БІБЛІЯТЭКА

 

Пятро Машэраў жыве ў Маскве

Унуку першага сакратара КПБ адмыслова пакінулі прозьвішча дзеда. Сёньняшні П.Машэраў працуе ў расейскім міністэрстве замежных справаў. Ён — сын малодшай дачкі партыйнага кіраўніка БССР Алены, якая даўно пасялілася ў Маскве.

Аб гэтым можна даведацца з кнігі «Семья Машеровых», прэзэнтацыя якой адбылася 13 лютага ў Горадні. Яе аўтарка Вольга Пронька — родная сястра Машэрава. Яна гарадзенка, выкладала калісьці ў мэдінстытуце. Напісаць успаміны яе прымусілі дзьве прычыны. Па-першае, яе не задавальнялі кнігі іншых аўтараў пра брата, у якіх часам хапала блытаніны. Па-другое, ніхто не пісаў аб вясковым жыцьці сям’і Машэравых, аб умовах, у якіх гадаваўся Пеця.

Выданьнем кнігі апекаваліся абласныя ўлады. Першым яе чытаў кіраўнік справаў аблвыканкаму Сідорчык, другім чытачом быў начальнік упраўленьня грамадзка-палітычнай інфармацыі Амелька. У кнізе ёсьць прысьвячэньне нябожчыку А.Дубку за ягоную дапамогу. Большую частку 3-тысячнага накладу бясплатна разаслалі ў школьныя і клюбныя бібліятэкі. Хай, маўляў, ведаюць, як узьнік «наш нацыянальны герой, як выйшаў зь вясковай глухмені», бо гэта ж «ня проста зьяўленьне Хрыста народу».

Успаміналі аб кіраўніку БССР разам цяперашнія сакратары КПБ і ПКБ. Аб тым, як нябожчык любіў прылятаць зь Белавескай пушчы на верталёце, зірнуць, як расьце збажына. Маўляў, у Бераставіцкім раёне сёньня ёсьць «палетак Машэрава». Адзін з сакратароў нават меў зьмястоўную гутарку аб нябожчыку «ў Англіі, у бібліятэцы імя Леніна».

Прэзэнтацыя адбывалася ў абласной бібліятэцы імя акадэміка Карскага. Галянтны партсакратар зрабіў бібліятэкаркам камплімэнт за належнасьць да «самай прыгожай паловы чалавецтва», супакоіўшы пры гэтым, што «ачарненьне партыі — часовая зьява» і што мы ўсё адно прыйдзем да камунізму...

Аўтарка гаварыла пра брата збольшага штампамі, якіх таксама шмат на 291 старонцы кнігі. Але можна знайсьці і жывыя зьвесткі. Маці — Дар’я Пятроўна — ніколі не жагналася, а пасьля 1920 г. бацькі перасталі хадзіць у царкву. Праўда, да 30-х адзначалі ўсе асноўныя царкоўныя сьвяты, а потым пачалі — савецкія. Абразоў у доме не было, зазначае аўтарка. А яна з малодшай сястрой ужо былі няхрышчаныя. Усяго дзяцей было пяцёра. Бацька ня піў, не курыў і ня лаяўся. Маці любіла сьпяваць, асабліва «Карабейнікі» і «Сьцеп да сьцеп кругом».

Для кантрасту апавядаецца аб сям’і бацькавага брата Міхаіла, у якой елі «зялёную капусту і бульбу ў мундзірах» і дзе ўсё было «церазь пень-калоду, усё гніло, абсыпалася, прападала». А сям’і Мірона, трэба думаць, зайздросьцілі. Аднойчы хтосьці разрабаваў куфар з пасагам. Іншым разам скралі швейную машыну «Зынгер».

Дзеці адбывалі радоўку. Старога лесу, які называўся «Камітэт», не любілі, мала там было травы. Лепшым быў малады — «Ляда». У сям’і быў сабачка Букет.

Аўтарцы запомніўся зімовы выпадак. Пятрок вяртаўся са школы па рацэ. Суседзкі хлопчык зь мянушкай «Бабулька» абазваў яго кепскім словам. Тады «Пётра яго разуў, закінуў валёнкі на высокі бераг і пайшоў».

У 30-м у вёсцы Шыркі, дзе было 22 хаты, пачалі ствараць калгас. Машэравым давялося ўсё сваё аддаць — зямлю, плуг, саху, барану, вазок, сячкарню, арфу. Засталася адно карова Пацеха. Даволі сымбалічна. У першую ж зіму статак «абагуленых кароваў» і ўсе калгасныя коні згінулі празь нястачу корму, хоць раней сена заўжды хапала. За працадні нічога не плацілі. Усё раскрадалася, жыць рабілася горш і горш. На агародах забаранялі сеяць жыта і ячмень. Сенакосу не давалі, саломы з калгасу — таксама. Нават калі хто сам накосіць сена ў лесе або на балоце і прынясе на плячах – усё адно забіралі ў калгас.

