьпявалі «Army of Lovers», закранула, хай сабе й няроўнаю мерай, беларускае людзтва. Даўненька ўжо многія не ўстыдаюцца пры людзёх гаварыць «пра ета» і нат актыўна ўжываюць слова «сэкс», няважна зь якою эмацыйнай афарбоўкай. На станцыі Гомель-Няцотны спрачаліся раз няпэўнага веку паляўнічы на мухаморы і стопрацэнтовая каргота. Спрачаліся наконт юрлівасьці мужыкоў, тэмпэрамэнту жанок, высьвятлялі ўрэшце пытаньне: «Ці ў етым жызьня?» — і бабця ўпарта адказвала на тое адмоўна.

Што цікава, пэтэвэшнікі-сельскагаспадарнікі з Прыбара, колькі мне зь імі ні прыпадала езьдзіць у адных вагонах, літаральна як рыбы пад ільдом маўчаць «пра ета». Балакаюць пра машыны, трактары, курэньне, пра што заўгодна, толькі не пра сэкс.

Праўда, нейкія дзьве сіповачкі аднойчы ехалі ды пра мальчыкаў гутарку вялі. Дык адна, з пульхнымі вуснамі ды пругкімі персямі, у пераліку хлапечых імёнаў колькі разочкаў выдыхала: «Я зь ім» — і рабіла ўказальным і сярэднім пальцамі нажніцы, нібы рэклямуючы вядомую чакалядку.

У Белым Балоце існуе ўстойлівае словазлучэньне «пірэць баб», якім спрэс паслугоўваюцца многія школьнікі. «Інагда ён пасьля клюбу ходзіць пірэць баб», — напісаў адзін вучань у сачыненьні пра свайго сябра Івана Чэмыртана. Калі юныя балацяне разважаюць пра сэкс, то часьцяком блытаюцца ў сваіх думках. То распавядаюць пра нейкую шлюхтыню, тутэйшую «ўсіхную сяброўку», якая вяртаецца пасьля «гульбы» ў клюб, а «ногі ў яе калясом». То катэгарычна заяўляюць, што дзяўчаты ў Б.Б. «усе чысьценькія, ня тое што ў вашым Гомелі». Горад у іхным уяўленьні — кодла зла.

— Када ты ўжэ ўспакоісься? — спытала аднойчы статненькая, гарадзкога выгляду, дзевяціклясьніца свайго сувучня з тыпова калхозным рылам.

На тое ён без усялякіх хістаньняў простым тэкстам адпавёў:

— Тада, када цібя іспорчу...

Дурдом на вуліцы Школьнай. Настаўніка не саромеюцца ані капкі. У 11-й клясе дзяўчаты свабодна згадвалі, што Анжэла ў чужой краваці пасеяла завушніцу, а Марына ў чыёйсьці машыне забыла сарочку начную.

У гэнай клясе ё адна ціха глузданутая на «етых» справах. Па тутэйшых легендах ведама, што на яе паквапіўся былы в.а. гісторыка, а яна пра ўсё давяла да мамы. Што там было насамрэч, казаць цяжка. Але бачу, што яна аж вылузваецца, хоць і ў досі прыстойных рамках, каб і я зьвярнуў увагу на яе.

Калі прыяжджаеш дадому, то пачуваеш сябе такім прытомленым, нібы масьціў цалюткі дзень дарогу ў сьветлую будучыню. Са школы сэксуальнай рэвалюцыі.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0