З рэдакцыйнае пошты

 

Адныя бабы

Тое, што калгас уяўляе сабою сапраўдны катух — не навіна. Ёсьць тамака свой пеўнік — старшыня, свае паслухмяныя, усюльпрысутныя і працавітныя куры — сялянкі. Ёсьць і гультаі, абібокі — індыкі ці індычкі, а ў народзе — проста бабы-гой.

Вядома, што жанчыны складалі бальшыню вясковай грамады з-за вайны, якая забрала жыцьці мільёнаў людзей, у тым ліку мужоў гэтых жанчын. Во й дэмаграфічны дысбалянс. Амаль хрэстаматыйным зьяўляецца той факт, што часьцяком старшыня меў па любоўніцы ў кожнае брыгадзе, што ўдовы цалкам залежалі ад волі старшыні і г.д.

І як бы вусьцішна ні гучалі словы Сталіна пра тое, што жанчыны — рэальная і адзіная сіла савецкай сельскай гаспадаркі, трэба згадзіцца з гэтым, бо і сапраўды нашы палі ад вясны да восені стракацяць бялюткімі хусткамі беларускіх кабет.

«Там адныя бабы», — кажа стары, белы старшыня калгасу, выглядаючы ў бінокаль вясковыя палеткі. Хаця ўжо яму і ня трэба дакладаць аб выкананьні плянаў па барацьбе за ўраджай, звычка ёсьць звычка — карціць узгадаць былое: уладу, смак кантролю і маладосьць. Другі дзядок, былы першы трактарыст на ўсю Аршаншчыну, на пытаньне: «Ці шмат люду ў царкве?», адкуль ён кагадзе прыдыбаў, адказаў: «Ніякага люду, адныя бабы!»

Так і жыве Беларусь: то адныя бабы, паводле мужыкоў, то адныя кабеты, паводле інтэлігентаў, выцягваюць краіну з бруду і заняпаду, пасьпяваючы і ў хаце, і на палёх, і ў царкве ці касьцёле, і ў горадзе па справах, і на рынку, і на скрыжаваньні шляхоў перакінуцца слаўцом з суседкамі ці аднавяскоўцамі.

Уладзіслаў Гарбацкі, Віцебск


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0