Не зважаючы ні на што, Машэравы рабілі ў калгасе: «працадзён у сям’і было шмат, але іх не аплочвалі». У 1931—33 г. елі цуру — суп з вады, хлеба й цыбулі. Ратавала раньняя гародніна і боб. Пеця хадзіў у школу — па 16 км у дзень, а «ў кішэню браў пражаны боб». Аднак аўтарка ня ставіць пад сумнеў калгаснай сыстэмы. Маўляў, у іх папросту быў п’яніца-старшыня, прысланы з гораду, таму ўсё было кепска і людзі гібелі. А вось у суседнім калгасе кіраваў тутэйшы мужык, і жытка была сытная...

Галаву сям’і, Мірона Машэрава, у сьнежні 1937-га арыштавалі, а праз тры месяцы ён памёр у зьняволеньні ад сэрца. Ва ўсякім разе, так паведамілі сямейнікам. Праўда, паведамілі толькі пасьля вайны.

Сяргей Максімовіч

 

В.Пронько, «Семья Машеровых», біяграфічная аповесьць, выданьне абласной друкарні, Горадня, 2000.


Новыя кнігі, дасланыя ў рэдакцыю

 

Гістарычны альманах: Навук., гіст. і краязн. часапіс. № 1 (3), 2000 г. – Горадня, 2000. – 188 с. – Наклад 200 ас.

Новы гістарычны часапіс выходзіць у Горадні пад рэдакцыяй Алеся Краўцэвіча. Сярод матэрыялаў гэтага нумару: А.Кіштымаў дасьледуе эканамічныя падваліны беларускае дзяржаўнасьці пач. ХХ ст., С.Токць вывучае беларускі нацыянальны рух 1920-х праз дакумэнты польскае паліцыі, А.Краўцэвіч разглядае «беларусацэнтрычную» канцэпцыю паходжаньня Вялікага Княства Літоўскага ў артыкуле «Па сьлядох Міколы Ермаловіча».

Прыстань ваўкалакаў: Чарадзейныя казкі: Для дашк. і мал. шк. веку / Уклад. А.Гурскі, Мастак У.Савіч. – Менск: Юнацтва, 2000. – 349 с.: іл. – Наклад 4000 ас. ISBN 985-05-0325-4

Кніга мае вялікі фармат, аздобленая мноствам малюнкаў мастака Ў.Савіча. Гэта, бадай, найлепшы збор чарадзейных казак для дзяцей. Каштуе 2,6 т.р.

І.Шамякін. Пошукі прытулку: Аповесьці: Для ст. шк. веку / Маст. У.Аніська. – Менск: Юнацтва, 2001. – 350 с. – Наклад 3000 ас. ISBN 985-05-0430-7

Ня толькі любцом творчасьці аднаго з апошніх «зуброў» беларускае савецкае літаратуры будзе цікавая аўтабіяграфічная аповесьць Івана Шамякіна «Слаўся, Марыя!»

І.Шамякін. Сэрца на далоні: Раман. – Менск: Мастацкая літаратура, 2001. – 414 с. – (Бел. проза ХХ ст.) – Наклад 4200 ас. ISBN 985-02-0367-6

Адзін з найлепшых раманаў І.Шамякіна прадаецца ў кнігарнях усяго за 750 р. – гэта густоўна аздобленая кніга з сэрыі «Беларуская проза ХХ ст.»

Хроника несостоявшегося времени: Десять лет в зеркале «Белорусского рынка». – Менск: УП «Тэхнапрынт», 2001. – 336 с.: іл. – Наклад 2000 ас. ISBN 985-6373-81-6

Гэта зборнік аналітычных артыкулаў аб праблемах сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Беларусі ў 1991—2000 г., складзены на падставе багатага факталягічнага матэрыялу й дзесяцігадовага маніторынгу падзеяў, фіксаваных журналістамі «Белорусского рынка». Аўтары спрабуюць дасьледаваць адметныя рысы станаўленьня беларускае дзяржаўнасьці праз адлюстраваньне розных аспэктаў жыцьця краю за апошнія дзесяць год.

Х.Нюнька. Мае ўспаміны. – Вільня: Выд-ва «Jusida», 2000. – Наклад 300 ас. ISBN 9955-9337-1-2

Хведар Нюнька, старшыня Таварыства беларускае культуры ў Літве, у кнізе ўспамінаў расказвае пра памятныя імгненьні мінулага стагодзьдзя.

Віктар Мухін


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0