Постмадэрнізм замест гімнаў

У студыі забароненага “Радыё 101.2” скончаны запіс супольнага альбому беларускіх рок-музыкаў “Я нарадзіўся тут”

 

NRM, KRIWI, Аляксандар Крывашэеў-Памідораў, іншыя музыкі, а таксама мэцэнат і ініцыятар стварэньня альбому “Сьвяты вечар-2000” Алесь Суша (гаспадар бутыку “Camilla” на пр.Машэрава) амаль падрыхтавалі да выданьня новы супольны праект пад назвай “Я нарадзіўся тут”, які мае складацца з рымэйкаў беларускай патрыятычнай клясыкі.

 

У альбом увайшлі “Пагоня”, “Мы выйдзем шчыльнымі радамі”, “Магутны Божа”, “Радзіма мая дарагая”, “Нёман”, але музычна яны вырашаныя зусім нетрадыцыйна. Уперамежку зь імі ідуць новыя, аўтарскія песьні. Першапачаткова плянавалася назваць альбом “Гімны і маршы”, як клясычны альбом, выпушчаны “Нашай Нівай” і хорам “Унія” ў 1998 г., але ўрэшце выбралі назву паводле адной з кампазыцыяў: “Я нарадзіўся тут”.

“Усё гэта патрыятычная лірыка, у тым ліку і аўтарскія творы, — кажа Лявон Вольскі. — Усе яны заклікаюць народ да барацьбы за сьветлую будучыню, за Беларусь, супраць прыгнёту. Адзіная песьня, якая выбіваецца з агульнага кантэксту, гэта песьня Памідорава “Крывавае сьвята”. Было з-за яе шмат спрэчак, пэўная частка музыкаў стаяла за тое, каб яе выкінуць альбо паставіць бонусам (дадаткам. – В.Л.) ці схаваным трэкам (песьняй, не пазначанай на вокладцы. – В.Л.)”.

Цікава выходзіць: з “Каляднага альбому” таксама спрабавалі выкінуць песьню Памідорава, зьбеспраблемілі тэкст, а пасьля яна аказалася ці не адзіным на дыску творам, які ўвогуле можна слухаць. Новы твор – рэпавая драма пра трагедыю на Нямізе з уключаным у тэкст каталіцкім літаньнем. Яго, можаце быць пэўныя, крытыкі назавуць цьвіком гэтага альбому. Пра прычыны ж канфлікту творцы й выдаўца трэба пісаць асобна.

Як і пра тое, чаму на дыску зноў ня будзе “Новага Неба”: Камоцкая ня трапіла ў “Калядны альбом”, бо не пагадзілася зьмяніць тэкст сваёй клясычнай песьні “Чаканьне Калядаў”. Цяпер гісторыя, мабыць, паўтараецца, няма яе і на новай кружэлцы.

— Пасьля запісу каляднага альбому, які сяму-таму здаўся свайго роду “Народным Альбомам — 2”, узьнікла ідэя запісаць яшчэ й вайсковы. Песьні пра нараджэньне, пра сьмерць, пра волю, пра выгнаньне. Карціна праяваў чалавечага жыцьця тут, у Беларусі. Галоўная ідэя — каб кожны чалавек, хто нарадзіўся тут, зразумеў, дзе ён нарадзіўся, каб перастала лічыцца за добры густ ганьбіць сваю радзіму, — кажа Памідораў.

Запіс альбому скончаны. Праўда, “Народны альбом” быў ідэяй Міхала Анемпадыстава, а ён з Алесем Сушам “не спрацаваўся”.

На дыску зьмясьцілася 21 песьня. Цяпер Алесь Суша сканчае працу над вокладкай, якая будзе пабудаваная на фотаздымках усіх удзельнікаў праекту. Ён спадзяецца, што альбом выйдзе ў канцы лістапада — пачатку сьнежня.

Камусьці ў альбоме спадабаецца лірыка (“Толькі ў сэрцы трывожным пачую…”), камусьці панк-вэрсія “Радзімы маёй дарагой...”, камусьці “марш беспрацоўных” на ідыш, пакладзены на злыдневую музыку вельмі нямецкага гурту Rammstein, камусьці вэрсія амэрыканскай народнай песьні “House of the rising sun”, якая большасьці слухачоў вядомая ў апрацоўцы гурту Animals, з аўтарскімі беларускімі словамі. Камусьці ўсё – ужо таму, што ён таксама нарадзіўся тут...

Як і Алесь Суша – чалавек, безь якога ўся гэтая музыка не загучала б.

Вікторыя Ластаўкіна


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0