Славамір АДАМОВІЧ

Дробы і шрот

 

***

Пісьменьнік Алесь Наварыч пазнаў сябе ў тэксьце кніжнага магната Адама Глёбуса ды ўсім расказвае. Дык жа і я раскажу...

 

...пра паэта і пасажыраў

— На храна мне такія пасажыры?! — кажа знаёмы Паэт, калі я пэўна раз дваццаць пяты катэгарычна заяўляю, што грошай на гарэлку ня дам. Зрэшты, як і на закуску.

 

...пра Паэта і расейцаў

— Я баўдзею з гэтых расейцаў! — кажа знаёмы Паэт, выпраўляючы свайго знаёмага расейца па гарэлку. І той ідзе.

 

...пра Паэта й жыдоў

А яшчэ мой знаёмы Паэт любіць падысьці да якога-небудзь свайго знаёмага жыда й сказаць: «Я ведаю, Міша, ты ня жыд. Дай на бутэлечку». Бывае, што й не шкадуюць.

Выснова: каб не вінавацілі ў жыдоўстве, трэба даваць. Альбо мякчэй: варта дзяліцца.

 

...пра камуну

Зыходзячы з вышэйсказанага, вымкнула пытаньне: «Каб усе жыды падзяліліся з астатнімі, ці не настаў бы тады камунізм?»

 

...пра едака і ядомае

Калі яму няма часу паесьці, дык памерці ён абавязкова пасьпее.

 

***

Каб зразумець, хто ён, ты глядзіш, як ён есьць. Пры гэтым неістотна, якія прадукты ў яго на стале. Толькі сам працэс і тое, што вакол працэсу!

 

...пра тое, што за чым

Ваюючы духам і сілай за Беларусь, узгадаем: бяз роду няма й заводу!

 

***

Добрыя тэксты, напісаныя невядомымі аўтарамі безь біяграфіяў, — як сіроты пры жывых бацьках.

 

***

Без прыватнай біяграфіі не выпадае гаварыць пра ўсеагульную гісторыю. Дарэчы, як і пра нацыянальную.

Выснова: рабі ўласную біяграфію — і зробіш Нацыю.

 

***

Біяграфія патрэбна хоць бы для таго, каб спакойна памерці.

 

...пра манію прыстаўляньня

Кажуць, што мы — нацыя паэтаў. Альбо: паэтычная нацыя. Калі гэта справядліва, дык праўда і наступнае: мы — бажавольная нацыя.

Прыстаўляючыся, лягчэй пражыць. Прыстаўляцца, прыдурвацца можна толькі тады, калі ўсьведамляеш сваё прыстаўляньне. Прыдурак заўсёды ведае, што ён прыдурак.

Ёсьць розныя прыдуркі-бажавольнікі. Можна адрозьніць тры віды: дасьціпныя (як дасьціпны — да месца — жарт; такіх можна цярпець, бо яны іншы раз бываюць дарэчы), назолы і «вышэйшыя», што лічаць сябе хітрэйшымі за іншых. Апошніх бывае складана паставіць на месца ня тое што мужчынскім крэпкім словам, але й кулаком.

І яшчэ: магчыма, што ў гісторыі зь беларускім прыстаўляньнем не абышлося без усходніх уплываў, без таго, што расейцы называюць «ваньку валяць».

Клясычны прыклад бажавольнага прыдурваньня — «паводле Лукі славянскае яднаньне».

Быць прыдуркам — значыць заўсёды, да сьмерці падбіраць за паханом. І ўсё дзеля таго, каб не працаваць, як усе. Так піша Клімовіч у «Канцы Гарлагу».


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0