Навіны

 

Сьмерць у дровах

Як нападала сьнегу, у столінскіх лясах зноў сталі павальна вырубаць лес, у тым ліку забруджаны радыяцыяй. Лесьнікі кажуць, што толькі ў вёскі Рубель да Хатомель штодзень зь лесу прыходзіць па 25—30 фурманак і развалаў, піша БелаПАН. Аднаго жыхара Хатомля за апошнія 3 гады злавілі з дрывамі 12 разоў, а яму хоць бы дзічкі: кара больш-менш як мінімалка, дык усё адно аплоціцца езьдзіць. Газу на Століншчыну амаль няма, вуглю бракуе, дык топяць хаты й цяпліцы дрывамі. Горш, шчэ й прадаюць іх. Хто ня ведае, купляе і топіць сабе сьмерцю.

 

Дактары-бээнэфаўцы адсудзілі прэмію

Суд абавязаў выплаціць ляхавіцкім дактарам Алене і Ігару Лобанам незаконна зьнятыя зь іх прэміі. Іх уціскалі за тое, што Ігар быў ачольваў у раёне БНФ — 12 разоў пакідалі бяз прэміяў (ён тэрапэўт, яна стаматоляг). У судзе Лобанам дапамагала праваабарончая “Вясна-96”, піша БелаПАН. Лобаны акрыялі ад перамогі і хочуць цяпер заснаваць у Ляхавічах суполку Свабоднага прафсаюзу.

 

Заміж пэрсідзкага ўзору...

9 сьнежня ў Доме літаратара сьвяткавалі 108-я ўгодкі Максіма Багдановіча. Пры канцы вечарыны не абышлося без палітыкі. Правялі імправізаванае галасаваньне “за” і “супраць” саюзу з Расеяй. Чалавек 10 было “за” і чалавек 150 — “супраць”. Дык прынялі зварот-ліст пратэсту супраць дамовы, а пасьля, стоячы, усёй заляю выканалі “Пагоню”.

А.Ш.

 

Экспансія краёўцаў

У Берасьці моцна актывізаваліся тутэйшыя “краёўцы”. На аўтобусных прыпынках зьявіліся іхныя ўлёткі: “Табе абрыдла гэтае сьвінячае жыцьцё? Ты ня лічыш сябе быдлам і “атрэб’ем” — прыходзь у “Край”, і мы навучым цябе, як бараніць Годнасьць! “Край” гуртуе вакол сябе людзей, для якіх словы: бог, воля, нацыя, дзяржава — не пусты гук”.

Зь Берасьця — Сяржук Пруднікаў

 

Няма Франьё Туджмана

Памёр прэзыдэнт Харватыі. Антыфашысцкі партызан, югаслаўскі генэрал, пасьля дысыдэнт, першы лідэр незалежнай Харватыі пад час югаслаўскай агрэсіі, пераможца сэрбскіх краінаў у маланкавай вайне, якая за 3 дні вярнула Харватыі ўсё страчанае. Цяпер гэты чалавек, якога часта вінавацілі ў патураньні былым усташам, уціску свабоды думкі, цкаваньні лібэральнае інтэлігенцыі, разьдзіманьні антысэрбскай нянавісьці і нават змовах зь Мілошавічам, належыць гісторыі.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0